Спортивно-туристический лагерь в Михалишках собрал самых смелых школьников

У Міхалішках адгудзеў яскравымі прыгодамі летнік “Вандроўнік”. Трэці год запар спартыўна-турыстычны лагер на дзевяць дзён сабраў самых смелых і моцных духам.


Дагэтуль турыстычны летнік размяшчаўся ў вёсцы Альхоўка, а сёлета змяніў месца дыслакацыі: палаткі разбілі на высокім беразе ракі Вілія, паблізу Міхалішкаўскай сярэдняй школы. Тут табе і прыгожыя пейзажы, і турыстычная рамантыка і нават экстрым.

У гэтым годзе лагер налічваў 25 выхаванцаў: 13 школьнікаў з Міхалішкаўскай сярэдняй школы, астатнія – навучэнцы  Гудагайскай, Гервяцкай, Альхоўскай і Варнянскай школ. Дарэчы, вучні апошніх дзвюх школ традыцыйна “запісваюцца” ў “Вандроўнік”, таму што ведаюць: тут сумна не бывае. Адказную ролю выхавальнікаў узялі на сябе Ірына Альгердаўна Яхімовіч, Яніна Іванаўна Куцька і Алена Аляксандраўна Гразнова. Інтструктарам  па фізічнай культуры быў Мікалай Веніямінавіч Трафімчык. А Святлана Іванаўна Мацкевіч, якая заўсёды з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам школьных турыстычных гурткоў, паходаў і турзлётаў, была дырэктарам лагера.

Лагерная змена называлася “Стоянка РУВ” (ребята, умеющие выжить. – Заўв. аўт.). Менавіта гэты дэвіз адлюстроўвае жыццё летніка. Выхавальнікі і дзеці паставілі перад сабой задачу: навучыцца жыць у палявых умовах, адносіцца з беражлівасцю да прыроды, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

Не абышлося і без спецыяльных пазнавальна-забаўляльных праграм. Абавязковая турыстычная паласа перашкод, спаборніцтвы, гульні – гэта далёка не ўвесь спіс мерапрыемстваў, якія праходзілі ў летніку. Валанцёры Міхалішкаўскай сярэдняй школы “Анёлы”  правялі трэнінгі па здаровым ладзе жыцця. А 22 чэрвеня разам з дэлегацыяй ветэранаў “вандроўнікі” падтрымалі мітынг,  прысвечаны Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, былі арганізаваны экскурсіі ў Смаргонскі гісто-рыка-краязнаўчы  музей і ў гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына”.

– У апошні час дзецям не хапае свабоды, – лічыць  Святлана Іванаўна Мацкевіч, дырэктар палатачнага летніка. – Школьных турыстычных паходаў на адзін дзень не дастаткова. Дзевяць дзён самастойнага жыцця – вось што сапраўды патрэбна. Безумоўна, карысць ад такіх лагераў ёсць. У дзяцей выпрацоўваюцца навыкі самастойнага жыцця, здольнасці выжываць у прыродных умовах, прывіваецца любоў да прыроды, жаданне аберагаць яе, захоўваць чысціню і парадак.


---------------------------

Кацярына СЯРГЕЙ.