Соревнования подарили массу позитивных эмоций
Традыцыйныя штогадовыя спаборніцтвы сярод дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшлі ў спартыўнай зале сярэдняй школы №2. Яе ўдзельнікамі сталі выхаванцы карэкцыйнага цэнтра, аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іх бацькі, а таксама ўсе жадачыя весела і з карысцю правесці час.Сёлета на старт выйшлі раўнамоцныя каманды – па папярэдняй жараб’ёўцы дзеці і дарослыя падзяліліся на тры каманды – “Перамога”, “Усмешка” і “Вавёркі”.
Дзевяць этапаў неабходна было пераадолець канкурсантам, каб у выніку атрымаць жаданую перамогу. Бег з эстафетнай палачкай і з тэніснымі ракеткамі, бег праз абручы, збор “бульбы” і імправізаваныя гульні ў футбол і валейбол, камбінаваная эстафета і конкурс капітанаў – час бег весела і з карысцю для здароўя. А дзякуючы валанцёрам, якія сталі першымі памочнікамі ўдзельнікаў спаборніцтваў, усё прайшло лёгка і на адным дыханні.
У выніку першае месца святкавала каманда “Перамога”, другое занялі юныя спартсмены з каманды “Усмешка”, а трэцімі сталі “Вавёркі”.
Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі імянныя дыпломы, медалі і падарункі, спонсарам якіх выступіла раённая арганізацыя “Белая Русь”.
– Падобныя мерапрыемствы ўжо не раз праходзілі ў нашым раёне, – расказвае адна з арганізатараў спаборніцтваў Святлана Казіміраўна Куцько. – Звычайна на іх мы запрашалі і каманды з іншых раёнаў. А сёлета рашылі сабраць толькі сваіх – і мерапрыемства атрымалася вясёлым і па-дамашняму цёплым. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто далучыўся да арганізацыі спаборніцтваў: раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фізкультурна-спартыўнаму клубу і галоўнаму суддзю і арганізатару спартыўных конкурсаў Вадзіму Анатольевічу Лебядзевічу, а таксама адміністрацыі СШ №2 за прадстаўленне спартыўнай залы. Дзякуючы ім нашы дзеці атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, якіх хопіць не на адзін дзень.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
