Рытаньская "альма-матэр" вачамі дырэктара
Леанід Часлававіч Радзько ўзначальвае Рытаньскі НПК адносна нядаўна, але за гэты час праявіў сябе як мудры і таленавіты кіраўнік, які заўсёды стараецца зразумець сваіх калег і вучняў. Сёння ён з задавальненнем адказвае на нашы пытанні.
– Чым ваша школа адрозніваецца ад іншых?
– Па-першае, яна размешчана ў цудоўным месцы. Па-другое, у нас працуюць такія ж цудоўныя настаўнікі, – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, кожны гарыць работай. А яшчэ ў нас добрыя і таленавітыя дзеці – ім цікава вучыцца і ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія мы прапануем.
– У сувязі з пераўтварэннем школы ў навучальна-педагагічны комплекс што змянілася ў вашай рабоце? Клопатаў у дырэктара прыбавілася?
– Увогуле будынак школы ў Рытані пабудаваны ў 1993 годзе. А ў 2007 годзе ёй нададзены статус навучальна-педагагічнага комплексу “Рытаньскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Тады да нас прыйшлі выхаванцы дзіцячага сада, якія да гэтага размяшчаліся ў асобным будынку. І праблем прыбавілася. Але затое дзецям стала лягчэй – адаптацыя праходзіць без праблем, дашкольнікі маюць магчымасць займацца ў спартыўнай зале, сустракацца з вучнямі і настаўнікамі. І гэта цудоўна.
– Чаго вашай школе не хапае ў параўнанні з гарадскімі?
– Асноўная праблема – тое, што дзяцей з кожным годам становіцца менш. На сённяшні дзень у нас займаецца 67 вучняў і 9 дашкольнікаў. Для сярэдняй школы, а тым больш НПК – малавата.
Хацелася б мець таксама мультымедыйны праектар, паставіць у кожны клас камп’ютэр, ноўтбук galaxy tab p1000 – словам, усё, што неабходна для развіцця нашых вучняў. Але пры ўсім тым, я не лічу, што гарадскія школы лепшыя, чым наша.
– Якімі перамогамі ў мінулым навучальным годзе можаце пахваліцца?
– Перамог было шмат. Добра выступілі на прадметных алімпіядах школьнікі пачатковых і сярэдніх класаў, а таксама ўдзельнікі алімпіяды “Малышок”. У нас ёсць пераможцы і ў конкурсе навукова-даследчых работ. Анастасія Радзько выступала са сваёй работай ў раёне, вобласці і рэспубліцы. І з кожнага спартыўнага спаборніцтва нашы вучні прывозяць дыпломы. І ўвогуле, мы стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах і мерапрыемствах.
– Якімі якасцямі павінен быць надзелены сучасны настаўнік?
– Сучасны настаўнік павінен крочыць у нагу з часам. Добра валодаць камп’ютэрам – без гэтага цяпер нельга. Ды і псіхалогію дзяцей таксама трэба ведаць. А яшчэ настаўнік павінен быць прынцыповым і заўсёды паказваць добры прыклад сваім вучням.
Ці ёсць у нас такія? Дык усе!
– Вашы вучні – якія яны?
– Працавітыя ва ўсіх адносінах: іх цікавіць і вучоба, і праца. Добрасумленныя, паважлівыя і ўвогуле, праблем з імі амаль няма.
Адзінае, што хвалюе – тое, пра што я ўжо гаварыў: з кожным годам вучняў у нас становіцца ўсё менш. Але з развіццём сельскай гаспадаркі і будаўніцтвам домікаў на сяле, спадзяёмся, што наша школьная сям’я стане значна большай.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
