Спасибо учителям!

День учителя фотоГэты доўгачаканы дзень! Ён вітаў у паветры амаль цэлы год. Прыгожае свята выпуску маладых лейтэнантаў Ваеннай Акадэміі. Яны стаяць на пляцу. Крыху далей мы – бацькі, родныя і блізкія – тыя, хто хвалюецца не менш за выпускнікоў. Для нас, бацькоў, нашыя дзеці – самыя-самыя…

А яны і сапраўды такія прыгожыя і падцягнутыя. Хтосьці адзначае, што іх менш, чым было пяць гадоў назад у дзень прысягі, – не ўсім хапіла вытрымкі і настойлівасці давучыцца да гэтага дня. І гэтае свята яны сапраўды заслужылі.
Святочны настрой, а ў вачах – слёзы. А думкі вяртаюцца назад – у далёкі 2006 год. Тады сын вырашае паступаць у Сувораўскае вучылішча.
На першым бацькоўскім сходзе высвятляецца, што амаль усе месцы аддадзены сіротам і тым дзецям, чые бацькі загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Для астатніх застаецца толькі некалькі месцаў – шансаў ніякіх. Але мой упарты сын вырашае паступаць.
Першы экзамен – дыктант па рускай мове. Выкладчыца здзіўляецца: “Школа беларускамоўная, а дыктоўку будзеце пісаць па рускай мове?” Але бачылі б вы, паважаная Яўгенія Міхайлаўна Літвіновіч, якімі вачыма яна глядзела на нас, калі разбіралі вынікі! Бо толькі ў аднаго майго сына з групы была самая вышэйшая адзнака – восем балаў, і то не за памылкі, а за выпраўленні. А якія мяне перапаўнялі пачуцці! Была б птушкай, паляцела б, каб сказаць вам дзякуй!
І не дзіва, што пасля вашага цудоўнага выкладання літаратуры ў нас дома цэлая бібліятэка рускай класікі, купленая на курсанцкую стыпендыю. Гэтую любоў да літаратуры даносіла нашым дзецям і маладая настаўніца Аксана Паўлаўна Лазарава. Недарэмна трацілі сваё здароўе і сілы і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Эма Іосіфаўна Лянкевіч і Галіна Чаславаўна Новікава, бо мой сын у паўсядзённым жыцці карыстаецца толькі беларускай мовай.
…І зноў у думках той далёкі год. Наступны экзамен – фізкультура. Мамы хвалююцца. Адна з іх расказвае, што яе сын можа рашыць задачу любой складанасці, а падцягнуцца не можа ні разу.
“Вам бы Уладзіміра Леанідавіча Батуру,” – думаю я. У нас з фізкультурай праблем ніколі не было. І калі хто-небудзь скажа вам, Уладзімір Леанідавіч, што ваш прадмет не важны, вы яму не верце!
Мы зноў не можам адвесці вачэй ад малодзенькіх лейтэнантаў. Яны кідаюць уверх манеты і крычаць: “Вось і ўсё!” І пасыпаліся віншаванні…
Майго сына віншуе светлавалосая стыльная жанчына, фатаграфуецца з ім на памяць. Выкладчыца англійскай мовы, здагадваюся я. Так шчыра можна віншаваць толькі любімага вучня. На выпускным экзамене па яе прадмеце ў акадэміі сын атрымаў “дзясятку”. Пры залічэнні нам гаварылі, што найбольшыя цяжкасці будуць з замежнай мовай, але тады Дзяніс мяне абнадзеіў, што англійскую мову ён ведае добра, бо яго вучыла маладая таленавітая настаўніца Таццяна Станіславаўна Тарашкевіч. Здольных вам вучняў і шчасця ад вашых падрастаючых дзетак, паважаная Таццяна Станіславаўна. Гэта і ваша “дзясятка”.
На памяць аб сваім выпуску лейтэнанты садзяць елачку. Хтосьці з хлопцаў пытае: “Дзяніс, ты не забыў вывучыць песню?” Дзяніс і песня – гэта нешта непарыўнае. І думкі зноў вяртаюцца ў мінулае.
… Мы ідзём у першы клас. Наша першая настаўніца Марына Эдвардаўна Барысевіч навучыла сына не толькі вучыцца – да дзявятага класа Дзяніс быў выдатнікам, – але і першы раз вывела яго на сцэну, таму ўсе прызавыя месцы Дзяніса на песенных конкурсах – гэта заслуга Марыі Эдвардаўны.
Сыну пашанцавала і з класным кіраўніком – Марыяй Чаславаўнай Нагорскай. Яна ніколі не шкадавала свайго вольнага часу: нашы дзеці хадзілі ў паходы, ездзілі на экскурсіі, арганізоўвалі цікавыя мерапрыемствы. Ды і ўрокі матэматыкі, якія яна выкладала, ніхто не асмельваўся прапусціць. І за гэта дзякуй вам, Марыя Чаславаўна!
Вы кіравалі цудоўным калектывам, паважаны Віталь Іванавіч Лянкевіч. Памяць пра вашу працу застанецца з нашымі дзецьмі назаўсёды, бо вы аддалі ім часцінку сваёй душы!

-----------------------------
Галіна ШПІРОНАК.