Школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсах, настаўнікі вучыліся

Упершыню ў гэтым годзе быў арганізаваны абласны конкурс выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Адрас дзяцінства – Беларусь”. Прыняць удзел у ім маглі выхаванцы гурткоў выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізаваных у цэнтры пазашкольнай работы і школах нашага раёна.


На раённы этап абласнога конкурсу было прадстаўлена больш за 20 работ з розных устаноў адукацыі. На выставе работ можна было толькі падзівіцца таленту і творчасці дзяцей і іх настаўнікаў. Жывапіс і графіка, гуаш, акварэль і алей, розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці – вырабы з саломкі, скуры, паперы, тканіны і дрэва…
Сярод прадстаўленых работ было выбрана 12, якія накіравалі для ўдзелу ў абласным конкурсе. Лепшымі сталі работы Максіма Кавалеўскага, Максіма Гаравога і Марыі Вайнілка з Міхалішкаўскай школы, Насці Раманоўскай і Максіма Чубрыка з Гервят, Віялеты Грыва з Гудагайскай, Максіма Букліса і Вікі Раткевіч з Дайлідскай школы, Вікі Пятровіч з СШ №1, Таццяны Памецька, Паліны Івашкевіч, Святланы Салавей і Надзеі Станкоўскай са Спондаўскай школы і Таццяны Глаўдзель з цэнтра пазашкольнай работы.
Па выніках рашэння членаў абласнога журы работамі пераможцаў і прызёраў конкурсу будуць упрыгожаны пакоі абласнога дзіцячага аздараўленчага летніка “Юнацтва”, у якім штогод адпачываюць і дзеці з нашага раёна.



Экалагічныя буклеты

Раённы этап абласнога завочнага конкурсу экалагічных буклетаў, прысвечанага Міжнароднаму дню зямлі, прайшоў на мінулым тыдні ў аддзеле адукацыі.


Ужо ў другі раз арганізатарам гэтага конкурсу выступае цэнтр пазашкольнай работы. Сёлета свае работы прадставілі 13 устаноў адукацыі.
Сярод 14 буклетаў журы выбрала чатыры, якія і прымуць удзел у абласным конкурсе. Самымі лепшымі аказаліся буклеты, падрыхтаваныя педагогам Варнянскага прытулку, кіраўніком гуртка ЦПР І.М. Субаткевіч і яе выхаванцамі “Экалагічная бяспека беларускай АЭС”, настаўнікам СШ №1 і таксама кіраўніком гуртка цэнтра пазашкольнай работы А.Э. Бараноўскай “Птушкі – нашы сябры”, буклет Гудагайскай СШ “Біялагічная разнастайнасць ландшафтнага заказніка “Возера Бык” і экалагічны буклет “Зямля мая – мой дом!” Рытаньскага НПК.
Рабятамі і настаўнікамі, якія займаліся падрыхтоўкай гэтых буклетаў, была праведзена вялікая работа па вывучэнню разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету Астравеччыны, арганізаваны і праведзены экскурсіі і паходы, сабрана шмат карысных і цікавых матэрыялаў, якія спатрэбяцца і ў вучэбнай дзейнасці.



Вучыліся кіраўнікі гурткоў

На базе цэнтра пазашкольнай работы прайшоў семінар-практыкум для кіраўнікоў гурткоў, якія працуюць у школах нашага раёна.
Праўда, наведаць заняткі рашылі не толькі кіраўнікі гурткоў, але і настаўнікі, якія захапляюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.
І час, трэба сказаць, правялі не дарма. Пасля тэарэтычнай часткі, якую правяла метадыст па гуртковай рабоце С.С. Ластоўская, усе педагогі раздзяліліся на дзве групы. Іх запрасілі паўдзельнічаць у майстар-класах, якія далі супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы Наталля Вацлаваўна Рынковіч і Валянціна Вільеўна Віннічак. Падчас практычных заняткаў педагогі вучыліся пляценню з саломкі і рабоце з тканінай. А вынікам іх зладжанай работы сталі велікодныя кампазіцыі, зробленыя ўласнымі рукамі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.