С подарками пришли к воспитанникам детского социального приюта островецкие милиционеры
У раённы летнік “Ластаўка” да выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку з падарункамі завіталі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Другую змену ў летніку адпачываюць чатыры хлопчыкі, якія часова страцілі дом.
Перадвераснёўская ліхаманка знаёма многім бацькам: сшыткі, канцылярскія тавары, школьная форма... Чаго толькі ні патрэбна школьніку! А выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку ў школу збіраюць не мамы і таты, а чужыя людзі.
На афіцэрскім сходзе раённага аддзела ўнутраных спраў напрыканцы ліпеня было разгледжана пісьмо ад Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” з просьбай аб аказанні грашовай дапамогі для выхаванцаў дзіцячага прытулку. Міліцыянеры не засталіся раўнадушнымі – вырашылі дапамагчы сабраць у школу дзяцей, якія часова засталіся без бацькоўскай апекі.
Сума дапамогі не вызначалася. Кожны з супрацоўнікаў Астравецкага РАУС адгукнуўся і ўнёс лепту ў агульную справу.
За дзесяць дзён сабралі 1 150 000 рублёў, на якія было набыта самае неабходнае: тры пары дзіцячага абутку для хлопчыкаў, 8 камплектаў бялізны, 20 пар шкарпэтак, а таксама салодкія пачастункі.
Вадзім Мар’янавіч Савіцкі, намеснік начальніка Астравецкага РАУС завіталі з падарункамі ў лагер. Хлопчыкі крыху спужаліся, калі ўбачылі людзей у форме. Спалох як рукой зняло, калі з пакетаў на свет пачалі паказвацца прысмакі: бананы, абрыкосы, шакаладкі.
Вадзім Мар’янавіч распытаў ў дзяцей пра адпачынак у лагеры, захапленні і школу, а Лёша і Дзіма адразу прымералі новыя чаравікі. У школу хлопчыкі пойдуць не ў старых красоўках, а ў бліскучым новым абутку.
Супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў дзеці задавалі пытанні пра працоўныя будні – і атрымлівалі шчырыя адказы. Пасля гэтай сустрэчы выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку, магчыма, зразумелі, што ў міліцыі не толькі “караюць”, але і дапамагаюць тым, хто мае патрэбу.
Верыцца, што хтосьці з хлопчыкаў пойдзе па слядах завітаўшых з падарункамі гасцей – стане міліцыянерам.
-----------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
