Школьники из Ольховки провели акцию "Чистый берег"
Прыйшла доўгачаканая вясна. Дзень становіцца даўжэйшым, сонца з'яўляецца на небе ўсё часцей, прырода прачынаецца ад зімовага сну. З надыходам цёплых дзён усё больш людзей адпраўляецца на прыроду.Наша Астравеччына славіцца месцамі, дзе можна адчуць гармонію з прыродай, папесціцца на сонейку, проста паляжаць у траве, паслухаць спевы птушак і атрымаць асалоду ад захапляючых вока і душу краявідаў. Для нас, жыхароў і гасцей Альхоўкі, такім месцам з'яўляецца рака Страча. Берагі ракі ніколі не пустуюць: адны прыязджаюць сюды парыбачыць, другія – цэлымі сем'ямі на пікнік. І ўсё б добра, калі б не адно вялікае «АЛЕ».
На жаль, далёка не кожны чалавек беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя – не ўсе прыбіраюць пасля сябе. Людзі адпачываюць, паляць вогнішчы, раскідваюць смецце… За кароткі час на берагах рэк з'яўляецца шмат рознага хламу: бутэлькі, бляшанкі, пакеты, рэшткі ежы. Усё гэта трапляе ў раку і забруджвае яе. Берагі яе ператвараюцца ў смеццезвалкі, хаця зусім нядаўна гэта былі жывапісныя і вельмі ўтульныя месцы.
У апошні час аматары адпачынку так забрудзілі раку, што становіцца страшна за яе будучыню. Большасць з нас імкнецца трымаць у чысціні свой дом, але чамусьці мала хто задумваецца аб чысціні наваколля.
Змагацца з гэтай праблемай вырашылі вучні школьнага лясніцтва «Жывіца», якія штогод праводзяць акцыі па збору смецця па берагах ракі. Адна з іх – “Чысты бераг” – прайшла нядаўна і была прымеркавана да гэтага.
Дзеці з раніцы сабраліся каля школы, каб пад кіраўніцтвам ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва Яўгена Сяргеевіча Волкава адправіцца на добрую справу.
Дзень выдаўся сонечны, хоць і ветраны – але гэта толькі падбадзёрыла. Праз некалькі хвілін школьнікі апынуліся каля ракі, дзе звычайна праводзіць свой вольны час большасць жыхароў Альхоўкі і аматары парыбачыць з іншых населеных пунктаў. Карціна, якую ўбачылі дзеці, збянтэжыла: берагі густа ўсеяны смеццем – якога, аднак, не заўважалі адпачываючыя.
Школьнікі ўзяліся за працу. Кожны атрымаў пакет для смецця і, дабіраючыся нават да цяжкадаступных месцаў, пачаў збіраць у мяшкі ўсё тое, што магло б ляжаць тут гадамі і шкодзіць наваколлю.
У выніку школьнікі сабралі 2 тоны смецця! Радасныя і трохі стомленыя, яны вярталіся дадому. І кожнага суправаджала вялікае адчуванне – пачуццё ачышчэння. Яны зрабілі тое, што не змаглі ці не захацелі зрабіць дарослыя. Сваёй справай школьнікі паказалі ўсім адпачываючым прыклад стварэння чыстых зон адпачынку. Дзякуючы такім добраахвотным акцыям адных людзей іншыя маюць магчымасць атрымаць асалоду ад прыроды.
А ўдзел у такой акцыі ўпэўнівае ў тым, што кожны можа змяніць свет вакол сябе да лепшага. Людзі, не будзьце абыякавымі – беражыце прыроду!Даведка: папера, кінутая вамі, будзе ляжаць на Зямлі больш за 2 гады; бляшанка з-пад кансерваў – больш за 30 гадоў; поліэтыленавы пакет – каля 200 гадоў; шкло – больш за 1000 гадоў.
-------------------------------------
Яніна КУЦЬКО, кіраўнік школьнага лясніцтва “Жывіца” Альхоўскай СШ.
