Специалисты Центра творчества детей и молодёжи помогут каждому школьнику найти занятие по душе

2
%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b0З 5 верасня ва ўсіх навучальных установах нашай  краіны стартаваў тыдзень пазашкольнай работы – падчас яго правядзення кожны школьнік зможа выбраць сабе занятак  па душы. А дапамогуць у гэтым спецыялісты Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Што сабой уяўляе цэнтр  творчасці,  чым тут можна заняцца і чаму навучыцца  – пра ўсё гэта мы папрасілі расказаць яго дырэктара Вераніку Мар'янаўну Кумішча.

–  Падчас  летніх канікул педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі праводзілі акцыю «Лета на карысць». Як яна прайшла і што найбольш запомнілася дзецям і педагогам?

–  Так, сёлета ўпершыню мы сталі арганізатарамі такой цікавай акцыі. Раней летам мы таксама выязджалі  ў аздараўленчыя летнікі раёна. А сёлета вырашылі  арганізаваць адпачынак тым школьнікам, якія засталіся дома.  У нас  працавалі  так званыя дваровыя пляцоўкі,  на якіх дзеці вучыліся  рабіць прыгожыя рэчы, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах ці гульнявых праграмах. Акрамя таго, у цэнтры творчасці педагогі праводзілі майстар-класы па розных накірунках. Вынікі анкетавання сведчаць, што  дзецям спадабалася такое баўленне часу.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b01Што ўяўляе сабой Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі?

– У штаце нашага цэнтра 31 чалавек, 14 з іх – педагогі дадатковай адукацыі. Мы не толькі праводзім заняткі па інтарэсах, але і аказваем метадычную дапамогу кіраўнікам аб'яднанняў па інтарэсах школ раёна.  Наш цэнтр – каардынатар выхаваўчай  работы ва ўсім раёне: большасць творчых, навуковых, даследчых мерапрыемстваў і конкурсаў праходзіць менавіта праз нашу ўстанову. Мы курыруем работу аздараўлненчых летнікаў, дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў, праводзім прафілактычныя акцыі і мерапрыемствы.

Сёлета да ўжо вядомых і папулярных заняткаў дадаліся новыя. Так, Валянціна Вільеўна Віннічак арганізоўвае работу «Папялушкі» і «Скарбніцы» –  тут можна будзе навучыцца тэхнікам саломапляцення; Людміла Мікалаеўна Рагавенка запрашае дзяцей на заняткі «МукаСолькі» і «Чароўнай Паперы», дзе яе выхаванцы навучацца ствараць вырабы  з салёнага цеста і паперы;  Аляксандра Дзмітрыеўна Юрчык будзе весці заняткі па  фатаграфіі і графічным дызайне. Застануцца і ранейшыя гурткі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей і іх бацькоў: Аляксандра Мікалаеўна Букель працягвае развіваць інтэлектуальны рух і творчыя мастацкія здольнасці; Наталля Вацлаваўна Рынковіч прадоўжыць заняткі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці на базе Гудагайскай школы, а Людміла Іванаўна Кухарэвіч будзе вучыць малюнку  дзяцей  Варнянскага НПК; Андрэй Казіміравіч Страцэўскі запрашае школьнікаў на футбол; прадоўжыць работу танцавальны  «Нон-стоп» пад кіраўніцтвам Наталлі Валянцінаўны Янкоўскай; Аксана Вацлаваўна Мешкіс і Вікторыя Іванаўна Касцюк будуць вучыць дзяцей вакалу; прадоўжыць работу «Школа ранняга развіцця» Людмілы Іосіфаўны Чыгілейчык; Алена Іванаўна Чарняўская будзе вучыць школьнікаў швейнай справе; Ала Мар'янаўна Зяленская працягне выкладаць для юных мастакоў і рыхтаваць старэйшых школьнікаў да экзамена па акадэмічным малюнку.

Будуць працаваць і іншыя цікавыя і карысныя гурткі.  Прадоўжаць работу нашы сумяшчальнікі. Падчас першага працоўнага тыдня праходзіць асноўны набор у нашы групы, хаця дзеці могуць запісацца да нас і на працягу года.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b02А якія навінкі чакаюць дзяцей?

– Спадзяемся, што ў будучым адным з папулярных заняткаў па інтарэсах стане навучанне верхавой яздзе на конях. Заняткі ўзялася праводзіць педагог-трэнер Юлія Васільеўна Ліпская ў аграсядзібе «Радзюшы». Наведваць гэтыя «ўрокі»  могуць дзеці з сямі гадоў. Яны   будуць бясплатнымі, аднак  падвоз дзяцей павінны арганізаваць іх  бацькі. Плануем, што займацца тут  будуць два разы на тыдзень. Школьнікаў навучаць даглядаць за коньмі і ездзіць на іх.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b03–  Некалькі гадоў назад менавіта Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі стаў арганізатарам інтэлектуальных гульняў для школьнікаў. Ці прадоўжыцца гэтая справа ў гэтым навучальным годзе.

– У адрозненні ад дарослага чэмпіянату, мы праводзім гульні для трох узроставых катэгорый – такія патрабаванні прад'яўляе ўпраўленне адукацыі. Таму дзіцячыя  каманды  гуляюць не штомесяц.  У мінулым годзе гульні праходзілі ў актавай зале цэнтра творчасці – гэта выклікала пэўныя нязручнасці для юных інтэлектуалаў, бо зала невялікая. У  гэтым навучальным годзе школьны чэмпіянат будзе працягвацца.  А вось дзе будуць праходзіць гульні, гаварыць пакуль што рана.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b04

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b07– Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі вядомы сваім удзелам у міжнародных праектах рознага ўзроўню. Што дае вам такая дзейнасць?

–  На працягу многіх гадоў мы рэалізуем адукацыйны праект з Літоўскай Рэспублікай. Дзякуючы яму,  многія нашы выхаванцы не раз бывалі  ў гасцях ў сваіх аднагодкаў у Літве, а літоўскія школьнікі наведвалі Беларусь.

Апошнія тры гады мы цесна супрацоўнічаем з АТ НІАЭП: тры нашы праекты сталі  пераможцамі  іх дабрачыннага конкурсу. І калі мінулагоднія праекты, на якія мы атрымлівалі гранты ад НІАЭП, былі скіраваны на турыстычны адпачынак, то сёлета  мы сталі пераможцамі ў намінацыі «Культура і спорт». На рэалізацыю праекта «І дзеці, і дарослыя малююць мірны атам» мы атрымалі  200 тысяч расійскіх рублёў.  У рамках гэтага праекта нашы выхаванцы наведаюць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС – і паспрабуюць намаляваць усё, што ўбачаць. Потым будуць аформлены выставы –  мы спадзяёмся, што лепшыя работы нашых выхаванцаў упрыгожаць сцены адміністрацыйных будынкаў Беларускай АЭС.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b05–   Ведаю, што ў мінулым годзе ўсе заняткі па інтарэсах, якія наведвалі дзеці, былі бясплатнымі. А  сёлета?

–  Як і раней, усе заняткі для школьнікаў будуць бясплатнымі. У  мінулым годзе наш цэнтр наведвалі 1210 дзяцей,  заняткі па інтарэсах –  іх было 85 – былі адкрыты ва ўсіх школах. У нас працавала 44 педагогі, 32 з іх былі сумяшчальнікамі.  Спадзяёмся, што сёлета жадаючых працаваць і вучыцца ў нас будзе не менш. Дарэчы, на платнай аснове мы арганізоўваем і заняткі для дарослых: у гэтым годзе ў нас будуць працаваць фітнэс і танцавальная аэробіка.

%d0%b2-%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b5-%d1%82%d0%b2%d0%be%d1%80%d1%87%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b06–   Ведаю, што педагогі і выхаванцы цэнтра штогод займаюць годнае месца ў рэйтынгу абласных устаноў дадатковай адукацыі. Якімі былі самыя значныя ўзнагароды мінулага года?

–  Асабліва нас парадаваў удзел у міжнародным конкурсе творчых работ «Зялёная планета» –  па папярэдніх звестках,  нашы выхаванцы  заваявалі ў ім 13 дыпломаў. Штогод мы атрымліваем узнагароды на рэспубліканскім конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей» –  і сёлета работа выхаванцаў Валянціны Вільеўны Віннічак узнагароджана Дыпломам ІІ ступені.  Дзве ўзнагароды прывезлі нашы педагогі і выхаванцы з рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка», ёсць шэраг значных перамог  на абласным ўзроўні. А па выніках рэалізацыі абласной праграмы «Супрацоўніцтва» наш цэнтр заняў другое месца.

Зразумела, што ўсяго гэтага не было б без ініцыятыўных педагогаў і таленавітых дзяцей, якіх мы з радасцю чакаем і сёлета.

– Поспехаў вам і ажыццяўлення ўсіх планаў і мар.

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.  


Фота з архіва Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.