Размышление. Как защитить своего ребёнка?..

Канец мая адметны тым, што з розніцай унекалькі дзён школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў па ўсёй краіне збіраюць апошнія лінейкі, а праз некалькі дзён пасля іх прыходзяць доўгачаканыя летнія канікулы і адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Рашэнне аб яго правядзенні прыняла Міжнародная дэмакратычная федэрацыя жанчын у далёкім 1949 годзе: праблема становішча дзетак пасля завяршэння Другой сусветная вайны патрабавала рэакцыі з боку грамадства, арганізацыя Аб’яднаных нацый падтрымала гэтую ініцыятыву і аб’явіла абарону правоў, жыцця і здароўя дзяцей адным з прыярытэтных накірункаў сваёй дзейнасці. З той пары мінула больш за шэсцьдзясят гадоў – але праблема аховы дзяцінства нікуды не знікла…

Аднак на якім высокім ўзроўні ні распрацоўваліся б законы, праграмы, планы па абароне дзяцей, ці будзе дзяцінства бесклапотным, шчаслівым, напоўненым смехам, залежыць толькі ад бацькоў і сям’і. Канешне, мы хочам самага лепшага для сваёй крывіначкі: хто, калі не бацькі, будзе клапаціцца пра дабрабыт, спакойны сон і цікавыя гульні нашых дзяцей? У настаўнікаў асноўная задача – навучыць, даць веды. У бацькоў – выхаваць праз уласны прыклад, размовы, урэшце – любоў і безумоўнае прыняцце дзіцяці такім, якое яно ёсць. Кажуць, мацярынскай любові ніколі не бывае зашмат. Але ж не менш важна, каб яна не асляпляла.

Ну прызнайцеся: большасць з нас у свядомасці малюе сабе партрэт сына або дачкі – выдатніка, на крайні выпадак “харашыста”, які, акрамя спартыўнай секцыі, будзе іграць на піяніна і маляваць, з першага класа вучыць на паглыбленым узроўні (і як тут абысціся без рэпетытараў?) замежную мову, абавязкова штодзень чытаць кнігі, а не сядзець у камп’ютары… Гэты спіс можна працягваць колькі заўгодна.

Аднак каму, як не нам, мамам, вядома, што жыццёвы поспех залежыць далёка не ад школьных адзнак, вывучаных уперамешку са слязьмі гамаў або заняткаў нелюбімай замежнай мовай ці матэматыкай, што розум бярэцца не з падручнікаў. Куды больш гэтага розуму даюць гульні ў хованкі, фанты ці разабраная па частках лялька ці машынка.

Ніводзін вучоны, педагог ці псіхолаг, нягледзячы на дзясяткі даследаванняў дзіцяча-бацькоўскіх адносін, так і не змог вывесці формулу паспяховага выхавання. Каб нехта дакладна ведаў: рабі так ці гэтак – і будзе тваё дзіця разумным, паспяховым, шчаслівым – канфліктаў у школе, праблем у сям’і, напэўна, не ўзнікала б. Напэўна, не так важна, у якім узросце (у тры ці ў пяць гадоў) ваша дзіця назубок вывучыць алфавіт і навучыцца чытаць і пісаць, – важна, каб дзяцінства заставалася дзяцінствам – са шкодніцтвам, таму што толькі такім чынам маленькі чалавек пазнае свет; непаслухмянствам – праз унутраныя крызісы ён вучыцца аддзяляцца ад бацькоў; верай у цуды – праз іх малеча прымае гэты свет як добры, а не варожы.

…А часам так не хочацца прызнаваць, што тваё дзіця, якое сёлета ідзе ў школу, ужо не той малыш, які толькі-толькі пераступіў парог ясельнай групы садка. Што яно ужо мае сваё меркаванне і дакладна ведае, якую сукенку апрануць на свой першы выпускны. Што даўно мінула пара, калі дзіця трэба было абараняць ад усяе і ўсяго – зараз яно само павінна вучыцца – вядома, з дапамогай бацькоў! – спраўляцца з цяжкасцямі, прымаць рашэнне паміж “хачу” і “трэба”. Што яму патрэбны не толькі бацькі, але і сябры. Што ў яго ўжо могуць быць свае маленькія сакрэты…

А прызнаваць трэба, таму што толькі так дзіця падымецца на прыступку вышэй. І трэба вучыцца размаўляць: акрамя “абуты, апрануты, накормлены”, дзецям хочацца быць пачутымі і зразуметымі. Ім хочацца не толькі праводзіць адпачынак летам

з бацькамі, а ўвогуле праводзіць больш часу разам – а не толькі за музычным інструментам, на трэніроўцы або за кнігай.

…Лепшая абарона дзіцяці – гэта бацькоўская любоў і ўвага, а іх не бывае зашмат.



Алена ГАНУЛІЧ