Школьники района подготовили своим педагогам яркие и оригинальные подарки
Няма на зямлі чалавека, які б добрым словам не ўспомніў свайго настаўніка. Так як і няма настаўніка, якого б ні разу ў прафесійным жыцці не здзівілі вучні. Менавіта з такой прапановай – падрыхтаваць творчы сюрпрыз сваім настаўнікам звярнуўся калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі да навучэнцаў раёна. Крэатыўны падыход і цікавыя ідэі школьнікі прадэманстравалі ў трох намінацыях: “Плакат”, “Паштоўка”, “Кветкавая кампазіцыя”.
Самымі адметнымі і шыкоўнымі былі “кветкавыя” падарункі. Вучні гуртка “Скабніца” Астравецкага ЦТДзіМ зрабілі саламяны глобус, лінейку і кнігу, упрыгожаныя кветкамі. Вылучалася арыгінальнасцю падстава для канцылярскіх прыналежнасцяў Аляксанра Свілы і Даніілы Бумбуля з Варонскага НПК. Таксама ў гэтай намінацыі адзначаны зробленая з жывых кветак сава Агніі Крувяліце з Гервяцкай СШ, кампазіцыі “Загадка” Эльвіры Лабачэўскай з Альхоўскай СШ і “Настаўніку з удзячнасцю!” Дзіяны Андралойць, Ульяны Ляўкевіч, Карыны Федаровіч СШ №1.


Плакаты ўражвалі разнастайнасцю тэхнік выканання. Лепшымі мастакамі былі прызнаны Ксенія Янковіч з Варнянскага НПК, Соф’я Даўляш і калектыў навучэнцаў старэйшай групы Мальскага НПК, Аляксей Жук з Альхоўскай СШ і творчы калектыў гуртка “Вясёлы пластылін” Астравецкага ЦТДзіМ.А вось паштоўкі былі зроблены настолькі прафесіянальна і прыгожа, што нават карысталіся попытам для набыцця. У гэтай намінацыі перамаглі Дар’я Касянкова з гімназіі №1, Арына Букель з Астравецкага ЦТДіМ і Карына Сальмановіч з Альхоўскай СШ. За арыгінальны падыход адзначана паштоўка Маргарыты Памецька са Спондаўскага НПК, зробленая ў форме кнігі.
Рыта ДРЭМА.
