Спаборнічалі юныя аматары польскай паэзіі

У чатырох установах раённай сістэмы адукацыі – у гімназіі, Астравецкай сярэдняй школе № 1, Кямелішкаўскай і Гудагайскай школах – працуюць гурткі і факультатывы па вывучэнню польскай мовы, у якіх у агульнай суме займаюцца 103 вучні.


Своеасаблівым экзаменам для іх з’яўляецца конкурс дэкламатараў, які штогод праводзіцца пад эгідай двух аддзелаў райвыканкама – ідэалогіі і адукацыі, пры падтрымцы раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі.
Сёлета прадэманстраваць свае лінгвістычныя, а заадно і акцёрскія даныя ў раённы цэнтр пазашкольнай работы прыбылі з пералічаных вышэй вучэльняў 14 юных чытальнікаў. Самай прадстаўнічай у колькасным выражэнні была малодшая група канкурсантаў, у якую арганізатары імпрэзы аб’ядналі дзяцей да 12 гадоў. І самай эмацыянальнай таксама – маленькім дэкламатарам часам не адразу ўдавалася справіцца з уласным хваляваннем і бояззю сцэны, але цёплая атмасфера, якая панавала сярод слухачоў, іх дружныя апладысменты і шчырыя ўсмешкі дапамагалі юным аматарам польскай паэзіі настроіцца на адпаведны лад.
Па ўмовах конкурсу кожны яго ўдзельнік павінен быў прачытаць два вершы, і самай запатрабаванай у гэты дзень аказалася творчасць паэтаў Адама Міцкевіча і Юліяна Тувіма. Нельга не адзначыць і прадуманасць падбору тэматыкі вершаў – намаганнямі настаўнікаў М.К. Васілёнак (Гудагайская СШ), М.І. Тарарук (гімназія), Ж.Р. Вянгроўскай (Астравецкая СШ № 1), А.Ю. Будзіч (Кямелішкаўская СШ) тэксты, якія чыталі школьнікі, адпавядалі як іх узросту, так і ўнутранаму светаадчуванню.
–Ацэньваць выступленні рабят было няпроста, – падзялілася сваімі ўражаннямі ад конкурсу старшыня журы, метадыст па польскай мове цэнтра пазашкольнай работы Святлана Шмурэй. – Столькі надзеі і задору выпраменьвалі вочкі кожнага дэкламатара – усім хацелася перамагчы. Усе яны старанна падрыхтаваліся да конкурсу, і большасць сапраўды заслугоўвала быць сярод пераможцаў. Але прыступкі п’едэсталу такія вузкія… Пасля гарачага абмеркавання першае месца ў малодшай узроставай катэгорыі журы прысудзіла пяцікласніку Гудагайскай сярэдняй школы Дзмітрыю Ярашэвічу, у сярэдняй (13-15 гадоў) перамога дасталася Эдгару Бабічу (7 клас Кямелішкаўскай СШ), а ў старэйшай – Віялеце Грыва (9 клас Гудагайскай СШ).










Усе пераможцы ў якасці памятнага падарунка атрымалі кнігі на польскай мове, набыццё якіх спансіравала раённае аддзяленне Саюза палякаў на Беларусі (старшыня – Т.М. Мароз). Зрэшты, не літаратурай адзінай… Вакальны калектыў “Польскае рэха Астраўца”, які шмат гадоў працуе пры аддзяленні, вырашыў аддзячыць юных чытальнікаў яшчэ і музычным падарункам – для ўсіх прысутных у зале самадзейныя артысты далі невялікі, але яркі і вясёлы канцэрт польскай песні. Раўнадушных сярод гледачоў не было – з аднолькавым азартам апладзіравалі “Рэху…” і члены журы, і нядаўнія канкурсанты.


Ганна ЧАКУР.