Школьник из Ворнян получил Диплом III степени на областном этапе конкурса "Энергомарафон"
Вучань 10 класа Варнянскага НПК Антон Юркойць атрымаў Дыплом ІІІ ступені на абласным этапе ІХ рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2015”.Юны эколаг з Варнян Антон Юркойць у сваім праекце “Салома сельскагаспадарчых культур як крыніца цеплавой энергіі” вырашыў аспрэчыць словы дацкага эксперта Гуннара Бое Ольсэна, які сцвярджаў, што ў Беларусі амаль не выкарыстоўваецца патэнцыял цвёрдай біямасы (драўніна, салома) нягледзячы на тое, што гэта самы просты і танны спосаб “зялёнай” энергетыкі.
На працягу некалькіх месяцаў вучань пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы біялогіі і хіміі Варнянскага НПК Алены Іванаўны Юркойць працаваў над сваім праектам, у якім спачатку вывучаў тэарэтычныя напрацоўкі ў галіне энергаэфектыўнасці альтэрнатыўных крыніц цяпла, а пасля працаваў над спецыяльнымі разлікамі.
– Мы жывём у сельскай мясцовасці, таму ідэя вызначыць параметры цяпла пры выкарыстанні ў якасці паліва розных відаў саломы падалася цікавай, а галоўнае – яе можна праверыць на практыцы. Тым больш што кіраўніцтва СВК “Варняны” заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы, – гаворыць Алена Іванаўна Юркойць. – Мы даследавалі віды саломы розных сельскагаспадарчых культур: пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, гароху і іншыя, – а таксама эксперыментальна вызначылі разнастайныя параметры цепланасіцеляў. Аказваецца, выкарыстанне ў прамысловых маштабах саломы ў якасці паліва з улікам затрат на яе вываз, мадэрнізацыю абсталявання, акупіцца праз тры гады. Мінус такой альтэрнатыўнай “зялёнай” энергіі толькі ў тым, што салома – сезонны прадукт.
Напрыканцы студзеня ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў Гродне Антон абараняў свой праект.
У выніку юны эколаг з Варнянскага НПК са сваёй работай здабыў Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі”, у якім, дарэчы, было заяўлена ажно 86 работ школьнікаў з усёй Беларусі.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
