Шестой школьный день на Островетчине проходит весело и активно

Калегі-журналісты  з горада-пабраціма Астраўца Сасновы Бор у свой апошні прыезд наведалі некалькі  школ Астравеччыны. Было гэта ў суботу – і госці  былі здзіўлены тым, што дзеці з жаданнем у вольны ад вучобы дзень ідуць у школу, каб сустрэцца з аднакласнікамі і настаўнікамі, паўдзельнічаць у цікавых мерапрыемствах  і проста добра правесці час.

І сапраўды, што такое субота? Для большасці жыхароў нашай краіны – гэта доўгачаканы выхадны дзень пасля працоўнага тыдня.  А для настаўнікаў – гэта яшчэ адзін працоўны дзень, падчас якога яны праводзяць выхаваўчыя мерапрыемствы. Ды і вучні, як мне здаецца, з задавальненнем ідуць у гэты дзень у школу. Прынамсі, мне вельмі складана ўгаварыць сына застацца ў суботу дома, нават калі гэтага патрабуюць сямейныя абставіны.

Менавіта ў адзін з такіх суботніх дзён на базе Варнянскага НПК прайшла творчая справаздача па шостым школьным дні.

– Для школьнікаў субота – гэта пік школьнай актыўнасці, крэатыўнасці, імправізацыі і карысна праведзенага  вольнага часу. Мы стараемся стварыць усе ўмовы для таго, каб школьнікі маглі развіваць свае інтарэсы і здольнасці, –  расказвае намеснік дырэктара Варнянскага НПК па выхаваўчай рабоце Аксана Керна.

Наведванне бібліятэкі і аб'яднанняў па інтарэсах, удзел у пастаноўках псіхалагічнага тэатра і форум-тэатра, тэмы якога мяняюцца па запытах вучняў і бацькоў,  – усё гэта,  безумоўна,  прываблівае рабят.

А калі ў педагогаў атрымліваецца яшчэ і зацікавіць дзяцей справай, то ніякіх праблем з наведваннем школы ў суботу не ўзнікае.

Менавіта так  атрымалася з  удзельнікамі літаратурна-драматычнага аб'яднання «Брыганціна». Рабяты, якія ўжо паспелі асвоіць азы тэатральнага мастацтва, на практыцы ўжываюцца ў вобразы казачных персанажаў – пастаноўку «Цуды пад Новы год», над якой працавалі вучні, змаглі ўбачыць школьнікі  і іх бацькі.

А нядаўна варнянскія настаўнікі сталі выкарыстоўваць яшчэ адну новую форму работы з бацькамі – турнір сямейных каманд па інтэлектуальных гульнях.

А які выхадны дзень без спорту? Сем'і з жаданнем удзельнічаюць у спартыўных святах «Тата, мама, я – спартыўная сям'я». Так было і ў тую суботу, калі сем'і  Янковіч, Варапай, Блашкевіч, Мацкела, Казюль, Петрык і Браніцкія сустрэліся ў спартыўнай зале на сяброўскіх стартах.

А фінальным акордам насычанага падзеямі і цікавымі мерапрыемствамі шостага школьнага дня стаў КВЗ «Дарогай здароўя». Праз жарты і гумарыстычныя сітуацыі школьнікі дэманстравалі свае адносіны да здаровага ладу жыцця.

І хто  пасля гэтага стане сцвярджаць, што ў школе сумна  і  што тут трэба толькі вучыцца?  Школа ў суботу – гэта своеасаблівы цэнтр правядзення вольнага часу, дзе кожнае дзіця знойдзе для сябе нешта цікавае.