Сдать экзамен по иностранному языку на "десятку"
Летам 2013 года выпускнікі 11 класа ўсіх школ будуць здаваць яшчэ адзін абавязковы экзамен – па замежнай мове. Пра тое, як будзе праходзіць гэты іспыт і наколькі школьнікі падрыхтаваны да яго, мы вырашылі пацікавіцца ў намесніка начальніка аддзела адукацыі Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч.
– Тое, што ў 2013 годзе выпускнікам сярэдніх школ давядзецца здаваць абавязковы экзамен па замежнай мове, вядома ўжо два гады. Што павінны прадэманстраваць вучні на гэтым экзамене?
– На экзамене па замежнай мове будзе правярацца камунікатыўная кампетэнцыя. Гэта значыць, што вучні павінны прадэманстраваць веданне лексічных адзінак, устойлівых словазлучэнняў, граматычных норм, асаблівасці вымаўлення, якія прадугледжаны праграмай. Вучні павінны ўмець успрымаць і разумець вусную мову на слых і ў аўдыёзапісе, умець весці гутарку, адказваць на пытанні, даць параду, пракаменціраваць пачутае ці ўбачанае і гэтак далей.
– Экзамен будзе складацца з некалькіх частак, так?
– Канешне. Экзамен уключае тры этапы. Першы – субяседаванне па прачытаным тэксце. Тут будуць правярацца навыкі чытання і разумення прачытанага, вучань павінен умець пракаменціраваць сітуацыю і зразумець мову на слых у гутарцы з членамі камісіі. Падчас адказу вучань мае права карыстацца тэкстам, а вось выкарыстоўваць слоўнік – нельга. Дарэчы, разам з тэкстам вучню прапануюць і чатыры заданні для падрыхтоўкі да субяседавання. Адводзіцца таксама і час на падрыхтоўку задання – 20 хвілін.
Другі этап – субяседаванне па праслуханым тэксце. На гэтым этапе правяраюцца ўменні ўспрымаць і разумець вусную мову. Час гучання тэксту – да 1,5 хвіліны. Тэкст слухаецца два разы. Падчас першага праслухоўвання вучням прапануюць заданні для падрыхтоўкі да субяседавання, уласныя імёны, складаныя для ўспрымання словы, якія выкарыстоўваюцца ў тэксце. Падчас другога праслухоўвання дазваляецца рабіць пазначэнні. Для падрыхтоўкі да адказу даецца 10 хвілін.
На трэцім этапе неабходна пагутарыць па сітуацыі, якая будзе прапанавана членамі экзаменацыйнай камісіі. Тут трэба будзе не толькі прадэманстраваць маналагічную мову, але і паказаць уменне весці дыялог на замежнай мове. Вучняў не знаёмяць са зместам гутаркі зараней. Заданні – іх пяць – прапануюць вучню непасрэдна ў час гутаркі.
– Хто будзе складаць заданні да экзамену?
– Білеты да правядзення экзамену кожны год будуць зацвярджацца Міністэрствам адукацыі Рэспубікі Беларусь. Дарэчы, ужо цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваў і выдаў рэпетыцыйныя матэрыялы для падрыхтоўкі да экзамену. Імі педагогі і вучні могуць карыстацца і сёння. А зборнік экзаменацыйных заданняў з’явіцца ў школах дзесьці ў маі будучага года.
– Як будзе праходзіць экзамен?
– Адначасова ў аўдыторыі можа знаходзіцца да чатырох вучняў. Паслядоўнасць этапаў экзамену не рэгламентуецца, а вызначаецца экзаменацыйнай камісіяй. Рэкамендуецца прысутнасць у аўдыторыі спецыяліста, які будзе арганізоўваць індывідуальнае праслухоўванне аўдыётэкстаў для кожнага вучня.
Кожны этап экзамену ацэньваецца асобна з улікам узроўня сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі вучня згодна з зацверджанымі крытэрыямі ацэнкі. Выніковая экзаменацыйная адзнака выстаўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак, атрыманых на кожным этапе экзамену.
– У вялікіх школах арганізаваць работу экзаменацыйнай камісіі будзе прасцей – у іх, як правіла, працуюць некалькі настаўнікаў замежнай мовы. А што рабіць невялікім школам, дзе працуюць адзін-два педагогі? Хто будзе ўваходзіць у склад экзаменацыйнай камісіі?
– Узначальвае экзаменацыйную камісію старшыня. Гэта можа быць дырэктар школы, ці яго намеснік па асноўнай дзейнасці, або настаўнік замежнай мовы вышэйшай катэгорыі. Але старшынёй камісіі не можа быць настаўнік, які выкладаў замежную мову ў гэтым класе. У склад камісіі таксама павінны ўваходзіць тры настаўнікі замежнай мовы, якія выкладаюць менавіта тую мову, па якой праходзіць экзамен. Калі ў школе няма столькі настаўнікаў, то дырэктар мае права запрасіць на экзамен настаўнікаў з іншых школ.
– Каб арганізаваць адзін з этапаў экзамену – аўдзіраванне, якое патрабуе індывідуальнага праслухоўвання тэксту, небходна абсталяваць школы лінгафоннымі кабінетамі, ці хаця б навушнікамі, якія можна падключыць да камп’ютараў. Што ў гэтым накірунку ўжо зроблена?
– У студзені 2013 года лінгафонныя кабінеты будуць устаноўлены ў гімназіі №1 і СШ № 1 Астраўца. Ва ўсіх астатніх установах ёсць камп’ютарныя класы, якія і будуць выкарыстаны пры правядзенні экзамену па замежнай мове.
– Як вы лічыце, нашы выпускнікі гатовы да здачы выпускнога экзамену па замежнай мове?
– Ужо два гады педагогі, школьнікі і іх бацькі рыхтуюцца да экзамену па замежнай мове. І псіхалагічна яны да яго падрыхтаваны. А як яны падрыхтаваны па прадмеце – убачым у чэрвені 2013 года. А пакуль што хочацца пажадаць усім – вучням, іх бацькам і настаўнікам поспехаў і плённай падрыхтоўкі да яшчэ аднаго іспыту.
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.