Секретарь райкома БРСМ Оксана Лазарева приняла участие во Всероссийском слёте студенческих отрядов

Усерасійскі злёт студэнцкіх атрадаў збірае разам удзельнікаў студатрадаў розных узростаў: ад ветэранаў студэнцкага руху да сённяшніх маладых актывістаў, якія сустракаюцца, знаёмяцца, абменьваюцца вопытам.

Сваімі ўражаннямі аб гэтай маштабнай падзеі мы папрасілі падзяліцца ўдзельніцу злёту Аксану Лазараву.


– Студэнцкія атрады сёння з’яўляюцца сапраўднай школай працоўнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, – адзначыла Аксана Паўлаўна. – Пасля прысваення аб’ектам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі статуса Усебеларускай маладзёжнай будоўлі да нас на Астравеччыну ўжо не першы год прыязджаюць студатрады не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Гэта маладыя, дружныя і актыўныя рабяты, якія паспелі не толькі папрацаваць на будаўніцтве АЭС, але і пазнаёміцца з Астравеччынай, пападарожнічаць па Беларусі, паўдзельнічаць у спартыўных, інтэлектуальных, культурна-забаўляльных мерапрыемствах раёна. Іх адзначала згуртаванасць, ініцыятыўнасць і цікаўнасць. Такі ж дух адзінства і згуртаванасці панаваў увесь час і на Усерасійскім злёце студэнцкіх атрадаў. Канешне, я была вельмі рада, што мяне запрасілі на такую ўрачыстасць. Пачытаць пра нейкую падзею на інфармацыйных сайтах або паглядзець па тэлевізару – гэта адно, а вось убачыць на свае вочы, адчуць самой – гэта зусім іншыя эмоцыі і адчуванні.

У злёце ўдзельнічала вельмі шмат людзей з розных краін, самага рознага ўзросту. Пагэтаму ў першы дзень мы падзяліліся на групы і разышліся па розных секцыях. Я выбрала творчы вечар калектываў студэнцкіх атрадаў – было цікава, як праходзяць падобныя вечарыны. І не пашкадавала. Студатрады прэзентавалі сваю дзейнасць у самых розных формах: КВЗ, своеасаблівага капусніка, розных конкурсаў і прэзентацый. Цікавым былі не толькі выступленні, але і афармленне: форма, значкі, сцягі – усё маштабна, прыгожа, урачыста. Мяне ўвесь час не пакідала ўражанне, што трапіла ў агульны паток актыўнага студэнцкага руху. Гэта было здорава!

– На другі дзень мы паўдзельнічалі ў “круглым стале”. Тут жа падводзіліся вынікі работы студатрадаў у 2014 годзе і ўручаліся ўзнагароды. Канешне, было вельмі прыемна атрымаць Падзячны ліст. Проста шквал эмоцый! Ну а вечарам нас чакаў Крамлёўскі палац! Неверагодная прыгажосць і ўрачыстасць моманту: афіцыйная частка і віншавальна-прывітальны ліст, адрасаваны ўдзельнікам злёту ад імя Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Уразіла шыкоўная праграма, дзе выступалі зоркі расійскай эстрады: група “Серабро”, “Горад 312”, “Піцца”, “А-Студыа”, “Агата Крысці”, Глюкоза, Джыган і іншыя. А самым яркім момантам стаў той, калі некалькі ветэранаў студатрадаў заспявалі своеасаблівы гімн студэнцкага руху “Яростный стройотряд”, а ўвесь зал падняўся і падпяваў усю песню, стоячы.

Ну і, канешне ж, сама Масква! Горад уразіў, зачараваў і пакінуў у душы незабыўны след. Можна шмат расказваць – але ўсё роўна не перадаць уражанне ад убачанага. Уявіце: ты ідзеш па Маскве ці стаіш у Крамлёўскім палацы, дзе нікога не ведаеш, адчуваеш сябе маленькай часцінкай у мегаполісе – і раптам чуеш голас: “Аксана Паўлаўна, прывітанне! Як прыемна вас бачыць. Як вашы справы? Хадзіце да нас, мы вас са сваімі выкладчыкамі пазнаёмім…” І да цябе з усмешкай спяшаюцца студэнты расійскіх студатрадаў, якія прыязджалі да нас летам на будаўніцтва АЭС. Сказаць, што гэта прыемна, – значыць нічога не сказаць. У такія моманты адчуваеш патрэбнасць сваёй справы. І гэта цудоўна!


Марына МАЦКЕВІЧ.