Спаборнічалі юныя шахматысты і шашысты
На працягу двух дзён у Гродна праходзіў абласны турнір па шашках і шахматах. Абараняць гонар нашага раёна паехалі 8 хлопчыкаў і дзяўчынак з гімназіі №1, СШ №1, Гудагайскай і Альхоўскай школ.
Каманда шашыстаў была даволі моцнай – Іван Пазлевіч, Вікторыя і Рэната Жаброўскія, Дзіма Казлоўскі і Саша Герасім у першы дзень выступілі вельмі ўдала. Яны ўпэўнена перамаглі каманды з Ленінскага раёна горада Гродна, Бераставіцкага і Смаргонскага раёнаў і саступілі з лікам 3:7 толькі шашыстам са Слоніма. Па выніках спаборніцтваў першага дня аставецкая каманда размясцілася на трэцім месцы.
На жаль, другі дзень быў не такім паспяховым. Тут сапернікамі нашых юных спартсменаў сталі пастаянныя чэмпіёны з Кастрычніцкага раёна Гродна і Ліды, якім яны прайгралі, і толькі ў гульні з Карэлічамі нашы шашысты атрымалі перамогу з лікам 9:1. У выніку рабяты занялі шостае месца ў вобласці, што таксама нядрэнна.
Цяжэй прыйшлося юным шахматыстам – у раёне гэтым відам спорту не займаецца ніхто. Тым не менш Улад і Аліна Кежуны і Людміла Трусевіч змаглі паказаць нядрэнную падрыхтоўку і нават атрымаць некалькі перамог. Але ў выніку аказаліся толькі на 14 месцы.