Своё семейное счастье Юлия и Виталий Зезюлевичи создают своими руками
З маладой, прыгожай і таленавітай сям’ёй Зезюлевіч з Гудагая лёс звёў мяне падчас правядзення рэдакцыйнага конкурсу на самую прыгожую ёлачку – мама Юлія, тата Віталь і маленькая Даша сталі яго пераможцамі. Тады я і даведалася, што навагодняе дрэўца – не адзіны выраб, які сям’я стварыла разам. І захацелася пазнаёміцца з імі бліжэй.Юля пазнаёмілася з Віталем выпадкова. На той час дзяўчына вучылася ў Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, пра паступленне ў які марыла бадай што з дзяцінства. Юля любіла матэматыку, заўсёды беражліва адносілася да кішэнных грошай, якія ёй выдавалі бацькі, умела эканоміць і лічыць свае даходы і расходы. Прыкладам для пераймання прафесіі была і мама, якая прысвяціла сваё жыццё спажывецкай кааперацыі. Менавіта таму выпускніца гімназіі №1 вырашыла атрымаць прафесію бухгалтара.
Падчас аднаго са сваіх прыездаў з Гомеля ў Астравец Юля і сустрэла будучага мужа.
– Было гэта летам. З-пад кароткага рукава сарочкі Віталя выглядвала татуіроўка – такая ж, як была на руцэ майго таты, – успамінае Юлія іх першую сустрэчу.
Аказалася, што Віталь, як і тата Юлі, служыў у паветрана-дэсантных войсках. Гэта і стала першапрычынай іх знаёмства, якое паступова перарасло ў сустрэчы, калі дзяўчына з Гомеля прыязджала ў Астравец.
А потым сяброўства перарасло ў нешта большае. Патаемны агеньчык кахання стаў разгарацца ў іх душах усё мацней. Сустрэч раз у месяц было мала, таму Віталь часцяком ехаў да каханай дзяўчыны ў Гомель, праводзіў там дзень і вяртаўся назад. Праз паўгода пасля першай сустрэчы ў Юлі пачалася практыка ў Астравецкім філіяле спажыўтаварыства – маладыя людзі маглі бачыцца часцей.
У жніўні 2012 года Юля і Віталь абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі – і сталі сям’ёй.
– Літаральна праз год у нас нарадзілася Даша, – расказвае Юля. – Любіміца нашых мамаў і бабуляў. Некалі свякроўка марыла, каб у яе нарадзілася дачка, але Бог паслаў двух сыноў, таму зараз яна ўсю сваю любоў аддае нашай Дашулі.
Некалькі месяцаў назад Даша пайшла ў дзіцячы сад, а Юля выйшла на работу – сёння яна бухгалтар Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства: і да сваёй работы адносіцца акуратна і старанна. Гэтаксама, як і да сваіх захапленняў.
Зрэшты, сям’я Зезюлевіч усё робіць разам – разам адпачываюць і працуюць над абуладкаваннем сямейнага гняздзечка, ходзяць у царкву і касцёл: Віталь – католік, а Юлія – праваслаўная, таму маладая сям’я адзначае рэлігійныя святы абедзвюх канфесій. І разам тата, мама і іх маленькая дачушка ствараюць сваё шчасце ўласнымі рукамі.
Прыгожыя рэчы, кветкі і творчасць з дзяцінства суправаджалі жыццё Юліі. Яе сям’я жыла ва Ушачах у асабістым доме, дзе кветкі займалі галоўнае месца. Шмат іх было і на прысядзібным участку.
– Любоў да кветак у мяне ад мамы. Помню, у дзяцінстве я заўсёды дапамагала ёй з пасадкай і праполкай клумбаў. І цяпер стараюся, каб каля дома і ў доме раслі кветкі. Асабліва люблю фіялкі і фікусы – ім заўсёды знаходжу месца.
З пачатковых класаў дзяўчынка наведвала гурткі ў Доме рамёстваў: вучылася вышываць гладдзю і крыжыкам, рабіць прыгожыя рэчы з саломкі. А потым Юля з мамай вярнуліся ў Астравец – тут жыла яе бабуля, настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Юлія Васільеўна Тумкевіч. Менавіта на гуртках, якія бабуля праводзіла для сваіх пачаткоўцаў, дзяўчынка навучылася вязаць.
З цягам часу ўзніклі іншыя захапленні – і творчасць і жаданне ствараць прыгажосць сваімі рукамі адышлі на другі план.
– Толькі ў дэкрэтным адпачынку я зразумела, што мне хочацца нешта рабіць сваімі рукамі, – расказвае Юля. – Пасля вяселля мы год пражылі ў Астраўцы, а потым пераехалі ў Гудагай. Пасёлак мне спадабаўся. Канешне, спачатку было крыху сумна, але потым з’явіліся знаёмыя. Калі нарадзілася Даша, я пазнаёмілася з многімі маладымі мамамі. На жаль, у Гудагаі няма месца, дзе можна было б сустракацца мамам з дзецьмі, – затое ёсць цудоўная тэрыторыя каля школы, якая з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках: тут разумееш, што сапраўдныя гаспадары ствараюць прыгажосць.
Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, жанчына вырашыла ўспомніць урокі вышыўкі, атрыманыя яшчэ ва Ушачах. На той час маладая сям’я якраз задумалася пра будаўніцтва ўласнага дома – і сюжэтам першай вышыванкі стаў утульны вясковы дом, які патанае ў курчавай зеляніне дрэў і кветак.– Вышывала гэтую карціну я доўга – у перапынках паміж сном Дашы і хатнімі клопатамі, – усміхаецца маладая мама. – Зрэшты, знайсці час на любімую справу складана, але можна. Усё, што раблю, расцягваецца часам не на тыдзень, а на месяц – але я абавязкова заканчваю пачатую справу.
Ідэі для творчасці Юля часцей за ўсё знаходзіць у інтэрнэце. Сёння яна можа пахваліцца не толькі вязанымі рэчамі і вышытымі карцінамі, але і цудоўнымі вырабамі з бісеру і гафрыраванай паперы, заколкамі, абадочкамі і гумкамі, выкананымі ў тэхніцы канзашы, якімі яна з задаваленнем упрыгожвае валасы дачушкі; непаўторнымі кветкавымі дрэўцамі-тапіарыямі, што ствараюць утульнасць у пакоях сям’і Зезюлевіч.
– Калі бяруся за ажыццяўленне сваёй чарговай задумкі, адразу ж шукаю для яе месца ў сваім новым доме – і тады работа ідзе хутчэй і весялей, – дзеліцца Юлія. – Хаця многія вырабы ўжо перамясціліся ў дамы нашых родных, сваякоў і сяброў – мне падабаецца рабіць падарункі.Пасля выхаду на работу жаданне тварыць не знікла: цяпер жанчына вучыцца плесці з газетных трубачак. І калі глядзіш у яе захопленыя вочы, верыш, што ўсё ў яе атрымаецца.
– У мяне шмат мараў. Адна з іх – навучыцца вязаць кручком. Спадзяюся, што ў гэтым дапаможа бабуля. Але гэта планы на наступны дэкрэтны – я ўпэўнена, што ў сям’і павінна быць двое дзетак. Памочніца ў мяне ўжо ёсць, цяпер трэба шукаць памочніка для таты. Ды і Даша просіць сястрычку ці браціка.
Тата Віталь
– Віталь заўсёды падтрымліваў мае захапленні, хаця многія з іх каштуюць нятанна, – расказвае Юля. – Больш таго: звычайна муж і купляе усё, што мне неабходна для творчасці. Я складаю спіс, а вечарам атрымліваю ўсе неабходныя матэрыялы.
Дарэчы, некаторыя з вырабаў, якія сёння ўпрыгожваюць іх жыллё, Юлія і Віталь рабілі разам. Так было, калі маладая сям’я прачытала ў “Астравецкай праўдзе” анонс пра правядзенне навагодняга конкурсу.
Ініцыятарам удзелу ў ім стаў Віталь, які ў чарговы раз закупіў усе неабходныя матэрыялы, падрыхтаваў аснову для навагодняй прыгажуні, а потым разам з жонкай і дачушкай упрыгожваў ёлачку.
– А колькі было радасці, калі мы сталі пераможцамі! – шчасліва ўсміхаецца Юля. – Так пашанцавала: упершыню ўдзельнічалі ў конкурсе – і адразу перамаглі!
Як аказалася, Віталь не толькі дапамагае жонцы ў яе пачынаннях. Ён, як сапраўдны мужчына, будуе ўласны дом – прычым усё робіць сам.– Калі было прынята рашэнне аб будаўніцтве дома, нам прапанавалі ўчасткі ў Гудагаі і Малях. Муж родам з Гудагая, і на сямейным савеце было прынята рашэнне будавацца тут. За ажыццяўленне ідэі ён узяўся сам, а дапамагаюць яму яго брат і мой айчым.
“Каробка” ўжо стаіць – справа за аддзелачнымі работамі, якія маладая сям’я таксама збіраецца рабіць сваімі сіламі, ды за добраўпарадкаваннем падвор’я.
– Першыя пладовыя дрэўцы і кусты, а таксама дэкаратыўныя дрэвы на сваім участку мы ўжо пасадзілі – і зрабілі гэта таксама разам. А нядаўна ў Віталя з’явілася яшчэ адно захапленне – ён заняўся кавальскай справай, – раскрывае Юлія сакрэты мужа. – Большасць неабходных для коўкі прыстасаванняў Віталь зрабіў сам. І калі ён прынёс мне выкаваны падсвечнік з ружай, я, па праўдзе кажучы, анямела.
У Віталя шмат планаў па ўдасканаленню свайго кавальскага майстэрства. Думаю, на асабістым участку і ў новым доме, які з такой любоўю і адказнасцю ўзводзяць Юлія і Віталь, знойдзецца месца для яго вырабаў.
Кажуць, кожны сам куе сваё шчасце. У сям’і Зезюлевіч усё так і атрымліваецца: Віталь будуе дом, Юлія ўжо сёння рыхтуе для яго аздабленне, а маленькая Даша аб’ядноўвае сям’ю.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Зезюлевіч.


