Школьник из Ворнян стал победителем республиканского конкурса в номинации “Юннат-2013”

Рэспубліканскі конкурс “Зямлі роднай – наш клопат” праводзіўся ў некалькі этапаў: спачатку трэба было стаць адным з лепшых у раёне, затым – у вобласці, а толькі потым спадзявацца на рэспубліканскую перамогу. І ў Антона Юркойця, удзельніка школьнага лясніцтва, якое дзейнічае на базе Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы, гэта атрымалася. На рэспубліцы ён атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Юннат-2013”, і гэта нягледзячы на тое, што на абласным этапе вучань заняў толькі 2 месца.

Перамога ў экалагічным конкурсе для хлопца – не выпадковасць. Дзякуючы маме і настаўніцы ў адной асобе Алене Іванаўне Юркойць, хлопчык з дзяцінства захапляецца прыродай. І з кожным годам гэтая цікавасць не знікала, а, наадварот, узрастала. Багаж ведаў юнага натураліста даўно пераўзышоў веды, якія хавае ў сабе школьны курс біялогіі і заняткі ў школьным лясніцтве.
Антон займаецца ў класе з экалагічным ухілам і не адзін раз бываў на зборах у Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры. Аднак хлопца вабяць не толькі тэарэтычныя веды, але і даследчая, і прыкладная работа. Менавіта ў такой плыні Антон працаваў над праектам на тэму “Вывучэнне тыпаў краніравання і ўраджайнасці яблынь сартоў “Антэй” і “Алеся”, пасаджаных у сады рознай шчыльнасці”.
Прызнаюся шчыра, для мяне гэтая тэма аказалася незразумелай, а слова “краніраванне” абмяжоўвалася толькі паняццем “кроны” і больш нічым. Пагэтаму даведацца пра тонкасці раслінаводства мы вырашылі ў праектнага кіраўніка пераможцы экалагічнага рэспубліканскага конкурсу. І вось што нам расказала настаўніца біялогіі Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы А.І. Юркойць:
– Палажэнне аб конкурсе прадугледжвала супрацоўніцтва школьнага даследчыка з прадпрыемствамі або арганізацыямі, дзе ёсць сады. Якраз два гады назад у СВК “Варняны” быў закладзены сад. Пагэтаму тэма “вымалёўвалася” адразу.
На першым этапе мы прыступілі да вывучэння літаратуры па гэтай праблеме: дэталёва разбіралі такія паняцці, як “падвой” і “крона”, шукалі адрозненні і падабенства ў розных сартах яблынь. Па дэгустацыйных якасцях і лічбавым значэнні “Антэй” і “Алеся” супалі. Так мы прыйшлі да методыкі даследавання.
Спачатку выбіралі, на якіх прышчэпах пасадзіць саджанцы, улічваючы аграхімічныя паказчыкі ўчастка. З трох варыянтаў далейшага руху мы выбралі жалезабетонныя слупы з дротам.
Даглядаць кволыя яблынькі дапамагалі вучні нашай школы, у асноўным восьмых класаў. Дзеці выязджалі на пабелку дрэў і праполку тэрыторыі. Варта адзначыць, што прыжывальнасць саджанцаў была стопрацэнтнай. На другі год пасля закладкі саду ўраджаю не было, а на трэці год утварыліся першыя яблычкі, вага якіх і ў “Алесі”, і ў “Антэя” склала каля 300 грамаў.
Усе атрыманыя вынікі мы звялі ў навукова-даследчую работу – і адправілі на конкурс. Праз некаторы час Антон трымаў у руках дыплом І ступені ў намінацыі “Юннат-2013” за подпісам намесніка міністра адукацыі В.В. Якжыка.


--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота А. ЮРКОЙЦЬ.