Татьяна Казак: "Буду стараться оправдать оказанное мне доверие"
1
Таццяна Валянцінаўна Казак, настаўніца пачатковых класаў і па сумяшчальніцтву – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1, пра прафесію настаўніцы не марыла.Ёй з дзяцінства падабалася танцаваць. Танцавала яна заўсёды і ўсюды: дапамагаючы маці і старэйшым сёстрам, у школе і на вуліцы. Маці, заўважыўшы такое жаданне дачкі, нават павезла яе ў Мінск паступаць у балетную школу. Але набіралі тады толькі 9 дзяўчынак, прычым з усяго Савецкага Саюза – і, на жаль, прайсці кастынг у Тані не атрымалася. Толькі дзяўчынка не засмуцілася: яна працягвала танцаваць.
– Наш клас быў вялікім – і мы самі арганізавалі танцавальны гурток: ставілі танцы і выступалі на школьных мерапрыемствах. Было вельмі цікава, – успамінае Таццяна Валянцінаўна.
Дзяўчынка бачыла сябе ў будучым «культурным работнікам». У маці ж на гэты конт было іншае меркаванне: яна настойліва раіла дачцэ пайсці ў эканамісты.
Ды толькі лёс распарадзіўся па-іншаму.
Калі Таццяне давялося рабіць выбар, старэйшыя сёстры ўжо вучыліся ў педагагічных універсітэтах. І дзяўчына пад уражаннем ад іх вучобы і практыкі таксама вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі настаўніцы.
– Так сталася, што любімага прадмета ў школе ў мяне не было – я аднолькава добра ведала ўсё. Найбольш любіла маляваць, ставіць казкі і сцэнкі – словам, штосьці ствараць. Усё гэта можна было рабіць з маленькімі дзеткамі. І таму я выбрала Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, спецыяльнасць – настаўніца пачатковых класаў, – расказвае Таццяна Валянцінаўна.
Два гады вучобы праляцелі імгненна – і малады педагог вярнулася ў родную Міхалішкаўскую школу, тую самую, у якой вучылася сама.
– Было страшна: увесь час думала, як прыме мяне калектыў. Але аднесліся да мяне цудоўна – як да роўнай. Дапамагалі, падказвалі – і працавалася лёгка.
Менавіта ў Міхалішкаўскай школе Таццяна змагла ажыццявіць свае школьныя мары: хутка яна арганізавала танцавальны гурток і стала вучыць дзяцей таму, што больш за ўсё любіла сама – танцаваць.
– Гэта было так здорава! Развучвалі танцы, мая маці дапамагала нам шыць касцюмы – і мы выходзілі на сцэну. Невядома, хто гэтаму больш радаваўся: я ці мае пачаткоўцы. Але задавальненне атрымлівалі ўсе. З маленькімі дзецьмі ўвогуле цікава: яны глядзяць табе ў вочы, вераць кожнаму твайму слову – і ты не можаш іх падмануць! Працуючы з вучнямі пачатковых класаў, ты адначасова і настаўнік, і сцэнарыст, і рэжысёр, і акцёр.
У Міхалішкаўскай школе Таццяна Валянцінаўна выправіла ў старэйшыя классы тры выпускі – сёння гэтыя дзеці сталі дарослымі, а некаторыя і самі ўжо выхоўваюць дзяцей.
З Міхалішкамі ў яе ўвогуле звязана шмат цёплых успамінаў, сярод якіх і шчаслівае дзяцінства, калі маленькая Танюшка разам са старэйшымі сёстрамі дапамагалі маці-паштальёнцы разносіць пошту.
Менавіта працуючы ў Міхалішкаўскай школе яна сур'ёзна пачала займацца метадычнай дзейнасцю, якая пасля пераходу ў гімназію №1 г. Астравец вылілася ў публікацыі, а затым – і ў выданне тэматычных распрацавак урокаў, дапаможнікаў і рабочых сшыткаў па прадметах «Чалавек і свет», «Руская мова» і «Літаратурнае чытанне» – сёння імі карыстаюцца настаўнікі пачатковых класаў усёй краіны. Думаецца, яны шчыра ўдзячны Таццяне Валянцінаўне за такі «падарунак».
У Міхалішках яна сустрэла і сваё першае каханне, якое з цягам часу стала яе другой палавінкай. Леанід быў аднакласнікам Танінага брата. Сустракацца яны пачалі, калі Таццяна заканчвала 11 клас. А Леанід на той час ужо быў студэнтам Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Будучы настаўнік дамоў прыязджаў нячаста, а затым і Таццяна стала студэнткай і, адпаведна, рэдкім госцем у доме. Яны пісалі адзін аднаму пісьмы – наколькі лепш яны дапамагаюць спазнаць чалавека, чым сённяшнія СМС-эскі ці нават тэлефонныя размовы!
– Перш чым пабрацца шлюбам, мы прайшлі многа выпрабаванняў, якія расцягнуліся не на год і не на два. Гэта была сапраўдная «Санта-Барбара»: мы то сходзіліся, то разыходзіліся. І ўсё ж засталіся разам, – усміхаецца Таццяна Валянцінаўна. – Мне здаецца, што свайго мужа я ведаю ўсё жыццё. Ён – мая апора і падтрымка. Канешне, вельмі добра, што ён таксама педагог – і таму разумее маю работу.
А работа педагогаў – не з лёгкіх. Асабліва з улікам таго, што прэстыж настаўніцкай прафесіі з кожным годам падае. Маладыя, як правіла, адпрацоўваюць вызначаны тэрмін – і пакідаюць школу. Застаюцца толькі тыя, хто без дзяцей не ўяўляе свайго жыцця. Таццяна Валянцінаўна і Леанід Віктаравіч Казакі – якраз з пароды такіх педагогаў: яны прысвяцілі школе жыццё.
– Асабліва складана, калі рыхтую да друку чарговае выданне. На яго падрыхтоўку адводзіцца адзін месяц – і тады я ўся ў рабоце. Я ўдзячна свайму мужу, што ён мяне разумее і ва ўсім дапамагае.
Таццяна Валянцінаўна ўвесь час знаходзіцца ў пошуку. Сёння яна працуе з другакласнікамі. 10 дзяўчынак і 11 хлопчыкаў штодня чакаюць настаўніцу, якая заўсёды раскажа ім нешта новае, нечым здзівіць, зацікавіць…
– Яшчэ доўга пасля таго, як мае пачаткоўцы пераходзяць на наступную ступень адукацыі, я сачу за іх поспехамі і няўдачамі, гутару з рабятамі, гартаю класны журнал – і вельмі радуюся, калі яны пацвярджаюць свае веды. Потым яны вырастаюць, становяцца студэнтамі – заходзяць у школу ўсё радзей. Але пры сустрэчах заўсёды вітаюцца, размаўляюць – і гэта грэе душу кожнага педагога: значыць, праца была недарэмная і настаўніцкія ўрокі далі парасткі.
Таццяна Валянцінаўна стараецца зацікавіць сваіх школьнікаў навуковай дзейнасцю і алімпіядамі. І яны з задавальненнем адгукаюцца на яе прапановы. Поспехамі сваіх вучняў настаўніца ганарыцца нашмат больш, чым уласнымі перамогамі.
Сёлета Таццяну Валянцінаўну прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 – куратарам работы пачатковых класаў. Але яна не змагла адмовіцца ад сваіх другакласнікаў, ад той справы, якой прысвяціла жыццё. Таму першую палову дня працуе са сваімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, а потым займаецца адміністрацыйнай работай.
– З аднаго боку, гэта складана. Але тое, што я – настаўніца пачатковых класаў, у многім дапамагае ў рабоце. Пачынаць, канешне, было складана. Але калектыў падтрымлівае, дапамагае і, калі надараюцца цяжкасці, мы разам іх пераадольваем.
Таццяна Валянцінаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Яна вырасла ў шматдзетнай сям'і, у якой усе падтрымліваюць адзін аднаго, дзеляцца сваімі радасцямі і бедамі. Побач з ёй – самыя дарагія і любімыя людзі: муж і сын, якія ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу. Ёсць у яе і яшчэ адзін складальнік шчаслівага жыцця: работа, якой яна прысвяціла 22 гады свайго жыцця і якая, нягледзячы на цяжкасці і праблемы, дорыць ні з чым не параўнальную радасць ад штодзённых сустрэч з дзецьмі, ад іх наіўных, шчырых, захопленых вачанят, у якіх свецяцца любоў і давер.
Сям'я Казакоў ніколі не сумуе. Летам яны едуць на рэчку ці ў вёску да бацькоў – там заўсёды знойдзецца работа для ўсіх. Зімой разам чытаюць кнігі. Яны – вельмі актыўныя, і заўсёды знаходзяць сабе занятак: мама выдае кнігі, тата гуляе ў «Што? Дзе? Калі?», сын іграе на гітары, спявае і актыўна ўдзельнічае ў даследніцкай рабоце.
Сёлета любімая дачка, сястра, жонка, мама і настаўніца Таццяна Валянцінаўна Казак была ўдастоена вялікага гонару – яе партрэт рашэннем райвыканкама занесены на раённую Дошку гонару.
– Калі я даведалася пра гэта, здзівілася: у нашым раёне вельмі шмат годных педагогаў, з вялікім вопытам работы і дасягненнямі – чаму менавіта я? – паціскае плячамі Таццяна Валянцінаўна. – І тым не менш, канешне, было прыемна. Буду старацца апраўдаць аказаны мне давер.
Можна не сумнявацца, што гэта ў яе атрымаецца!
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
