Сустрэча, пасля якой захацелася пісаць вершы на беларускай мове

У Варнянскім яслях-садзе – сярэдняй школе штогод ладзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі. У Галерэю шаноўных гасцей школы занесены імёны Адама Мальдзіса, Валянціны Коўтун, Сяргея Панізніка, Уладзіміра Арлова, Юркі Голуба, Вячаслава Рагойшы, Рычарда Бялячыца і іншых.

А ў лютым варнянскія школьнікі мелі магчымасць крыху бліжэй пазнаёміцца і з журналісткай і пісьменніцай Нінай Аляксееўнай Рыбік.


Напярэдадні Дня роднай мовы да нас у школу завітала член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда”, цікавы суразмоўца і незвычайна абаяльная жанчына Ніна Аляксееўна Рыбік. Сустрэча праводзілася ў фармаце дыялогу, і гэта дало нам цудоўную магчымасць даведацца пра думкі Ніны Аляксееўны, яе меркаванні па розных тэмах. Вучні задавалі пытанні, цікавіліся творамі пісьменніцы, планамі на 2015 год, яе сямейным жыццём, любімымі заняткамі і сакрэтамі прафесійнага поспеху. Юным паэтам Ніна Аляксееўна дала карысныя парады і пажаданні пісаць і надалей.

Асабіста мяне здзівіла, што Ніна Аляксееўна вельмі сур’ёзна аднеслася да сустрэчы: не толькі адказвала на пытанні, але і цікавілася нашымі справамі. А напрыканцы наша госця выказала словы падзякі ўсім прысутным за вершы, якія гучалі ў выкананні школьніц Вадарыны Аўгуль і Кацярыны Сінькевіч, і, канешне ж, за любоў да роднай беларускай мовы. Мы ў сваю чаргу пажадалі Ніне Аляксееўне прафесійных поспехаў, новых цікавых ідэй, здзяйснення мар і надзей.

Цудоўна, што такімі таленавітымі людзьмі, як Ніна Аляксееўна Рыбік, багата наша Астравеччына! Яны натхняюць падрастаючае пакаленне на творчасць і добрыя справы.

А мне пасля гэтай сустрэчы захацелася пісаць вершы на сваёй роднай беларускай мове...


-------------------------------------------------

Вольга ЛУКША, вучаніца 11 класа Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы.