Средняя школа №2 обрела новую жизнь
У пачатку бягучага года, а калі быць больш дакладнай, то 2 студзеня 2015 года, у Астраўцы было падпісана рашэнне райвыканкама аб адкрыцці ў нашым горадзе сярэдняй школы №2.З першымі дзянькамі новага каляндарнага года будынак былой гімназіі, а калі капнуць крыху глыбей, то былой сярэдняй школы №2, зажыў новым жыццём.
Менавіта з пачаткам новага каляндарнага года сюды сталі «перасяляцца» некаторыя настаўнікі і вучні з сярэдняй школы №1, а яе дырэктарам быў прызначаны былы намеснік дырэктара сярэдняй школы №1 Антон Часлававіч Трэйгіс.
– Нам хацелася, каб увесь працэс утварэння новай навучальнай установы прайшоў бязбольна і для школьнікаў, і для настаўнікаў. Менавіта таму мы вырашылі дзяліць дзяцей не па тэрытарыяльным прынцыпе, а па класах. Так, пачатковыя класы з СШ №1 «пераязджалі» ў СШ №2 цалкам, разам са сваімі настаўнікамі. Гэтаксама было зроблена і з тымі пачатковымі класамі, якія засталіся нам у “спадчыну» ад гімназіі, – расказвае сённяшні дырэктар новай навучальнай установы Антон Часлававіч Трэйгіс.
Шлях Антона Часлававіча ў педагогіку быў простым. На той час многія яго старэйшыя сябры паступалі ў Мозырскі педагагічны інстытут. А тут яшчэ і класны кіраўнік Анатоль Анатольевіч Бацюлеў настойліва рэкамендаваў юнаку ісці ў педагогі. І Антон пайшоў – а пасля заканчэння інстытута вярнуўся на радзіму: працаваў у Гірах, потым у Лошскай базавай школе, затым сярэдняй школе №1. За гэты час ён паспрабаваў сябе ў розных ролях: быў і настаўнікам, і намеснікам дырэктара, і дырэктарам. І сёння з упэўненасцю сцвярджае, што школа – гэта яго жыццё.– У сям'і мяне разумеюць: жонка таксама працавала ў школе і ведае ўсю адказнасць, якая кладзецца на плечы педагога, таму ніякіх непаразуменняў не ўзнікае, – дзеліцца Антон Часлававіч. – У любой прафесіі ёсць свае плюсы і мінусы. Самае складанае, што ты ў адказе за педагагічны калектыў і за сотні дзіцячых жыццяў, бо менавіта ад цябе, твайго прафесіяналізму залежыць, якімі будуць нашы нашчадкі.
Сёння ў сярэдняй школе №2 працуе 48 настаўнікаў і вучыцца 458 школьнікаў, якія аб'яднаны ў 23 класы. Асаблівасцю гэтай школы з'яўляецца тое, што большая палова дзяцей – 270 – гэта вучні пачатковых класаў. А яшчэ тое, што самымі старэйшымі школьнікамі тут з'яўляюцца дзесяцікласнікі.
– Мне даверылі самому сабраць адміністрацыю. І я вельмі рады, што ўсе, да каго я звярнуўся з прапановай стаць маімі намеснікамі, мне не адмовілі, – гаворыць Антон Часлававіч. – Сёння побач са мной працуюць Інна Іванаўна Семянчук – адзіная з усіх маіх намеснікаў, у каго быў вопыт кіраўніцкай дзейнасці, а таксама Вольга Іванаўна Грынцэвіч, Наталля Генрыхаўна Захарэвіч і Алена Гендрыкаўна Сільвановіч. Усіх іх я ведаў, калі працаваў намеснікам дырэктара сярэдняй школы №1. Гэта адказныя настаўнікі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а значыць, і як адміністрацыйныя работнікі яны таксама змогуць сябе зарэкамендаваць.
Склаўся і педагагічны калектыў. У мінулым навучальным годзе ў СШ №2 было 7 сумяшчальнікаў. А ўжо сёлета сюды прыйшлі дзевяць маладых спецыялістаў.
Нягледзячы на тое што новай установе няма яшчэ і года, пахваліцца ўжо ёсць чым. Па-першае, тут быў створаны першы ў нашым раёне спартыўны клас. Сёння ў ім займаюцца вучні 6 класа. Асаблівасць яго ў тым, што са школьнікамі працуе не настаўнік фізічнай культуры, а трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ігар Дзмітрыевіч Гануліч, які і рыхтуе будучых лёгкаатлетаў.
Ёсць у школьнікаў і ўзнагароды рознага ўзроўню. Большасць з іх, канешне, раённага маштабу, але ёсць і абласныя. Адна з такіх – перамога Ганны Пятровіч на абласной навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Край Гарадзенскі». Парадавала настаўнікаў і перамога Эльвіры Баравік на абласной выставе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Маладыя таленты Панямоння», радуюць спартыўныя дасягненні школьнікаў.
Сярэдняя школа №2 яшчэ толькі праходзіць сваё станаўленне, тут не толькі нараджаюцца новыя традыцыі, але і захоўваюцца тыя, якія засталіся ад мінулай навучальнай установы. Як прыклад, зберагаецца музейная спадчына. Новы кіраўнік школьнага музея Жанна Станіславаўна Мятлеўская працягвае справу, пачатую Вольгай Тадэвушаўнай Лябецкай: абнаўляюцца экспазіцыі музея, вырабляюццца новыя стэнды – як і раней, дзеці і настаўнікі з задавальненнем праводзяць у школьным музеі класныя гадзіны і пазашкольныя мерапрыемствы.– Вялікую ўвагу мы надаём выхаваўчай рабоце, – адзначае Антон Часлававіч. – Сёння вельмі важна аб'яднаць педагогаў, нашых вучняў і іх бацькоў, бо толькі пры разуменні і падтрымцы ўсіх удзельнікаў навучальнага і выхаваўчага працэсаў можна чагосьці дасягнуць.
-----------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
