Состоялось торжественное открытие нового здания редакции районной газеты
Урачыстае адкрыццё новага будынка рэдакцыі адбылося ў мінулы аўторак – у вялікае праваслаўнае свята Хрышчэння Гасподняга.Увогуле “ўваходзіны”, ці, як яшчэ кажуць у народзе, “улазіны” ў новы будынак прайшлі крыху раней – таксама, дарэчы, у сімвалічны час: напярэдадні праваслаўнага Ражаства і каталіцкіх Трох Каралёў – менавіта тады рэдакцыя пераехала на новае месца жыхарства.

А калі мы расставілі мэблю, развесілі карціны і напоўнілі “жылым духам” і жывымі галасамі будынак, было вырашана па старадаўняму беларускаму звычаю запрасіць “на ўваходзіны” гасцей: заснавальнікаў, сяброў газеты, будаўнікоў. Каб сказаць дзякуй за такі падарунак, “пратарыць” шырэйшую сцежку ў наш новы офіс. І разам парадавацца таму, што “сёння ў нашай хаце свята – бо цяпер у нас ёсць хата”.
На свята завітаў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька – менавіта па яго ініцыятыве былі істотна палепшаны “жыллёвыя ўмовы” нашага калектыву. А таксама яго намеснікі Віктар Збігневіч Свіла і Павел Віктаравіч Мілешка, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Тамара Аляксандраўна Кацяк, дэкан Астравецкага дэканату ксёндз Юзаф Багдзевіч (дарэчы, касцёл святых Космы і Даміяна – сённяшні сусед рэдакцыі) і благачынны Астравецкага благачыння Георгій Савіцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць, старшыня савета кіраўнікоў Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч, нашы калегі з Ашмян, былыя суседзі з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, калегі і партнёры з РУП “Беларуская АЭС”, раённага вузла паштовай сувязі і іншыя госці, для кожнага з якіх, спадзяёмся, наша свята стала нагодай для асабістай радасці.– Прыемна ўсведамляць, што наша раённая газета знаходзіцца ў ліку лепшых у вобласці і ў рэспубліцы, – сказаў, віншуючы калектыў з наваселлем, старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – І хочацца спадзявацца, што ў новых умовах яе калектыў будзе працаваць яшчэ больш творча і плённа.
Пра тое, як няпроста было са старога будынка зрабіць сучасны офіс, расказала начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва, якое з’яўлялася заказчыкам будаўніцтва, Тамара Аляксандраўна Кацяк.
Ну а калектыву засталося толькі падзякаваць за такі шыкоўны падарунак і паабяцаць, што раённая газета і надалей будзе імкнуцца трымаць той узровень, якога яна дасягнула, а па магчымасці – і падымаць планку дасягненняў.

…Урачысты момант сімвалічнага пераразання чырвонай стужкі, малітва абодвух святароў, акрапленне памяшканняў новага будынка святой вадой – і кабінеты і калідоры рэдакцыйнага офіса напоўніліся захопленымі галасамі гасцей і віншаваннямі…Канешне, сяброў у “Астравецкай праўды” нашмат больш, чым прыйшлі ў той дзень на свята, – але нават больш прасторны, чым мінулы, будынак не зможа адначасова ўмясціць іх усіх, пагэтаму ўваходзіны, як і ўвогуле жыццё, працягваюцца.
Так што вы прыходзьце ў наш дом – нашы дзверы адкрыты!
---------------------
Ніна Рыбік.
Фота Юрыя ГОРЫДА і Івана ПЕТРЫКА.
