Танцавалі піянеры
Весела, арыгінальна і ярка адзначыла нядаўна астравецкая моладзь дзень стварэння грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Яны не збіраліся на мітынгі і не арганізоўвалі афіцыйных мерапрыемстваў, а весела “патусаваліся” пад сучасныя хіты і паўдзельнічалі ў цікавых конкурсах падчас раённай піянерскай дыскатэкі, якая прайшла ў Доме культуры “Галактыка” і была прысвечана ўрачыстасці.
Адзначыць урачыстасць вось такім неардынарным спосабам і арганізаваць дыскатэку вырашылі сумесна Астравецкі цэнтр пазашкольнай работы і ГА “БРПА”.
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі члены піянерскіх дружын гімназіі №1 і СШ №1 г.п. Астравец, Варнянскага НПК, Гервяцкай і Спондаўскай сярэдніх школ, Кямелішкаўскага НПК, Рытаньскага дзіцячага садка-СШ і Трокеніцкай базавай школы. Усе яны задорна танцавалі пад вядомыя сучасныя кампазіцыі, якія для рабят падбіралі і “круцілі” DJ Hacker і DJ Snowface. І яшчэ раз на справе пацвердзілі ісціну, што вясёлая музыка і пазітыўны настрой – запарука паспяховага правядзення любога свята.
Распачалі дыскатэку ўдзельнікі студыі “Grand” – музыка, якую выканалі юныя артысты, прыйшлася па душы ўсім прысутным. Затым на сцэне з’явіліся лідары піянерскіх дружын гімназіі і СШ №1 з новымі і цікавымі конкурсамі. Удзельнікі і пераможцы ў выніку атрымалі салодкія прызы і сувеніры. Пасля праграму прадоўжыў танцавальны калектыў “Non-Stop”. У дзяўчат-удзельніц была вялікая група падтрымкі – разам з імі пад энергічныя мелодыі танцавала ўся зала. А напрыканцы мерапрыемства выступіў MC DisPlay.
Дадому ўсе вярталіся з выдатным настроем. І значыць, гэта цудоўная нагода, каб такія мерапрыемствы арганізоўваліся часцей.
Марына МАЦКЕВІЧ.