Ремонт в островецкой средней школе №1 проводится в рамках реализации проекта Всемирного банка
Інфармацыя пра тое, што сярэдняя школа №1 зачыняецца на капітальны рамонт, ужо некалькі тыдняў перадаецца з вуснаў у вусны.Палеміка на гэтую тэму разгарнулася і на сайце нашай газеты www.ostrovets.by, наведвальнікі якога разважалі і пра рамонт, і пра тэрміны яго правядзення.
Пракаментаваць сітуацыю, якая склалася з рамонтам сярэдняй школы №1, мы папрасілі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталлю Іосіфаўну Станкевіч.
– З першага верасня ў сярэдняй школе №1 пачынаецца рэалізацыя праекта Сусветнага банка па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, у рамках якога прадугледжаны капітальны рамонт гэтай навучальнай установы.
Неабходна адзначыць, што рамонтныя работы ў школе былі распачаты яшчэ ў 2013 годзе. За гэты час за сродкі мясцовага бюджэту былі заменены вокны, адрамантаваны дах, санвузлы, трэці паверх.
Сёлета будуць адрамантаваны першы і другі паверхі, харчблок і сталовая, якая сумяшчаецца з актавай залай, абноўлены холы і фасад будынка.
Будзе ўдзелена ўвага напаўненню школьных кабінетаў. Так, дзякуючы таму ж Сусветнаму банку, набудуць сучасны камп’ютарны клас, будуць мадэрнізаваны клас фізікі – абсталяванне ў яго ўжо закуплена, кабінеты хіміі і біялогіі таксама аснасцяць сучасным абсталяваннем.
Заказчыкам капітальнага рамонту СШ №1 з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Астравецкага райвыканкама. Ужо праведзены ўсе неабходныя працэдуры і рыхтуецца да падпісання кантракт з Аршанскім будаўнічым трэстам №18, які выйграў тэндар і рабочым якога даручана правесці ўсе будаўнічыя работы.
Згодна з кантрактам, на праект мадэрнізацыі сярэдняй школы №1 Сусветным банкам выдзелена сума, эквівалентная 643 тысячам долараў ЗША.
На час рамонту вучні сярэдняй школы №1 будуць вучыцца ў СШ №2. Хачу запэўніць школьнікаў і іх бацькоў: ніякіх цяжкасцей не ўзнікне. Расклад заняткаў для вучняў абедзвюх школ складзены з улікам усіх патрабаванняў. Так, у другую змену будуць вучыцца 3-8 класы СШ №1 і 6-8 класы СШ №2. Для вучняў першых класаў арганізуем дзённы сон.
Не ўзнікне праблем і з харчаваннем дзяцей: харчблок дакамплектаваны плітамі, халадзільным абсталяваннем і неабходным інвентаром. Гатаваць абеды школьнікам будуць повары дзвюх школ.
Дарэчы, у 2002 годзе ў СШ №2 навучалася 1200 чалавек. Па папярэдніх дадзеных, у гэтым навучальным годзе сюды прыйдзе 492 вучні гэтай навучальнай установы і яшчэ 445 дзяцей з СШ №1. За ўсімі педагогамі будуць захаваны іх працоўныя месцы.
Напярэдадні навучальнага года ў сярэдняй школе №1 пройдуць бацькоўскія сходы, падчас якіх бацькоў пазнаёмяць з умовамі навучання дзяцей.
А 1 верасня ў школе пройдуць дзве ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года. Для школьнікаў, бацькоў і педагогаў СШ №2 яна пачнецца ў 9.00, а ў 10.00 гадзін на першую школьную лінейку збяруцца вучні, іх бацькі, настаўнікі СШ №1.
Плануецца, што рамонт сярэдняй школы №1 закончыцца да канца гэтага каляндарнага года, – і трэцяя чвэрць для школьнікаў і педагогаў сярэдняй школы №1 пачнецца ў новых прыгожых памяшканнях.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
