Развиваем дошкольников через творчество и красоту
На базе Астравецкай школы мастацтваў ужо пяты год існуе эстэтычны клас, які з вялікім задавальненнем наведваюць дзеткі дашкольнага ўзросту. Гучная назва гэтага класа гаворыць сама за сябе: развіццё праз мастацтва і прыгажосць. Эстэтычнае развіццё дзетак тут адбываецца па трох напрамках: вакалу, харэаграфіі і выяўленчым мастацтве.Тыя бацькі, якія сёлета аддалі сваіх дзетак у эстэтычны клас Астравецкай школы мастацтваў, мне здаецца, нічога не згубілі, а, наадварот, набылі. Дарэчы, у нашым раёне такі клас існуе не толькі ў Астраўцы, але і ў Кямелішкаўскім філіяле раённай школы мастацтваў.
У гэтым годзе гарадскі эстэтычны клас наведваюць 25 дзетак. Для таго, каб лепш арганізаваць работу з малышамі, было вырашана стварыць дзве ўзроставыя групы. У першую групу ўвайшлі дзеткі ад 2 да 4 гадоў, у другую – ад 4 да 6 гадоў. За месяц наведвання эстэтычнага класа бацькі “вылажаць” са сваёй кішэні ўсяго 40 тысяч рублёў.
Запісвацца і прыходзіць на заняткі можна на працягу ўсяго года. Тут крыху іншая сістэма, чым ва ўстановах адукацыі. Так, асноўным паказчыкам паспяховасці з’яўляюцца не адзнакі, як у школе, а ўдзел у канцэртах. Заняткі па вакалу, харэаграфіі, маляванню праходзяць вечарам два разы на тыдзень. У аўторак дзеткі малююць, у чацвер – спяваюць і танцуюць. Кожны занятак доўжыцца трыццаць хвілін. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці дашкольнікаў, гэты час з’яўляецца аптымальным для засяроджвання ўвагі дзіцяці. Двухгадовым дзеткам яшчэ складана цэлых трыццаць хвілін маляваць, спяваць або танцаваць. Аднак вопытныя педагогі знаходзяць падыход да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі і ўлічваюць не толькі ўзрост і асаблівасці характару, але і жаданне малыша.
Бацькі могуць наведваць занятак разам са сваім сынам або дачкой ці пачакаць у фае, каб дзіця пакрыху прывыкала да самастойнасці. Педагогі прызнаюцца, што без бацькоў малышы больш уважлівыя на занятках.
Вачамі старонніх
Праблема развіцця дзіцяці і зараз не губляе сваёй актуальнасці.
Не толькі светачы навукі, але і звычайныя людзі, а ў першую чаргу – бацькі “ламаюць галовы” над тым, як распазнаць у дзіцяці Божую іскру – талент і накіраваць яго ў патрэбна е рэчышча.
У многіх краінах свету стала модным займацца ўсебаковым развіццём дзіцяці. Некаторыя бацькі для гэтага наймаюць спецыялістаў. А і ншыя, каб не расходаваць грошы, самастойна займаюцца з малышом. Трэція ўвогуле лічаць гэта непатрэбным: маўляў, пойдзе дзіця ў садок ці школу – будзе развівацца.
Прадстаўнікі біялагічнай канцэпцыі лічаць, што ўсё ў дзіця закладзена на генетычным узроўні, так бы мовіць: ёсць задаткі – развівай, няма базы – ніякае развіццё не дапаможа.
Прыхільнікі сацыяльнага напрамку прытрымліваюцца той версіі, што ў дзіцяці можна “выхаваць” тую або ін шую здольнасць пастаяннымі і мэтанакіраванымі шматгадовымі заняткамі.
Лепш, канешне, калі і першае, і другое спалучаюцца. Вядома, што без трэніроўкі задаткі ніколі не пераўвасобяцца ў здольнасці .
Вачамі дзетак
За дваццаць хвілін да пачатку заняткаў пачалі збірацца дзеткі. Старэйшыя дзяўчынкі, ледзьве распрануўшыся, беглі да сябровак, каб паказаць новую ляльку. Другія ж скарысталіся момантам, калі адсутнічаў педагог, і спрабавалі сыграць на піяніна. Самыя маленькія сядзелі каля мамаў. Калі я запытала ў дзяцей, ці падабаецца ім хадзіць на заняткі, то адказам стала гучнае “Так!”.
Шасцігадоваму Івану больш за ўсё падабаецца маляваць гарады, дамы і дрэвы. А Ваня ў будучым марыць стаць пілотам ці мастаком. Яна аддае перавагу маляванню і танцам. А трохгадовая Нэлі, хаваючыся за спінаю мамы, паказала на пальчыках, колькі ёй гадоў, і сарамліва прызналася, што любіць спяваць.
…Гадзіннікавая стрэлка наблізілася да лічбы шэсць – і педагогі пазвалі маленькіх вучняў у класы. Забыўшыся на лялькі, “даганялкі” і мамаў, маленькія эстэты хуценька разбегліся па пакоях – і ў фае павісла цішыня.
Вачамі бацькоў
Алеся, мама двухгадовага Яна:
– Мы хадзілі на заняткі толькі месяц. Я лічу, што туды павінны хадзіць дзеткі, з якімі мамы не могуць займацца дома па шэрагу прычын.
Што тычыцца кантактавання сына з равеснікамі, то я не ведаю, ці ёсць у гэтым карысць, таму што кожны малыш усё роўна знаходзіцца разам з мамай. Нічога дрэннага пра заняткі, а тым больш пра педагогаў, я не магу сказаць – яны сапраўдныя прафесіяналы.
Святлана, мама пяцігадовай Яны:
– Мая дачка ходзіць у эстэтычны клас з сярэдзіны мінулага года. Сёлета пачалі наведваць заняткі ў школе мастацтваў ужо з верасня. Асабліва Яне падабаюцца заняткі па выяўленчым мастацтве. Усе работы дачушкі займаюць дома пачэснае месца ў рамачках на сцяне. А яшчэ дачушцы падабацца кантактаванне з равеснікамі.
Сваю дачку я аддала ў эстэтычны клас у першую чаргу для агульнага развіцця. Пазней, магчыма, у яе больш яскрава праявяцца здольнасці да малявання або танцаў.
Ганна, мама-бабуля чатырохгадовай Віялеты:
– Разам з сынам гадую ўнучку з месячнага ўзросту. Пагэтаму дзяўчынка называе мяне мамай. Яна вельмі развітая і таварыская. А ў школу мастацтваў Віялета ходзіць другі год, як і астатнія мае ўнукі. Магчыма, унучка будзе іграць на музычным інструменце. Ёй вельмі падабаецца скрыпка, на якой у свой час іграў дзядуля.
Акрамя школы мастацтваў, Віялета яшчэ наведвае гурткі па англійскай мове і танцах у дзіцячым садку.
Вачамі педагогаў
Алена Уладзіславаўна Дзям’янчык, выкладчык харэаграфіі:
– Традыцыйна мы пачынаем занятак з невялікай размінкі пад спецыяльную музыку. Вядома, што не ва ўсіх дзетак адразу ўсё атрымліваецца.
Я імкнуся паказаць кожнаму малышу, дзе знаходзіцца ручка, а дзе ножка і як імі трэба рухаць. Са старэйшай групай лягчэй працаваць, таму што большасць гэтых дзетак наведвае розныя заняткі ў дзіцячым садку.
Удзел нашых выхаванцаў у традыцыйных вясенніх і калядных сустрэчах моцна пацешыў малышоў, бацькоў і педагогаў. А зараз мы рыхтуемся да навагодняга выступлення.
Аксана Ягораўна Баршэвіч, педагог па вакалу:
– Заняткі заўсёды праходзяць у групавой форме. Звычайна ў гэтым узросце дзеткі ўмеюць толькі размаўляць, а мы вучымся яшчэ і спяваць, правільна выкарыстоўваць голас. Тэкст песень развучваем у форме гульні. Дзеткам падабаюцца шумавыя музычныя інструменты, якія, дарэчы, спрыяюць развіццю рытму.
Калі дзіця не хоча спяваць, то я ніколі не прымушаю. Аднак такія выпадкі здараюцца нячаста, таму што ў дзіцячым калектыве малышы раўняюцца адзін на аднаго.
Так, на працягу года адзін хлопчык адмаўляўся спяваць, але на справаздачным канцэрце, на радасць усім, ён і спяваў, і танцаваў.
Вікторыя Казіміраўна Варановіч, выкладчык выяўленчага мастацтва:
– Уключэнне новага дзіцяці ў заняткі я імкнуся рабіць паступова, з выкарыстаннем гульнявых форм і казак.
Дзеці працуюць за сталамі або мальбертамі. Мы не толькі малюем, але і займаемся лепкай, выкарыстоўваем прыродныя матэрыялы для стварэння кампазіцый. Зусім нядаўна малявалі рукамі, выкарыстоўваючы пальчыкавыя фарбы.
Асабіста мне падабаецца працаваць з маленькімі дзеткамі. Вельмі часта яны робяць для мяне такія адкрыцці, да якіх ні адзін дарослы чалавек у сваім жыцці не дадумаўся.
Кожнае дзіця мае сваё ўяўленне і бачанне свету. І педагог павінен дапамагчы свайму вучню выразіць гэта на паперы.
Калі занятак зацягваецца і малышы пачынаюць стамляцца, я абавязкова раблю перапынак, падключаю творчае ўяўленне дзіцяці. Імкнуся звязваць занятак з рэальным жыццём. Дзеткам гэта падабаецца, і яны “частуюць” мяне цікавымі гісторыямі са свайго жыцця.
----------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ , фота аўтара.
