Талантливые и одарённые дети Островетчины отдохнули с пользой в лагере "Олимпионик"
Сёмы год самыя таленавітыя і адораныя дзеці збіраюцца ў раённым летніку «Алімпіёнік». Сёлета – зрэшты, як і ў мінулым годзе – летнік размяшчаўся на базе Варнянскай школы. 30 школьнікаў рознага ўзросту тут не толькі адпачывалі, але і вучыліся.
Пад «Алімпіёнік» быў адведзены другі паверх Варнянскай школы. Некалькі класных памяшканняў на гэты час ператварыліся ў спальныя пакоі, у астатніх ішлі заняткі.
Сёлета ў «Алімпіёніку» дзеці ўдасканальвалі веды па пяці прадметах: беларускай, рускай і англійскай мовах, матэматыцы і біялогіі. Кожны дзень да абеду са школьнікамі працавалі лепшыя настаўнікі з гімназіі №1, СШ №1 і Варнянскага НПК – тыя, у каго ёсць вопыт работы па падрыхтоўцы пераможцаў і прызёраў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.
– Упершыню я прыехала ў «Алімпіёнік» у мінулым годзе. Мне вельмі спадабалася – і таму сёлета я зноў тут. У гэтым годзе вырашыла ўдасканаліць веды па біялогіі. Вельмі падабаецца гэты прадмет, і ўжо ёсць невялікія поспехі ў яго вывучэнні – сёлета на раённай алімпіядзе па біялогіі я атрымала Дыплом ІІІ ступені, – расказвае камандзір атрада Каця Юшкевіч. – Займаліся мы па дзве гадзіны ў дзень – і гэта зусім не складана. Наадварот, вельмі цікава. На ўроках мы вывучалі школьную праграму, тут даведваліся пра тое, што ў праграму не ўключана.
Атрад «алімпіёнікаў» насіў назву «Школа будучыні». Пра гэта расказваў і стэнд, на якім хлопчыкі і дзяўчынкі, што адпачывалі ў «Алімпіёніку», расказалі, як яны дабіраліся ў Варняны, што іх цікавіць і нават стварылі своеасаблівую эмблему свайго любімага летніка.
– Усе дзеці, што сёлета прыязджалі ў наш летнік, былі вельмі актыўнымі, – расказвае выхавацельніца Алена Эдвардаўна Масейка. – Нягледзячы на тое што яны вучацца ў розных школах, былі вельмі хутка знайшлі агульную мову. Канешне, нашы выхаванцы – інтэлектуалы, але нельга сказаць, што іх цікавяць толькі вучэбныя прадметы: ім падабаецца спорт, яны з задавальненнем наведваюць гурток па выяўленчым мастацтве, які вядзе Людміла Іванаўна Кухарэвіч, – напрыканцы змены мы арганізавалі цудоўную выставу работ нашых выхаванцаў. З такім жа вялікім жаданнем мы падарожнічалі: наведалі фестываль-кірмаш у Камарова, праехалі па раёне і Нарачанскім краі. Словам, ні мы, ні рабяты тут не сумавалі.
А ўсё таму, што сумаваць у «Алімпіёніку» не было калі. Начальнік летніка Алена Іванаўна Юркойць разам з выхавацельніцамі Аленай Эдвардаўнай Масейка і Кацярынай Эдуардаўнай Бабіч распланавалі кожны дзень дзіцячага адпачынку. Рабяты таксама ўнеслі свае прапановы ў гэты план. І таму кожны дзень быў распісаны літаральна па хвілінах: інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, ток-шоу, круглыя сталы і сустрэчы, дні навук і творчасці…
– Такі летнік патрэбны і дзецям, і нам, педагогам, – упэўнена настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Таццяна Вадзімаўна Берняковіч. – Тут рабяты не толькі адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе, але і ўдасканальваюць веды. У нашых школьнікаў ёсць права выбару прадмета. Напрыклад, у гэтым годзе заняткі па рускай мове наведвалі Рэната Мацкевіч, Вера Сівец, Яна Кавалеўская, Віка Авілкіна і іншыя дзеці, у якіх ужо ёсць поспехі на алімпіядах па рускай і беларускай мове. Гэта нашы маленькія «зорачкі», якія з часам павінны вырасці і засвяціцца яшчэ ярчэй.
– Ужо другі год нашы выхаванцы «маладзеюць», – расказвае дырэктар летніка Алена Іванаўна Юркойць. – Сёлета ў «Алімпіёніку» адпачывалі дзеці ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Прычым дзяўчынак значна больш – і гэта тэндэнцыя апошніх гадоў: дзяўчаты, як правіла, сёння больш актыўныя, чым хлопцы.
Словам, адпачынак у «Алімпіёніку» прайшоў належным чынам – дзеці адпачылі, настаўнікі папрацавалі – і ўсе засталіся задаволены.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
