Самые активные, инициативные и позитивные островчанки знают всё
Штогод Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізоўваюць святочныя мерапрыемствы для пажылых людзей. Сёлета да арганізатараў далучыліся валанцёры, удзельнікі праекта “Дом без адзіноты”, раённыя арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, РГА “Белая Русь” і рэдакцыя раённай газеты.Самым актыўным, ініцыятыўным і пазітыўным жанчынам, якія адчуваюць сябе маладымі душой, арганізатары прапанавалі стаць удзельнікамі інфармацыйна-забаўляльнай праграмы “Ведаю ўсё”.
Пяць каманд: “Цветик-семицветик”, “Улыбка”, “Непоседы”, “Надежда”, якія прадстаўлялі ветэраны працы розных галін, і “Пельмешки”, у склад якой увайшлі валанцёры Гудагайскай школы – змагаліся за права стаць самай лепшай і разумнай камандай.
Удзельнікам конкурсу неабходна было адказаць на чатыры блокі пытанняў. Спачатку дарослыя і дзеці дэманстравалі веды па лекавых раслінах, затым рашалі гумарыстычныя задачы, потым успаміналі цікавыя факты з жыцця нашага горада і напрыканцы гульні адгадвалі мелодыі.Асобным этапам мерапрыемства стаў конкурс, падчас якога неабходна было прарэкламаваць раённую газету. Адны чыталі вершы ўласнага сачынення, другія выконвалі частушкі, а трэція расказвалі пра “раёнку” па ўсіх правілах рэкламы.
У выніку першае месца і падпіску на першы квартал 2016 года ад раённай газеты і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” атрымала Вера Мікалаеўна Кучынская. Падарункамі з сімволікай “Астравецкай праўды” былі адзначаны Яніна Мацкевіч і Ларыса Іванаўна Тарашкевіч.Запамінальным момантам свята стала ўручэнне дыпломаў рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” за ўдзел у выставе “Адкуль нашы карані?”. Іх атрымалі Святлана Міхайлаўна Харытонава, Ганна Паўлаўна Урбановіч, Святлана Іванаўна Мешкіс і Леанід Мечыслававіч Баршчэўскі.
Але ўсе чакалі вынікаў гульні. Атрымалася, што найбольшую колькасць балаў набрала каманда “Надежда” – усе яе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі “Белая Русь”. Але і прадстаўнікі астатніх каманд пайшлі дамоў не з пустымі рукамі – ад аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра яны атрымалі памятныя падарункі. А закончылася мерапрыемства чаяпіццем.
---------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
