С заботой и уважением к старшему поколению
Існуе меркаванне, што пра стан грамадства можна меркаваць па тым, як у ім адносяцца да дзяцей і старых… Іх недарэмна ставяць у адзін рад, бо старыя, якія знаходзяцца на схіле жыцця – нібы тыя ж дзеці: часта бездапаможныя, не заўсёды адэкватныя, патрабуюць увагі і цярпення, і нават большага, чым пры абыходжанні з дзецьмі.
І ўсё ж вазьму смеласць сцвярджаць, што грамадства ў цэлым і асобныя яго прадстаўнікі адносяцца да дзяцей з большай увагай і клопатам, чым да старых. Прыняты адпаведныя заканадаўчыя акты і дзяржаўныя праграмы, створаны спецыяльныя ўстановы, задача якіх – сачыць за тым, каб не парушаліся правы дзяцей, і калі такое здараецца, пакрыўджаных лёсам ці ўласнымі бацькамі бярэ пад сваё “крыло” дзяржава, выдаткоўваючы на іх выхаванне немалыя сродкі. Акрамя таго, знаходзяцца добрыя і самаахвярныя людзі – і такіх, на шчасце, з кожным годам усё больш – якія бяруць абяздоленых дзяцей у свае сем’і, стараючыся насуперак няпростай спадчыннасці і цяжкаму вопыту першых гадоў жыцця вырасціць з іх добрых людзей.
Напэўна, гэта правільна. Бо, як бы ні банальна гэта гучала, дзеці – наша будучыня. І, укладваючы сёння ў іх выхаванне дзяржаўныя і асабістыя “інвестыцыі”, ёсць надзея некалі атрымаць пэўныя “дывідэнды” ў выглядзе дастойных грамадзян і клапатлівых дзяцей – хоць, вядома ж, ніхто не можа гарантаваць, што ўсё будзе менавіта так.
А вось адзінокая старасць у грамадства чамусьці не выклікае такога жадання дапамагчы.
Шкадаванне, спачуванне, малітву “Барані мяне бог ад такога” – так, а вось жадання нечым аблегчыць гэтыя апошнія гады жыцця – не ва ўсіх і не заўсёды. Мусіць, таму, што, клапоцячыся пра цёплую ва ўсіх сэнсах гэтага слова старасць роднага ці далёкага пажылога чалавека, мы тым самым аддаём даўгі – свае ці чужыя… Без усялякай надзеі на тое, што гэтыя “ўкладанні” некалі вернуцца нечым – акрамя як Божай міласцю. Але пра тое, што яна некалі спатрэбіцца і нам самім, што дужыя і маладыя могуць стаць такімі ж старымі, бездапаможнымі і нікому не патрэбнымі, думаць не хочацца – у гэта проста не верыцца. А вяртаць даўгі, як вядома, любяць не ўсе і не заўсёды. Некаторыя знаходзяць сто і адну прычыну, па якіх, як яны лічаць, аддаваць іх не варта, ці неабавязкова, ці ўвогуле ніхто нікому нічога не вінаваты… Забываючыся, што гэта таксама – найперш даўгі самім сабе.
Канешне, пакінутых старых грамадства і дзяржава таксама не пакідаюць без увагі. Акрамя пенсійнага забеспячэння, існуе разгалінаваная сістэма сацыяльнай падтрымкі і абароны тых, хто на схіле гадоў не мае магчымасці дагледзець сябе.
Але ж наведваць дамы-інтэрнаты для дзяцей не так цяжка, як для састарэлых. Пануе там дух нейкай безвыходнасці і адчаю, ад якога – не прадыхнуць… Таму, напэўна, пра іх насельнікаў не вельмі любяць узгадваць ні дабрачынныя арганізацыі, якія так шчодра клапоцяцца пра дзяцей-сірот, ні грамадскія. А часам – і гэта самае сумнае – нават родныя ды блізкія. І кожны наведвальнік у гэтых сценах для яго жыхароў – сапраўдная падзея.
Такой для насельнікаў Міхалішкаўскай участковай бальніцы у адзін са снежаньскіх дзён стаў прыезд журналістаў раённай і абласной газет і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва С.М. Івановай.
Для недасведчаных мушу патлумачыць: у нашым раёне няма дома-інтэрната для састарэлых. Людзі, якія на схіле гадоў засталіся адзінокімі і бездапаможнымі, змяшчаюцца на сацыяльныя ложкі ў Міхалішкаўскую ўчастковую бальніцу. Такіх ложкаў у бальніцы – 57. Для іх насельнікаў гэты самы ложак, ды казённая тумбачка, ды бальнічная палата сталі родным домам. Для каго даўно, некалькі гадоў таму – нам расказвалі, што “старажыл” бальніцы знаходзіцца тут ужо 15 гадоў, а для каго – толькі некалькі тыдняў назад. А суседзі па палаце і па лёсе, ды бальнічны персанал – урачы, медсёстры, санітаркі – сям’ей.
Хоць, да майго здзіўлення, у большасці з тых, з кім нам давялося ў той дзень пагутарыць, не толькі некалі была, але і зараз ёсць сапраўдная сям’я – браты, сёстры і нават дзеці і ўнукі. Часам яны праведваюць сваіх родных у бальніцы – пра што дзядулі і бабулі расказвалі нам з гонарам і радасцю. Праўда, пра тое, што бывае гэта не вельмі часта, стараліся прамаўчаць. Калі ж праўда “вылазіла” на паверхню, стараліся апраўдаць блізкіх перад чужымі людзьмі: “Ды калі ж ім ездзіць? Далёка, візы дарагія, чэргі на граніцы (у многіх дзеці жывуць у Літве), ва ўсіх свая работа, сем’і, праблемы… А чаго тут да нас ездзіць часта? У нас тут усё ёсць”.
Мы “з іншых крыніц” даведаліся, што падобныя “візіты” да некаторых насельнікаў – не да ўсіх! – адбываюцца звычайна раз у месяц, калі старыя атрымліваюць пенсію. Асноўная яе частка – 80 працэнтаў – пералічваецца ў бюджэт на кампенсацыю расходаў за ўтрыманне пацыентаў на гэтых сацыяльных ложках, а 20 працэнтаў выдаецца ім на рукі – у людзей жа ёсць і нейкія асабістыя, не ўлічаныя бальнічным раскладам, патрэбы і жаданні: цукерку, напрыклад купіць, ці новыя шкарпэткі – сюды раз на тыдзень прыязджае аўтамагазін, а калі
папрасіць, то нехта з медперсаналу прынясе з міхалішкаўскага магазіна што-небудзь смачненькае, чаго няма ў меню бальнічнай сталоўкі. Але часцей за ўсё нават гэтыя невялікія грошы ідуць… на гасцінцы і падарункі дзецям ці ўнукам. Якія дзеля гэтага і прыязджаюць у бальніцу да бацькоў…
Але я далёкая ад таго, каб агулам “кляйміць” усіх, чые бацькі ці родныя зараз знаходзяцца на сацыяльных ложках у міхалішкаўскай бальніцы – хоць, па праўдзе кажучы, хочацца. Але я стараюся зразумець, што абставіны бываюць розныя – як рознымі бываюць і самі бацькі, і іх дзеці, у тым ліку – і насельнікі сацыяльных ложкаў. Да прыкладу, па дарозе ў бальніцу Святлана Мікалаеўна Іванова расказала мне пра аднаго такога “пацыента”, які днямі ці то ўцёк з гэтай бальніцы, ці то быў выпісаны за парушэнне бальнічнага рэжыму – ён ператварыў жыццё сваіх суседзяў і медперсаналу ў сапраўдную пакуту. А ўжо назаўтра патэлефанавалі з сельскага Савета: трэба ратаваць чалавека, дроў у яго няма, замерзне ў хаце – хто адказваць будзе? Праўдамі і няпраўдамі яго зноў адправілі ў Міхалішкі…
Там, у бальніцы, сустрэліся мы з адным цікавым “філосафам”: былы падкідыш, якому ў дзетдоме далі прозвішча Платонаў, змяніў яго на Платон – “парадніўся”, так бы мовіць, з грэчаскім філосафам. За сваё жыццё ён аб’ехаў увесь былы Саюз, не нажыў сям’і – зрэшты, у пошуках сваёй “палавінкі” знаходзіцца і зараз, нават у сценах бальніцы, знаходзячыся на сацыяльным ложку…
Хочацца ці не, але вымушаны канстатаваць: гэтыя людзі самі так пабудавалі сваё жыццё, што на старасці гадоў засталіся нікому не патрэбнымі…
Але ж ёсць і іншыя прыклады, і іншыя лёсы. Выслухаўшы ўважліва – а менавіта гэтага найбольш не хапае кожнаму з іх зараз – пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду,
можна пісаць калі не кнігу, то нарыс – дакладна… На жаль, як правіла, з драматычным, калі не трагічным фіналам.
...Ніна Іванаўна Асмаковіч у свой час працавала галоўным аграномам у саўгасе “Падольскі” ў гады яго росквіту. Была паважаным у вёсцы і раёне чалавекам, мела сям’ю, выгадавала дваіх дзяцей. А потым… Пахавала і мужа, і абодвух дзяцей. Розум жанчыны не вытрымаў такой лавіны гора. Зараз яна знаходзіцца на сацыяльным ложку. Час ад часу бабулю праведвае ўнук, які жыве ў Літве – але хто зможа асудзіць маладога чалавека, што не забірае цяжка хворую бабулю да сябе?
Віця Петрык – любімец усёй бальніцы, вялікае дзіця. Яму ўжо за сорак, а ён, як маленькі, больш за ўсіх чакае Новы год і ёлку з Дзедам Марозам і падарункамі. Гэты хлопчык-мужчына – інвалід дзяцінства, у яго – дзіцячы цэрэбральны параліч. Бацькі, пакуль жылі, глядзелі і любілі сына. А калі яны памерлі, Віцю, які застаўся ў сваім развіцці хлопчыкам, пасялілі ў Міхалішкаўскую бальніцу. Сёстры, якія жывуць у Літве, не забываюць, праведваюць брата, але ніводная з траіх не можа прысвяціць яму сваё жыццё – а менавіта гэтага патрабуе догляд за інвалідам.
Дзве стрыечныя сястры, Апалонія і Ядвіга Буйніцкія, ніколі не былі замужам і не мелі дзяцей.
Пакуль былі маладзейшыя і дужэйшыя, неяк спраўляліся, самі, пасля – з дапамогай сацыяльных работнікаў, са сваімі бытавымі праблемамі. Калі ж зусім абяссілелі, прыехалі ў Міхалішкі… Зараз яны жывуць у адной палаце, успамінаюць, як некалі працавалі ў калгасе – адна звеннявой на лёне, другая – даяркай, пра гады маладыя… У іх хоць успаміны аднолькавыя…
Другі год жыве ў Міхалішкаўскай бальніцы Баляслаў Іванавіч Багдановіч з Варнян – яго лічаць адным з самых “удачлівых” насельнікаў аддзялення сястрынскага догляду, суседзі па палаце нават зайздросцяць яму. Трое дзяцей Івана Баляслававіча, якія жывуць у Літве, хоць і не змаглі пасля смерці маці забраць бацьку да сябе – хто ведае, якія там у іх абставіны склаліся? – але прыязджаюць практычна кожны тыдзень, не кажучы ўжо пра святы: забіраюць на выхадныя, а падчас адпачынку – і на больш працяглы час – у родную хату, дзе ён зноў можа пабыць дома, са сваімі людзьмі. А затым зноў прывозяць у бальніцу.
Яго сусед па палаце, дачка якога жыве ў Астраўцы, можа, і зайздросціць Івану Баляслававічу, але выгляду не падае:
–Як яны мяне забяруць? – апраўдвае ён дачку. –Унучка нядаўна замуж выйшла, у двухпакаёвай кватэры ўчатырох жывуць, дзве сям’і. Куды яшчэ мяне, амаль нерухомага пасля інсульту, забіраць? Хапае ім і без таго. Напакутаваліся, пакуль маці паралізаваную даглядалі амаль два гады…
Францішка Іванаўна Аўдзей з Палушаў у гэтай бальніцы ўжо дзесяць гадоў – і перажывае толькі пра тое, што “хоць бы і захацела вярнуцца ў сваю хатку – дык няма куды: суседзі-алкаголікі разабралі, і следу не засталося”.
Немагчыма глядзець без сардэчнага болю і без слёз на гэтых бездапаможных старых, слухаць іх жыццёвыя гісторыі, тое, з якой любоўю і гонарам яны расказваюць пра поспехі дзяцей і ўнукаў ці, наадварот, перажываюць за іх праблемы: вось зноў жа нешта ў іх сталася, раз прыехаць не змаглі, мо захварэлі ці здарылася што…
Хоць ёсць сярод іх і аптымісты. Данута Адольфаўна Буйко, да прыкладу, з ранку да вечара спявае – польскія, беларускія, рускія песні. Голас у яе моцны, прыгожы… А ўсмешка – добрая-добрая… Праўда, жанчына не вельмі разумее, дзе яна знаходзіцца, усё думае, што хутка паедзе дахаты…
А Яніна Іосіфаўна Салавей, якую медперсанал на-паўжартам называе “наш камендант”, – аптымістка свядомая. І жыццё на сацыяльным ложку яна таксама выбрала свядома.
– Пасля смерці мужа я ў сына жыла, у Астраўцы, – даверліва расказвае нам адносна маладая і бадзёрая жанчына. – Сын у мяне добры, і ўнук цудоўны, мяне вельмі любіць. А потым волі мне захацелася – сюды папрасілася… Муж некалі, як паміраў, наказваў: не ідзі да дзяцей, ідзі ў дом састарэлых. Ну, я яго і паслухалася. І не шкадую! Тут добра, весела! Сяброўкі ў мяне тут – і ў карты перакінемся, і пагамонім пра сваё, спрадвечнае. А ў гарадской кватэры што ж? Сядзіш ды сядзіш адна ў хаце… А тут і сястрычкі, і санітарачкі, і дактары… Любую таблетку дадуць – абы папрасіў. Я з усімі добра жыву. Да кожнага ж трэба падыход мець, – на вушка паведамляе свой сакрэт, як трэба ладзіць з людзьмі, Яніна Іосіфаўна. – Сама ж ведаеш: ласкавае цялятка ссе дзве маткі… А я каму шкарпэткі звяжу – дзякуй богу, магу яшчэ. І пашыць магу: раскрою на ложку і рукамі так спрытна пашыю – машынка не дакажа! Не, мне тут добра. Я нікуды больш не хачу!
Медперсанал у Міхалішкаўскай бальніцы – асаблівы. Тут значэнне маюць не толькі прафесійныя якасці, а найперш – чалавечыя: дабрыня, спагада, суперажыванне, цярпенне. Тыя, каму даводзілася даглядаць нямоглых старых, ведаюць, як цяжка бывае з людзьмі ў такім узросце, калі яны становяцца, як малыя дзеці – бездапаможныя, крыўдлівыя, капрызныя. А калі гэта не твае бацька ці маці, а чужыя людзі, і не адзін чалавек, а амаль што шэсцьдзясят?
– Канешне, складана з імі бывае, – гаворыць медсястра Ганна Станіславаўна Ступенька, якая знаёміць нас са сваімі падапечнымі. – Да кожнага трэба знайсці свой падыход. Здараецца, па некалькі разоў пераходзяць з адной палаты ў другую, пакуль знойдуць сабе сяброў, “прытруцца” характарамі. Але ўсіх іх так шкада… Страшна ўявіць, што, магчыма, і цябе чакае такая старасць… І, працуючы тут, разумееш, што ніхто ад гэтага не застрахаваны…
Да пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду на святы прыходзяць вучні Міхалішкаўскай школы – з канцэртамі, маленькімі падарункамі. Асабліва яны радуюцца, калі на святы завітвае ксёндз ці бацюшка. Прыезд хору “Польскае рэха Астраўца”, які таксама наведвае Міхалішкаўскую бальніцу, для яе насельнікаў – сапраўднае свята. Зрэшты, як і кожны чалавек, што пераступае парог палаты з любой дапамогай ці хоць бы добрым словам.
То, можа, нам, маладым і паспяховым, варта ўспомніць – хоць бы ў гэтыя калядныя дні! – пра тых, хто сустракае свята ў казённым доме, сярод чужых людзей? Магчыма, там знаходзіцца нехта з вашых знаёмых, суседзяў, блізкі ці далёкі родзіч, былы работнік вашага прадпрыемства ці арганізацыі? Так, вы не можаце яго забраць у свой дом – але ж падарыць момант радасці гэтым абяздоленым людзям можа кожны, хто не ачарсцвеў душой. Ім так мала трэба для шчасця…
– Найбольшую патрэбу мы адчуваем у памперсах для ляжачых пацыентаў – такіх у нас пятнаццаць – гаворыць старшая медсястра Міхалішкаўскай бальніцы Ганна Іванаўна Свіла. – А яшчэ – у сродках асабістай гігіены. Хоць, зрэшты, любая дапамога, любы падарунак для гэтых людзей – радасць і шчасце. Мы, канешне, упрыгожым, як і заўсёды, на свята ёлку, прынясем аплатку – але ж ім у такія дні так хочацца быць побач з роднымі, блізкімі, атрымаць падарункі, адчуць, што яны некаму патрэбныя, што пра іх памятаюць…
Мне здаецца, што даставіць ім такую радасць, і не толькі насельнікам Міхалішкаўскай бальніцы, а кожнаму адзінокаму пажылому чалавеку, зусім нескладана – было б жаданне у колавароце зімовых свят, за багатымі святочнымі сталамі, разбіраючы шматлікія падарункі пад навагодняй ёлкай, успомніць тых, каму зараз цяжка і адзінока… І аддаць даўгі – нават калі вы лічыце, што нічога нікому не вінаваты. Не столькі ім, колькі – сабе…




