Самые вкусные блины выбирали в Территориальном центре социального обслуживания населения
Самыя смачныя бліны выбіралі днямі ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе сабраліся выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і самыя актыўныя сталыя жыхары нашага горада, якія наведваюць аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту, каб разам адзначыць два каляндарныя святы – 8 Сакавіка і пачатак Масленічнага тыдня.
Добры настрой панаваў у святочна ўпрыгожанай зале з самага пачатку мерапрыемстыва, якое пачалося з дэгустацыі бліноў. Былі і яны на любы густ і смак: з тварагом і варэннем, макам і грыбамі, курыцай і ікрой, а яшчэ – ажурныя, выпечы якія – сапраўднае мастацтва. Былі аладкі і дранікі, а таксама кексы, хрушчы і іншая выпечка. Словам, удзельнікі конкурсу пастараліся – і журы давялося складана.
Аднак і з гэтай задачай яно справілася нядрэнна. Аднагалосна гран-пры конкурсу было аддадзена ажурным блінам Люцыі Іосіфаўны Мацкевіч, першае месца атрымалі бліны з тварагом ад Алены Уладзіміраўны Камок, другое – блінны торт, які зрабіла Наталля Якаўлеўна Віннік, а трэцяе – беларускія дранікі ад Раісы Мікалаеўны Паршутовіч.
А потым стартавала асноўная частка мерапрыемства. Дасціпныя жарты, цікавыя конкурсы і гульні, вясёлыя танцы, вершы і песні ў выкананні Эміліі Мізула, Вікторыі Касцюк, Таццяны Канчанін, Аляксандра Юргелянца, Юрыя Інаровіча і Яраслава Вянгроўскага, а таксама супрацоўнікаў і выхаванцаў тэрытарыяльнага цэнтра – час, як і належыць падчас масленічнага тыдня, прабег весела і цікава.
Не першы і, упэўнена, не апошні раз сабраліся госці ва ўтульнай зале тэрытарыяльнага цэнтра – і ў чарговы раз падзяліліся добрым настроем: паспявалі песні, атрымалі падарункі і разам сустрэлі вясну!----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
