Специалисты по творчеству собрались в Островецком центре творчества детей и молодёжи на областной семинар-презентацию
Абласны семінар-прэзентацыя “Дадатковая адукацыя як рэсурс асабовага развіцця дзяцей і моладзі” прайшоў на базе Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.Сюды за абменам вопытам з’ехаліся спецыялісты па творчасці з усёй вобласці. А паглядзець было на што і набрацца вопыту было дзе. Бо ўжо адразу вока чаплялі прыгожыя вырабы выхаванцаў цэнтра, прадстаўленыя на выставе “Мы славім астравецкі край!”. А пакуль госці збіраліся, для іх была праведзена невялікая экскурсія – знаёмства з цэнтрам.
Асноўная частка мерапрыемства праходзіла ў актавай зале цэнтра. Адразу ўсіх гасцей на астравецкай зямлі прывіталі маленькія выхаванцы. Ад імя аддзела адукацыі пра сістэму адукацыі і ўзаемадзеянне яе з цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч.
Хто можа расказаць аб сваім караблі, яго дружнай камандзе і выбраным курсе плавання лепш, чым яго капітан? Так вобразна можна назваць ЦТДіМ, яго калектыў і дырэктара Наталлю Уладзіміраўну Сянюць. Трэба адзначыць, што за час яе кіраўніцтва цэнтр можа пахваліцца не толькі сваімі шматлікімі дасягненнямі і перамогамі, але і змяненнем знешняга выгляду. Ва ўстанове быў зроблены рамонт – ад чаго працаваць, натхняцца і ствараць разам са сваімі выхаванцамі шэдэўры прыгажосці стала яшчэ больш прыемна і ўтульна. Наталля Уладзіміраўна падчас выступлення расказала пра дзейнасць ЦТДіМ, спынілася больш падрабязна на традыцыяй і навацыях, а таксама падзялілася асноўнымі метадамі і накірункамі работы. Усё сказанае ў пацвярджэнне суправаджалася адпаведным відэаролікам.
А каб прысутныя ўпэўніліся, што ўсё пералічанае – не пустыя словы, арганізатары семінара выпусцілі на сцэну “цяжкую артылерыю” вакалу – фальклорную групу “Міхалінкі” пад кіраўніцтвам Святланы Чаславаўны Шаблінскай. Хто хоць раз бачыў гэтых усмешлівых, прыгожых, сонечных дзяўчат, чуў мілыя і пералівістыя званочкі іх галасоў, назіраў за натуральным і шчырым артыстызмам падчас іх выступлення, ужо дакладна не зможа забыць астравецкіх “Міхалінак”.
Як можна з непатрэбных кавалачкаў тканіны ці скурак стварыць карціну або арыгінальную кампазіцыю? Якім чынам звычайная салома ператвараецца ў залатагрывых прыгажуноў-конікаў, узнёслых анёлаў, розных памераў і фасону скрыначкі ці букет шыкоўных руж ці рамонкаў? Або як грубаватая мешкавіна можа стаць прыгожай і вытанчанай прынцэсай ці па-сваяцку добрай і душэўнай бабулькай? Ці як пад узмахам пэндзля белы ліст пераўтвараецца ў карціну? Аб усім гэтым майстэрстве-чараўніцтве, якое называецца дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, расказала намеснік дырэктара ЦТДіМ Вераніка Мар’янаўна Малышка. Ды не проста расказала, але і пазнаёміла гасцей з сапраўднымі прафесіяналамі гэтай справы і іх работамі: Аляксандра Мікалаеўна Букель, Наталля Вацлаваўна Рынковіч, Валянціна Вільеўна Віннічак – пераможцы разнастайных конкурсаў, лаўрэаты намінацый, таленавітыя выкладчыкі, якія вучаць дзяцей ствараць неперадавальную прыгажосць.
А яшчэ ў чарговы раз можна было ўпэўніцца, што ніякія, нават самыя шчырыя словы не заменяць жывога сузірання. Бо як толькі пачалася прэзентацыя тэатра моды “Залаты вернісаж” з дэманстрацыямі калекцый “Залатая саломка”, “Цуды выцінанкі” і “Пэчворк”, большая частка прысутных стала здымаць дэфіле на фотаапараты і мабільныя тэлефоны.
Аб тым, як весела і карысна адпачываць у аздараўленчым летніку “Вясёлка” і як увогуле дзейнічае піянерскі актыў, расказала намеснік дырэктара Рыта Эдмонтаўна Дрэма. А дапоўніў яе і паведаміў пра свае справы і акцыі валанцёрскі атрад “Надзея” з Гервяцкай СШ.
Зацікавіць дзяцей гурткамі па інтарэсах падчас школьнага тыдня – справа прывычная. А вось як арганізаваць іх вольны час у шосты школьны дзень – ды так, каб гэта было і цікава, і карысна, і лёгка на ўспрыманне? Тут на дапамогу прыходзіць такая форма маладзёжнага адпачынку, як дыскатэка. Такія мерапрыемствы рэгулярна праводзіць ЦТДіМ, пра што і расказала культарганізатар Ганна Пятроўна Захарыч. Акрамя тэматычных дыскатэк, тут таксама нярэдка праходзяць забаўляльныя гульні і конкурсы: да прыкладу, КВЗ, канцэрт рэпераў, конкурс дзіджэяў. А тое, што дзеці ўмеюць прыгожа, задорна і грацыёзна танцаваць удзельнікі семінару ўпэўніліся падчас выступленняў харэаграфічных калектываў “Нон-стоп” (кіраўнік Наталля Валянцінаўна Янкоўская) і “Астравок” (кіраўнік Алена Пятроўна Власенка).
Якія формы выкарыстоўваюцца для прафілактычнай работы з дзецьмі, што знаходзяцца на ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх, расказала педагог сацыяльны Святлана Уладзіміраўна Каспяровіч. Як узаемадзейнічаюць паміж сабой асноўная і дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў раёне, паведаміла намеснік дырэктара Гудагайскай СШ Ірына Мікалаеўна Жалток. Пра тое, як супрацоўнічаюць і сумесна арганізоўваць спартыўна-масавы адпачынак для школьнікаў ЦТДіМ і раённы спартыўна-аздараўленчы клуб, расказаў дырэктар клуба Леанід Станіслававіч Даўляш.
А цуд мылаварэння проста на вачах прысутных прадэманстравала разам са сваімі выхаванцамі педагог цэнтра Святлана Казіміраўна Куцько.
Удзельнікі семінара наведалі таксама і інфармацыйны цэнтр АЭС, дзе аб ходзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі ім у цікавай форме расказалі валанцёры цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Завяршыўся абласны семінар абменам уражаннямі і падвядзеннем вынікаў. Рабоце Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі была выстаўлена высокая адзнака. Аднак гэта не падстава спыняцца на дасягнутым, а нагода імкнуцца да новых вяршынь і перамог.
------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
