Школьники из Рымдюн приняли участие в выставке по стендовому моделированию "Оружие Победы"
Некалькі гадоў вучні нашай школы наведваюць гурток па мадэліраванню, дзе маюць магчымасць папрацаваць над стварэннем мадэлей розных узораў тэхнікі. А сёлета ў рамках падрыхтоўкі да свята Перамогі мы вырашылі прыняць удзел у абласной выставе па стэндаваму мадэліраванню “Оружие Победы”. Выстава і канферэнцыя, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі, праходзіла ў г.Гродна напрыканцы красавіка.На выставе былі прадстаўлены ўзоры баявой тэхнікі гадоў Вялікай Айчыннай вайны: танкі, самалёты, розная зброя, – а таксама дыярамы баявых дзеянняў. З разнастайнымі і надзвычай цікавымі экспанатамі мог пазнаёміцца кожны жадаючы.
Насычаная праграма выставы зрабіла гэтыя дні незабыўнымі. Нікога не пакінула раўнадушнымі ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі, у якой сярод ганаровых гасцей былі сапраўдныя героі далёкай вайны – мудрыя і зусім маладыя сваімі думкамі і памкненнямі ветэраны былой вайны. Іх словы – наказ нам, маладым, любіць і шанаваць свой родны край, сваю Беларусь.
Час праляцеў вельмі хутка, але і за гэтыя кароткія два дні ўдзельнікі паспелі не толькі падзяліцца сваім вопытам і набытымі ведамі – мы знайшлі аднадумцаў і паспелі пасябраваць са сваімі равеснікамі і калегамі па захапленні мадэліраваннем.І яшчэ раз упэўніліся, што цікавасць сучаснай моладзі да тых далёкіх вогненных гадоў не меншае, а ўдзячнасць усім, хто змагаўся за нашу Радзіму, па-ранейшаму жыве ў нашых сэрцах. Таму вяртацца дамоў, тым больш з узнагародай, было прыемна і радасна.
------------------------------------------------------------
Ірына Праўлуцкая, вучаніца 11 класа Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання.
