"Репортёр выходит в свет". Как становятся медиками?

Прафесія ўрача – адна з самых высакародных. З даўніх часоў медыкі самааддана выконвалі свае абавязкі як у мірны, так і ў ваенны час.

Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў наш карэспандэнт запытаў у астравецкіх медыкаў: хто ці што паўплывала на іх выбар роду дзейнасці? Чаму яны прысвяцілі сваё жыццё клятве Гіпакрата?


Дзіна Мажэйка, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі:

– Гэта было так даўно, што зараз я ўжо нават і не ўспомню, чым менавіта мяне прывабіла медыцына. Ніхто з родзічаў на гэтым попрышчы не працаваў. Увогуле, у юнацтве я хацела стаць юрыстам, каб дапамагаць людзям, але потым перадумала. Хаця як бачыце, галоўны прынцып захаваўся.

А зараз пасля столькіх гадоў, нікім іншым, акрамя як доктарам, сябе і не ўяўляю.


Анастасія Астроўская, старшая медсястра паліклінікі:

– Пайсці ў медыцыну я, напэўна, вырашыла гледзячы на маці. Яна ў мяне – фельчар-акушэр. Так што можна гаварыць, што свой прафесійны шлях я абрала сама і мне ён даспадобы: вывучылася на медсястру, папрацавала ў кардыялогіі, вырасла там да старшай медсястры, пайшла ў дыкрэтны адпачынак, а з яго – на цяперашнюю пасаду.

Ну, а куды далей, пакажа час. Новая бальніца ў нас будуецца, з’яўляецца сучасная тэхніка, якая дапамагае вызначыць захворванне і раней яго пачаць лячыць.


Наталля Дзянішчык, урач псіхіятр-нарколаг:

– Не магу сказаць, што марыла быць урачом. Аднак яшчэ ў школе вырашыла, што буду псіхіятрам. Адзіны медыка-псіхалагічны факультэт ў Беларусі знаходзіўся ў Гродна. Паступіла на бюджэт, адвучылася, а калі прыйшоў час размяркоўвацца, то выбрала Астравец.

Аб сваім выбары не шкадую: людзі тут спакойныя і добрыя, горад малады і актыўна развіваецца. Толькі вось жыллёвае пытанне ніяк з мужам не вырашым.


Алег Філатаў, урач-оталарынголаг:

– Мой шлях у медыцыне – гэта дзіцячыя мары, якія ўвасобіліся ў рэчаіснасці. У мяне шмат родзічаў звязала сваё жыццё з медыцынай. У дзяцінстве хацеў стаць ваенным, аднак мой дзядзька пераканаў, што дапамагаць людзям, лячыць іх, рабіць дабро значна лепш, чым страляць.

Варта адзначыць, што наша работа нервовая. Людзі прыходзяць са сваімі праблемамі, а нас проста не хапае на ўсіх... Пакуль малады – яшчэ гарыш энтузіязмам, а з узростам назапашваеш нейкі негатыў. Той мой дзядзька, які раіў мне пайсці ў медыцыну, напрыклад, на рабоце за ўсіх перажываў, і як вынік – “згарэў” на працы, памёр рана.


Дзяніс Пупейка, урач-тэрапеўт:

– Яшчэ ў маленстве я вырашыў, што буду толькі доктарам. А яшчэ мой выбар абумовіла тое, што ў школе ў 9-10 класах профільнымі прадметамі ў нас былі хімія і біялогія.

Ці цяжка быць ўрачом? Напэўна, толькі спачатку, калі ведаў шмат, а практыкі – не… На асабістым прыкладзе скажу, што з гадамі адаптуешся, правільна расстаўляеш прыярытэты – і работа становіцца неад’емнай часткай жыцця.


--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.