Собрали макулатуру - съездили в Полоцк
Лозунг «Збяры макулатуру – выратуй дрэва!» вядомы ўсім, толькі кожны ўкладвае ў яго свае эмоцыі і пачуцці. Хтосьці гатовы тут жа заняцца гэтай важнай справай, а хтосьці будзе і далей мірыцца з тым, што высякаюць лясы дзеля паперы, калі частку яе можна зрабіць з другаснай сыравіны.У бягучым навучальным годзе збор макулатуры для вучняў сярэдняй школы №1 стаў радаснай падзеяй. З кватэр, хат, магазінаў, ад бабуляў, дзядуляў і знаёмых дзеці збіралі старыя часопісы, газеты і іншую паперу. Гэта было сапраўднае спаборніцтва на хуткасць і колькасць! Акуратна, каб не пагубляць па дарозе, кожны клас з хваляваннем спяшаўся ў школу – запісаць свае “кілаграмы” і прасачыць за “сапернікамі”. “У чым сакрэт такой актыўнасці?” – спытаеце вы. Усё проста: пераможцаў акцыі чакалі прыемныя сюрпрызы і падарункі. І “ўзнагарода” знайшла сваіх герояў: імі сталі вучні 6 “Б” класа, якія за пару тыдняў агульнымі намаганнямі набралі амаль 400 кілаграмаў макулатуры.
Дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая і выступіла спонсарам, для рабят у якасці падарунка была арганізавана экскурсія ў Полацк – горад-патрыярх, горад-летапісец, на радзіму Еўфрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны.
Школьнікі наведалі Сафійскі сабор, музей беларускага кнігадрукавання і музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, а таксама Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Спатканне з Полацкам стала для вучняў спатканнем з гісторыяй. Спакойная і шырокая Заходняя Дзвіна, якая працякае праз горад, велічныя сцены Святой Сафіі, даўнейшыя кнігі і першыя чытанкі для дзяцей, старажытныя фрэскі царквы Еўфрасінні Полацкай, магчымасць пакланіцца мошчам Святой, пра якую чыталі толькі ў школьных падручніках, – усё гэта ўразіла, не пакінула раўнадушным нікога і выклікала жаданне яшчэ не раз наведацца сюды, у самы старажытны горад Беларусі. І дзеля гэтага рабяты з нецярплівасцю чакаюць наступнай акцыі!
------------------------------
Вольга ГРЫНЦЭВІЧ.
