Школьники отдыхали в древнегреческом стиле
У адной з найпрыгажэйшых мясцін Астравецкай зямлі, сярод зелянеючых лясоў, у вёсцы Рымдзюны 10 чэрвеня для 30 таленавітых і актыўных дзяцей раёна адчыніліся дзверы лагера актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў “Вясёлка”, арганізатарам якога ўжо шмат гадоў выступае Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.Штогод арганізатары летніка прыдумваюць для дзяцей цікавыя выхаваўчыя праграмы. Сёлета прыемнай навіной для ўсіх аматараў летняга адпачынку стала тое, што на працягу першай змены ў сценах лагера рэалізоўваўся праект “Арго”. Згодна з ім выхавальніцы лагера Вольга Сцефановіч, Юлія Драбудзька і Рэната Салавей атрымалі ролі міфічных герояў Алімпа, а дзеці – арганаўтаў.
Гэта міфалагічная ідэя адразу ж знайшла падтрымку сярод усіх дзяцей. Нават свае пакоі школьнікі аформілі ў старажытным грэчаскім стылі.
У дзень урачыстага адкрыцця змены самі Афрадыта і Афіна спусціліся на Рымдзюнскую зямлю, каб вырашыць адвечнае пытанне: каму аддаць святы Праметэеў агонь? У выніку доўгай спрэчкі багіні прыйшлі да высновы, што менавіта дзеці з лагера “Вясёлка” заслугоўваюць права пранесці агонь дабрыні, міласэрнасці і святла ў сваіх сэрцах праз усю змену, а магчыма, і праз усе летнія канікулы.
Багіні не памыліліся, бо з усімі выпрабаваннямі, якія чакалі дзяцей падчас лагернай змены – гульні, віктарыны, брэйн-рынгі, спартыўныя спаборніцтвы, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, звязаныя са Старажытнай Грэцыяй, яе гісторыяй і звычаямі – яны лёгка справіліся. Дзеці цудоўна адпачылі і аздаравіліся і ў наступным годзе абавязкова зноў сустрэнуцца падчас лагернай змены.
-------------------------------------
Людміла САСНОЎСКАЯ,
начальнік 1-й змены лагера “Вясёлка”.
