Семь вопросов поступило на "Прямую линию" с начальником отдела образования, спорта и туризма Островецкого райисполкома

На мінулым тыдні прайшла “Прамая лінія” з новым начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталляй Іосіфаўнай Станкевіч. Пачатак новага навучальнага года не прынясе сёлета вялікіх сюрпрызаў. І тым не менш, тых, хто патэлефанаваў Наталлі Іосіфаўне, было нямала – 7 званкоў паступіла на “Прамую лінію”.

– Я знаходжуся на заслужаным адпачынку. Але не супраць папрацаваць у школе – у мінулым годзе так і рабіла. Ці змагу сёлета я атрымаць нагрузку ў адной з гарадскіх школ?
– Тое, што з 1 верасня нагрузка настаўніка павялічваецца з 18 гадзін да 20, сёння ні для каго не сакрэт. Але скарачаць настаўнікаў ніхто не плануе. У нашым раёне няма вялікай праблемы недахопу кадраў. Вось і сёлета ў аддзел адукацыі прыехалі на працу 34 маладыя спецыялісты. І тым не менш настаўнікаў фізікі, матэматыкі і замежнай мовы, а таксама выхавальнікаў дашкольных устаноў у раёне не хапае – на гэтых пасадах працуюць пенсіянеры. Такіх у нас – 25. І пры жаданні яны і далей змогуць даваць веды дзецям і атрымліваць за гэта годную заработную плату, тым больш што з 1 верасня яна павышаецца на 25 працэнтаў.


– У мінулым годзе ў гімназіі быў адкрыты адзін клас з выкладаннем прадметаў на беларускай мове. Ці плануецца ў бягучым годзе працягваць падобную практыку?
– Удакладніце, калі ласка. У якім класе вы хочаце, каб вучылася ваша дзіця?
– У беларускамоўным.
– І сярэдняя школа №1, і гімназія гатовы выкладаць прадметы і на беларускай, і на рускай мовах. Усё залежыць толькі ад жадання бацькоў. Калі будзе 24 заявы ад жадаючых вучыцца ў беларускамоўным класе, то клас з беларускай мовай навучання будзе адкрыты. Да таго ж ва ўсіх вясковых школах сёння выкладанне прадметаў вядзецца па-беларуску. Таму, калі ў вас ёсць жаданне, то вы можаце аддаць сваё дзіця ў адну з іх.


– Гавораць, што ў бягучым годзе зноў можна будзе вывучаць прадметы на павышаным узроўні. Ці будзе такая магчымасць у сельскіх школьнікаў? Напрыклад, у вучняў Рытанскай школы?
– Сапраўды, з гэтага навучальнага года дзесяцікласнікі змогуць асобныя прадметы вывучаць на павышаным узроўні. Праўда, гэтыя прадметы будуць згрупаваны па накірунках – фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным і грамадазнаўчым. Класы будуць адкрывацца ў лік факульта- тыўных гадзін. Да таго ж пры іх адкрыцці неабходна выканаць некалькі патрабаванняў. Па-першае, гэта жаданне вучня ці яго законнага прадстаўніка вывучаць які-небудзь прадмет на павышаным узроўні, наяўнасць педагогаў вышэйшай катэгорыі, у крайнім выпадку – першай, добрая матэрыяльна-тэхнічная база школы і напаўняльнасць класа – пажадана, каб у ім вучылася 24 вучні.
І таму ў Рытанскай школе з-за нізкай напаўняльнасці класаў вывучаць прадметы на павышаным узроўні не атрымаецца.


– Ці збіраецца Міністэрства адукацыі ўводзіць адзіную школьную форму для ўсіх вучняў?
– Такую задачу Міністэрства адукацыі перад сабой не ставіць. Але прадугледжана, што школьнікі павінны быць апрануты ў адзенне дзелавога стылю. Для хлопчыкаў – гэта пінжак ці камізэлька, штаны, сарочка і гальштук. Для дзяўчынак – адпаведна, пінжак ці камізэлька, спадніца ці штаны, блузка, сарафан. У зімовы перыяд школьнікам дазваляецца апранаць трыкатажны світар.


– Я настаўніца вышэйшай катэгорыі. Працую ў вясковай школе. Дырэктар парэкамендаваў прайсці ў гэтым годзе пацвярджэнне маёй катэгорыі. Ці абавязковая такая працэдура?
– У 2012 годзе пастановай Міністэрства адукацыі нашай краіны прынята новая інструкцыя аб атэстацыі педагагічных работнікаў. Згодна з ёй настаўнік вышэйшай катэгорыі абавязаны праходзіць працэдуру яе пацвярджэння адзін раз у пяць гадоў. Дарэчы, нашы настаўнікі могуць гэта зрабіць не толькі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, але і ў Мінску – у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.


– Калі ў гэтым годзе – у нядзелю 1 верасня ці ў панядзелак 2 верасня – пачнецца новы навучальны год?
– Навучальны год пачнецца 2 верасня. У гэты дзень пройдуць урачыстыя лінейкі, прысвечаныя яго пачатку. Падчас іх усе першакласнікі атрымаюць традыцыйны падарунак Прэзідэнта краіны – кнігу “Мая Радзіма – Беларусь”. Бацькі змогуць наведаць першы ўрок, які сёлета пройдзе па тэме “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”. А потым пачнуцца ўрокі, запланаваныя ў раскладзе школы на гэты дзень.


– Я жыву ў Альхоўцы. Маё прозвішча Генадзій Іванавіч Бужымскі. Хацелася б звярнуць вашу ўвагу на развіццё ў раёне спорту і турызму. Што збіраецеся рабіць у гэтым накірунку?
Пытанне было пераадрасавана намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Сяргею Віктаравічу Шэіну.
– Развіццю спорту на Астравеччыне заўсёды надавалася вялікая ўвага. Толькі за гэты год у раёне прайшло больш за 25 спаборніцтваў, у якіх прымалі актыўны ўдзел вучні ўсіх школ. І гэта толькі мерапрыемствы раённага маштабу. А яшчэ – удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і чэмпіянатах.
У раёне і сёння шмат робіцца для развіцця спорту. Працягваецца рэканструкцыя гарадскога стадыёна – плануецца ўстанавіць пластыкавыя крэслы, пакласці штучнае пакрыццё на бегавыя дарожкі. Каля сярэдняй школы №1 вядуцца работы па закладцы міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём. Да канца бягучага года будзе газіфікаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Старт” у Астраўцы. У бліжэйшай будучыні ў горадзе будуць падрыхтаваны і абсталяваны яшчэ дзве трэнажорныя залы.
Спорт развіваецца. Добра выступаюць нашы баксёры і легкаатлеты, каманды хакеістаў. Згодна з графікам у раёне праходзіць вялікая колькасць спаборніцтваў, удзельнікам якіх можа стаць любы жадаючы. Ужо сёлета мы арганізавалі і правялі чатыры занальныя спаборніцтвы абласнога ўзроўню – гэта значыць, што не толькі мы ездзім выступаць у вобласць, але і каманды з іншых рэгіёнаў прыязджаюць да нас.


---------------------------------------
На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.