Специалисты центров творчества детей и молодёжи из Беларуси побывали в образовательном туре по Германии и Чехии

Сёлета Міністэрства адукацыі стала арганізатарам адукацыйнага туру для спецыялістаў цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі і дашкольных устаноў адукацыі ў Германію і Чэхію. Адной з удзельніц міжнароднай праграмы стала дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць.

Падарожжа педагогаў – а гэта дваццаць дзевяць чалавек з усёй рэспублікі – доўжылася сем дзён. За гэты час яны наведалі некалькі ўстаноў дадатковай і дашкольнай адукацыі, культурна-гістарычныя мясціны Германіі і Чэхіі, міжнародную выставу “Дзідакта-2014”, якая праходзіла ў Штутгарце і была прысвечана сучасным тэхналогіям выхавання і навучання ва ўстановах дадатковай і дашкольнай адукацыі.
– Асноўнай мэтай нашай паездкі стала наведванне адукацыйных устаноў Германіі, – расказвае Наталля Уладзіміраўна. – Мы пабывалі ў чатырох нямецкіх гарадах і некалькіх дзіцячых садках і Дамах моладзі – менавіта такую назву носяць установы, нечым падобныя да нашых цэнтраў творчасці. Дарэчы, амаль усе ўстановы дадатковай і дашкольнай адукацыі ў Германіі з’яўляюцца прыватнымі: як правіла, іх заснавальнікі – грамадскія арганізацыі, спонсары і за рэдкім выключэннем – мэрыя.
Уразіў беларусаў цэнтр “Калібры” ў Дрэздэне. Яго заснавальнікамі з’яўляюцца 36 бацькоў, якія аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю з калегіяльным органам кіравання. Асноўная мэта цэнтра – навучанне рускай мове і матэматыцы дзяцей эмігрантаў. Тут жа можна наведваць заняткі па тэатральнаму мастацтву і жывапісе. Адрозненне ад нашых цэнтраў творчасці ў тым, што работа ў “Калібры” праводзіцца несістэматычна: няма ні раскладу заняткаў, ні праграм, ні нават спісаў выхаванцаў. Для нашых педагогаў гэта было вельмі дзіўна і незвычайна. І заняткі ў гэтым цэнтры, па нашых мерках, каштуюць вельмі дорага – ад 20 да 40 еўра за гадзіну. Тым не менш паслугі цэнтра запатрабаваны. Затое парадавала педагогаў зацікаўленасць бацькоў у дадатковай адукацыі моладзі: на грамадскіх пачатках многія з іх праводзяць бясплатныя заняткі. Прычым усе бацькі гатовы супрацоўнічаць з замежнымі краінамі, у тым ліку і з Беларуссю.
– Я вельмі спадзяюся, што ў нас атрымаецца наладзіць супрацоўніцтва: вельмі хацелася б, каб нашы дзеці з’ездзілі ў Германію, а нямецкія прыехалі да нас і паглядзелі, як нашы падлеткі і моладзь праводзяць вольны час, – дзеліцца марамі Наталля Уладзіміраўна.
Цікавым нашым педагогам падаўся вопыт афарміцельскай дзейнасці: усе свае распрацоўкі нямецкія калегі афармляюць і друкуюць у спецыялізаваных друкарнях – адсюль іх якасць.
– У Мюнхене мы наведалі Дом моладзі – шматпрофільную ўстанову адукацыі, у якой падлеткі і моладзь з 12 да 25 гадоў могуць атрымаць дапамогу ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: напрыклад, пасварыліся з бацькамі, не могуць знайсці агульную мову з аднагодкамі ці вызначыцца з прафесіяй. З рабятамі працуюць сацыяльныя педагогі – заўважце, не псіхолагі. Падлеткі гуляюць у тэніс, настольны футбол, слухаюць музыку, могуць патанцаваць – і такім чынам абстрагуюцца ад сваіх праблем. І зноў жа тут, у адрозненні ад нашай сістэмы адукацыі, няма ніякага фіксаванага членства: каму трэба, хто жадае – той і прыходзіць сюды.
Вельмі спадабалася беларускім педагогам, што за мяжой рабят далучаюць да прыгатавання ежы. У кожным Доме моладзі – іх яшчэ называюць Дамы творчасці – ёсць кухні з усім неабходным начыннем. Дзеці прыходзяць на занятак і вырашаюць, якія стравы яны хочуць прыгатаваць, збіраюць грошы, ідуць у магазін, закупляюць неабходныя прадукты і гатуюць. А потым разам абедаюць.
– У многіх Дамах творчасці ўстаноўлены камп’ютары, але яны прызначаны не для гульні – на іх можна пазаймацца, знайсці неабходную для падрыхтоўкі ўрокаў інфармацыю. Дарэчы, у кожным такім Доме творчасці ёсць пакой для падрыхтоўкі ўрокаў і працуюць педагогі, якія могуць у гэтым дапамагчы.
Дашкольныя садкі Германіі таксама адрозніваюцца ад нашых. З першага погляду і не скажаш, што гэта садок: ён можа размяшчацца ў звычайным шматкватэрным доме, а побач з ім знаходзіцца магазін ці кавярня. Каля яго можа не быць спартыўных ці гульнявых пляцовак, як у нас.
Дашкольная адукацыя ў Германіі толькі зараджаецца, таму галоўная яе функцыя – догляд за дзяцьмі і гульня. Выхавальнік павінен своечасова заўважыць, чаго хоча дзіця і дапамагчы яму.
У адным з садкоў нашы педагогі пазнаёміліся з сістэмай Вальдорфскай педагогікі. Яе мэта – развіць прыродныя здольнасці кожнага дзіцяці і ўмацаваць веру ва ўласныя сілы, якая спатрэбіцца яму ў дарослым жыцці. У вальдорфскіх садках на драўляных паліцах – мэбля ў пакоях, дарэчы, таксама драўляная – стаяць разнастайныя “цацкі”: паленцы, драўляныя чуркі, спілы рознай даўжыні і шырыні і іншы “будаўнічы” матэрыял – вальдорфскі варыянт звычайных кубікаў. Усё гэта стымулюе дзетак да фантазіі, яны дапаўняюць прадметы у гульні да поўнага вобразу – і звычайны кавалак дрэва становіцца такім, якім яго прыдумала дзіця.
Асноўныя мерапрыемствы адукацыйнага тура праходзілі ў Штутгарце. Два дні педагогі працавалі на выставе, падчас якой разглядаліся розныя адукацыйныя пытанні.
– Што датычыцца дадатковай адукацыі, то наша краіна ў гэтым накірунку далёка наперадзе, – дзеліцца ўражаннямі ад убачанага Наталля Уладзіміраўна. – А вось выстава дашкольнай адукацыі ўразіла: там мы ўбачылі суперсучасныя цацкі і развіваючыя гульні, пра якія мы пакуль што можам толькі марыць.
Напрыканцы тура беларускія педагогі наведалі некалькі дашкольных устаноў Прагі і прыйшлі да высновы, што ў нас ёсць шмат агульнага.
– Чэшская сістэма дашкольнай адукацыі блізкая да нашай. Працуюць яны па адукацыйных праграмах, у кабінетах стаіць сучасная мэбля, пакоі аформлены ў яркіх фарбах, на сценах – дзіцячыя малюнкі. Група звычайна складаецца з 18 дзетак, працуе садок 6 дзён на тыдзень з 7 да 17 гадзін і бяруць у яго дзяцей з паўгодзіка. Уражвае і кошт – за месяц за ўтрыманне дзяцей у садку бацькі плацяць 325 еўра. Аднак цікава, што ўсе наведаныя намі дзіцячыя сады былі прыватнымі.
Але педагогі не толькі вучыліся – у іх была магчымасць паўдзельнічаць і ў культурна-пазнаваўчай праграме: наведаць знакамітыя мясціны Дрэздэна, Нюрнберга, Штутгарта і Мюнхена, а таксама Прагу.
– Чым больш устаноў адукацыі мы наведвалі, тым больш ганарыліся нашай сістэмай адукацыі. І ў выніку прыйшлі да высновы, што трэба берагчы тое, што мы сёння маем!


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.