Сделай выбор: жизнь или смерть?

Па тэлебачанні, радыё, у інтэрнэце бясконца гавораць, што наркотыкі – гэта дрэнна… А новыя сябры з сусветнай павуціны сцвярджаюць, што спайс – не наркотык… Дарослыя пагражаюць – не ўздумай, знаёмыя ж усміхаюцца – адкуль можаш ведаць, не спрабаваўшы? Бацькі ўгаворваюць не звязвацца, а таварышы здзекуюцца: калі будзеш жыць па правілах –  прапусціш самае цікавае… Што рабіць? Падлетак знаходзіцца перад складаным выбарам: застацца “белай варонай” сярод новых знаёмых ці ўсё ж паспрабаваць адзін-адзіны раз гэты спайс, які прыцягвае магнітам…

Толькі, на жаль, аднаго разу не бывае… І выбар трэба зрабіць больш чым сур’ёзны, без перабольшвання – лёсавызначальны: жыццё ці  смерць?


Таму зараз звяртаемся да цябе, падлетак ці малады чалавек, які хоча паспрабаваць спайс. Ты думаеш, гэта – бясшкодна, гэта – не наркотык і ад аднаго разу нічога страшнага не здарыцца? Ты памыляешся. Ужо даказана, што шкода спайса ў некалькі разоў перавышае наркатычнае ўздзеянне марыхуаны. Ты думаеш, гэта проста трава? Аднак любы даведнік у інтэрнэце раскажа, што ў склад спайса ўваходзяць сінтэтычныя рэчывы. Ты бачыў на ўроках хіміі, да чаго можа прывесці спалучэнне розных рэчываў? А зараз уяві, да чаго можа прывесці “мешаніна” спайса ў тваёй галаве. Блытаніна паняццяў, пераасэнсаванне самога сябе, выбух у мазгах… Ты ўпэўнены, што твая псіхіка гэта вытрымае і не выкіне нешта неадэкватнае – не ператворыць цябе ў жывёліну, не адправіць у космас, не прымусіць сігануць з восьмага паверху?.. Упэўнены?..

Ты баішся стаць ізгоем, слабаком сярод сяброў, тваіх новых “крутых” знаёмых? Але падумай: колькі часу ты іх ведаеш? Ды і ці таварышы яны табе? Няўжо сапраўднае сяброўства правяраецца не ўзаемадапамогай, парадай, шчырасцю, а падсоўваннем табе атруты? Яны прапаноўваюць спайс – ты добра ведаеш, што яго захоўванне і распаўсюджванне караецца крымінальнай адказнасцю. Выходзіць, твае сябры – злачынцы? За такі вось незаконны “бізнес” можна на восем гадоў развітацца з воляй. Ты гатовы прачынацца па камандзе ахоўніка, замест сонца бачыць краты на акне і марыць пра глыток вольнага паветра? Ну што ж – гэта тваё жыццё…

Табе сумна? Хочацца новых адчуванняў, экстрыму, адрэналіну? Няўжо для гэтага абавязкова патрэбен спайс? Скачок з парашута – і шквал эмоцый гарантаваны. Існуе мноства розных спосабаў – было б жаданне. Няма магчымасцей? Навучыся катацца на сноубордзе, каньках, лыжах… Танцаваць брэйк-данс, румбу, вальс… Займіся спортам: каратэ, футболам, боксам… Паспрабуй творчасць: размалюй чысты ліст або сцяну пакоя, дзе патрэбен рамонт, сфатаграфуй захад сонца, напішы верш… Павер, дзяўчатам падабаюцца моцныя, разумныя, здаровыя хлопцы, а хлопцам – грацыёзныя, акуратныя, сімпатычныя, здаровыя дзяўчаты… А не сутулыя, бязвольныя, нервовыя, хворыя цені тых, хто ўжывае спайс. Выходзіць, слабак – не ты, слабакі – яны, тыя, хто прапаноўвае табе спайс…

Ты хочаш, каб табой ганарыліся? Каб тваё прозвішча гучала сярод актыўных, адказных, старанных? Дзе можна знайсці імёны тых, хто ўжывае спайс? Хіба што ў крымінальнай хроніцы, судовай справе, спісе пацыентаў псіхічнага аддзялення. Ці на помніках на могілках…

Па тэлебачанні, радыё, у інтэрнэце гавораць, што наркотыкі – гэта дрэнна. Спайс – гэта той жа хімічны наркотык. Не дай яму забраць тваю маладосць, будучыню і жыццё!


Аксана ПАГАДА,інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх.