Школьники Островетчины путешествовали по Беларуси

Запамінальным выдаўся адзін з дзён восеньскіх канікул для вучняў СШ №1 і Варнянскага НПК. Яны разам са сваімі педагогамі і арганізатарамі экскурсіі – супрацоўнікамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – накіраваліся ў падарожжа па роднай краіне.

Маршрут экскурсіі быў выбраны невыпадкова: школьнікі вырашылі наведаць два каштоўныя помнікі архітэктуры Беларусі – замак у Міры і палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы, якія ўнесены ЮНЕСКА ў спіс сусветнай культурнай спадчыны.
Падарожжа ў гісторыю пачалося з наведвання Нясвіжскага замка – велізарнага палацава-паркавага комплексу, рэзідэнцыі роду князей Радзівілаў. Экскурсія па замку і яго тэрыторыі, старажытнасць і сучаснасць, якія крочаць побач, – рабятам спадабалася ўсё.
Не пакінулі без увагі школьнікі і Рыначную плошчу, будынак Ратушы, Слуцкую браму, Фарны касцёл 16 стагоддзя. А на памяць аб кароткіх “гістарычных” імгненнях у Нясвіжы дзецям засталіся цудоўныя фотаздымкі.
Мірскі замак сустрэў школьнікаў непрыступнымі сценамі і магутнымі вежамі. Экскурсавод пазнаёміў рабят з гісторыяй будаўніцтва замка, вучні таксама спусціліся ў падзямелле і агледзелі музейныя экспазіцыі старадаўняй зброі і даспехаў.
Час праляцеў хутка, але за дзень школьнікі атрымалі шмат станоўчых эмоцый і з нецярпеннем чакаюць новых падарожжаў па нашай прыгожай і гістарычна багатай краіне.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.