Сегодня - День железнодорожника









Уявіць чыгунку без пуцейцаў – людзей, што займаюцца абслугоўваннем і рамонтам чыгуначных пуцей, – практычна немагчыма. Не было б іх – і пасажыры не змаглі б адправіцца на цягніках у суседнія гарады ці краіны, грузы немагчыма было б дастаўляць у неабходны тэрмін у патрэбнае месца. Менавіта на гэтых людзях ляжыць адказнасць за бесперабойную работу чыгункі.

У 2010 годзе – аб гэтым сведчыць “10” на новых рэйках – у нашым раёне пачалася пракладка чыгуначных пуцей і будаўніцтва новай станцыі. Па назве населенага пункта, каля якога размешчана станцыя, яна стала называцца Бабраўнікі. А да новай станцыі ад станцыі Ашмяны пралеглі рэйкавыя пуці. Чыгуначная дарога была спецыяльна пракладзена для таго, каб дастаўляць на будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай электрастанцыі неабходныя матэрыялы.
Працягласць новых пуцей – 27 кіламетраў. На першы погляд, няшмат – але за кожным кіламетрам рэйкавай дарогі стаяць людзі: спачатку тыя, хто будаваў станцыю і пракладваў пуці, а потым – тыя, хто займаецца іх абслугоўваннем і рамонтам, хто імчыць грузы па стальной магістралі.
Абслугоўваюць новы ўчастак чыгункі Ашмяны – Бабраўнікі дзве брыгады сёмага акалодка – аднаго з аддзелаў Маладзечненскай дыстанцыі пуці.
Асноўная задача пуцейцаў, што тут працуюць, – абслугоўваць пуці і пры неабходнасці займацца іх рамонтам.






Брыгада Пятра Іосіфавіча Вырвіча абслугоўвае 1-16 кіламетры новай чыгункі, астатняя частка чыгуначнага пуці знаходзіцца пад патранажам брыгады Юрыя Антонавіча Лапшэвіча.
– На станцыю Бабраўнікі мы прыйшлі ў ліпені 2012 года, – расказвае брыгадзір Юрый Лапшэвіч. – Яна толькі пачынала працаваць. Менавіта тады на нашы брыгады лягла поўная адказнасць за абслугоўванне чыгуначнага палатна і перамяшчэнне па ім грузаў.
Сёння ў дзвюх брыгадах працуе дзесяць чалавек. Кожны з іх на чыгунцы не першы год. І ўсе яны добра ўсведамляюць адказнасць, якая кладзецца на іх плечы.
… Падчас майго візіту на новую чыгунку на сёмым акалодку кіпела праца. Нягледзячы на спёку – сонца ў гэты дзень прыпякала не на жарт, – манцёры працавалі на зварцы рэйкаў.
Дапамагала пуцейцам брыгада пуцявой рэйка-зварачнай самаходнай машыны Аршанскага рэйка-зварачнага цягніка №10 – дарэчы, адзінага прадпрыемства ў Беларусі, якое займаецца зваркай рэек электракантактным спосабам у стацыянары і з выездам на месца.
– Работа нашага рэйка-зварачнага цягніка – а на справе гэта сапраўднае перасовачнае рамонтнае прадпрыемства – часта носіць раз’язны характар, – расказвае майстар цягніка Уладзімір Уладзіміравіч Шыркевіч. – У нас ёсць уся неабходная тэхніка для рамонту рэек, іх замены і зваркі.
Рэжым работы брыгады нялёгкі – амаль увесь час людзі знаходзяцца ў камандзіроўках. У такія дні жывуць у вагонах, у якіх створаны прыстойныя бытавыя ўмовы: ёсць вада, халадзільнік, кандыцыянер, тэлевізар.



Рабочыя рэльса-зварачнага цягніка маюць спецыяльнасць зваршчыкаў – усе яны прайшлі навучанне ў адзінай на постсавецкай прасторы навучальнай установе падобнага тыпу – спецыялізаваным Інстытуце электразваркі ў Кіеве.
… Працэс правядзення работ заварожвае. І хоць старонняму назіральніку на першы погляд здаецца, што ўсё вельмі проста, – работа гэта вельмі адказная. Спачатку канцы рэйкаў зачышчаюць і абточваюць. Пасля гэтага за работу бярэцца спецыялізаваная тэхніка, якой з дапамогай камп’ютара кіруюць высокакваліфікаваныя спецыялісты.
Сноп іскраў – бы салют. Праходзіць дзесьці дзве хвіліны – і ток робіць сваю справу: трываласць зварнога шва – стопрацэнтная.
– Кожны дзень з раніцы да вечара, а калі трэба – то і ноччу, нягледзячы на непагадзь, мы выходзім на дзяжурства – абслугоўваем станцыю, на якой знаходзяцца чатыры пуці і восем электрафікаваных стрэлак, пуцеправод, 4 пераезды і 11 кіламетраў пуцей, – расказвае брыгадзір адной з брыгад участка Ашмяны – Бабраўнікі Юрый Лапшэвіч. – Сёння ў маёй брыгадзе працуюць чатыры чалавекі: Васілій Канстовіч, Міхаіл Ластоўскі, Віктар Казюлевіч і Віталій Заянчкоўскі. Усе яны на чыгунцы не першы год і сваю справу ведаюць выдатна.



Работа на пуцях – гэта своеасаблівая праверка на трываласць. Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. І справа не толькі ў высокіх патрабаваннях ці ў спецыфіцы працы, але і ва ўсведамленні той адказнасці, якая ўскладзена на рамонтную брыгаду.
Усё гэта добра ведае і Юрый Лапшэвіч. Пасля службы ў арміі юнак задумаўся аб працаўладкаванні. Прыйшоў на чыгуначную станцыю Гудагай. Аказалася, што людзі патрэбны, – літаральна праз некалькі дзён ён ужо працаваў у брыгадзе манцёраў-пуцейцаў. Адказныя адносіны да работы і ўважлівыя – да калег-пуцейцаў паўплывалі на тое, што праз два гады Юрыя прызначылі брыгадзірам. З таго часу прайшло 11 гадоў – і сёння Юрый Антонавіч упэўнены, што менавіта на чыгунцы ён знайшоў сваё прызванне.
– Мне цяжка ўявіць сябе ў якой-небудзь іншай сферы. З многімі, хто зараз працуе ў брыгадзе, мы разам пачыналі ў Гудагаі. Усе яны – кваліфікаваныя спецыялісты. Без гэтага на чыгунцы нельга. Усе манцёры маюць кваліфікацыі пуцявых абходчыкаў, стропальшчыкаў, кустарэзчыкаў. На чыгунцы на першае месца выходзіць безаварыйная работа, – падкрэслівае Юрый Антонавіч.
Словам, чыгунка стала для мужчыны амаль што родным домам. Пра гэта сведчыць і тое, што праз некаторы час і жонка Юрыя перакваліфікавалася з педагогаў у касіры: сёння Марына працуе на чыгуначнай станцыі Гудагай.



Прафесіяналам сваёй справы з’яўляецца і Пётр Іосіфавіч Вырвіч – ён адпрацаваў на чыгунцы дзесяць гадоў. І вось ужо паўгода, як з’яўляецца брыгадзірам другой брыгады, што абслугоўвае ўчастак чыгункі Ашмяны – Бабраўнікі.
– Сам працаваў пуцейцам, таму не па чутках ведаю, што трэба рабіць і якая на нас кладзецца адказнасць, – расказвае Пётр Іосіфавіч. – Калектыў у нас добры. Людзі правераны часам і справамі, таму, калі і ўзнікаюць надзвычайныя сітуацыі, мы адразу ж іх выпраўляем.
Адзін са старажылаў у брыгадзе Пятра Іосіфавіча – Юрый Віктаравіч Суравец. На чыгунку ён прыйшоў адразу ж пасля школы. Затым была служба ў арміі, пасля Юрый Віктаравіч зноў вярнуўся на чыгунку. З таго часу прайшло амаль 25 гадоў.
– За гэтыя гады многае змянілася. Ды і за час працы, канешне, усялякага бывала, – усміхаецца Юрый Віктаравіч. – Але помніцца звычайна толькі добрае. Без узаемаразумення і падтрымкі ў нашай рабоце не абысціся – тут кожны ведае сваю справу.



Выпадковых людзей на чыгунцы не бывае – у гэтым я ўпэўнілася, правёўшы некалькі гадзін пад спякотным сонцам каля чыгуначнага палатна. У кожнага з гэтых людзей свой жыццёвы шлях, але аб’ядноўвае іх пуць пуцейца, па якім смела і ўпэйнена імчаць цягнікі з пасажырамі і грузамі.

-----------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.