Пять вопросов о главном. Педагоги Островетчины рассказывают о профессии, работе и учениках

Напярэдадні Дня настаўніка мы сустрэліся з людзьмі, якія працуюць у сістэме адукацыі, і папрасілі іх адказаць на пяць пытанняў, падзяліцца сваімі думкамі пра прафесію, любімую работу і вучняў.


1. Якія сцежкі прывялі вас у прафесію? Успомніце свой першы ўрок.
2. За што вы любіце і за што не любіце сваю работу?
3. Ці ўзнікала калі-небудзь жаданне змяніць прафесію?
4. Калі і як адпачывае настаўнік?
5. Кім са сваіх вучняў вы ганарыцеся?


Ядвіга Браніславаўна Петрык, настаўніца фізікі, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама
1. У сям’і я была самай малодшай, таму час бавіла са старэйшымі сёстрамі. Яны вечарам вучылі ўрокі, я падсаджвалася да іх і таксама “вучылася”, хаця ў школу яшчэ не хадзіла. А потым сёстры паступілі ў Гродзенскі педуніверсітэт. І я таксама вырашыла звязаць сваё жыццё з педагогікай. Толькі Тарэса і Ірына выбралі матэматыку, а я – фізіку.
Пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута па размеркаванні трапіла ў Войстамскую сярэднюю школу Смаргонскага раёна. 27 гадзін фізікі ў 6-10 класах, да таго ж класнае кіраўніцтва і заняткі ў вячэрняй школе... Канешне, было складана. Але гэта быў мой выбар – і ён мне падабаўся.
Помню, пры знаёмстве з дзецьмі я няправільна паставіла націск у прозвішчы вучня – яны засмяяліся і паправілі мяне. І больш ніякіх канфліктаў не ўзнікала. Мае вучні былі добрымі. Зрэшты, дзеці ўсе такія – трэба толькі знайсці да іх падыход.
2. Я з дзяцінства хацела быць настаўніцай. І мне падабалася працаваць у школе. У 1984 годзе я вярнулася ў Астравец, працавала інспектарам, курыравала фізіку і працоўнае навучанне, але працягвала выкладаць. Мне і цяпер хочацца ў школу. Можа, гэта прызванне?! З 2001 года я займаюся кадрамі, і мая праца больш звязана з папяровай работай. А гэта не так цікава, як працаваць з дзецьмі. Прафесія настаўніка творчая, яна натхняе, амалоджвае... Калі б у мяне была дачка, то я хацела б бачыць яе настаўніцай.
3. Я люблю стабільнасць, прычым ва ўсім. Таму жадання змяніць прафесію ці работу ў мяне ніколі не ўзнікала. Можа, я не сучасная, але лічу, што ў маладосці выбар трэба рабіць свядома. Адзін раз – і на ўсё жыццё.
4. Настаўнік можа адпачыць і ў час урока – праўда, пры ўмове, што ўрок паспяховы. Гэта калі настаўнік разам са сваімі вучнямі яго пражывае, калі дзеці працуюць – і ім гэта прыносіць асалоду. Мне падабаецца школа перад святамі. 1 верасня, Дзень настаўніка, Новы год, апошні званок – спраў, канешне, шмат, але падрыхтоўка – добры адпачынак для душы.
5. Я ганаруся ўсімі маімі вучнямі, усе яны сталі паважанымі людзьмі, працуюць у розных сферах. А таксама – настаўнікамі, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку ці працуюць у школах нашага раёна – яны ўсіх сябе аддаюць дзецям.

Пётр Васільевіч Каранеўскі, настаўнік тэхнічнай працы, чарчэння і выяўленчага мастацтва сярэдняй школы №1 г. Астраўца
1. Па першай прафесіі я слесар-рамонтнік тэхналагічнага абсталявання, таму пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў сельгастэхніку. Аднойчы да нас на прадпрыемства прыйшоў ваенны камісар і прапанаваў мне папрацаваць ваенным кіраўніком у школе – было гэта ў невялікім гарадку Шуміліна Віцебскай вобласці. Пачатковая ваенная падрыхтоўка выкладалася ў старэйшых класах, але хоць я быў усяго на пару гадоў старэйшы за маіх вучняў, складанасцей не ўзнікла. Пазней закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага інстытута імя Кірава.
Успамінаю свой першы ўрок малявання. Напярэдадні яго намеснік дырэктара расказала, як пішуцца планы, нагадала пра этапы ўрока, але сама на ўрок да мяне не пайшла. Маляваў я нядрэнна, таму і ўрок, на маю думку, прайшоў таксама нядрэнна.
2. За што я люблю сваю працу? За тое, што, хаця і не адразу, але бачу яе вынік. Прыемна, калі з табой вітаецца добрая палова Астраўца – і ты разумееш, што да большасці з гэтых людзей ты меў нейкае дачыненне.
Не люблю, калі дзеці не рыхтуюцца да ўрокаў. Тады з’яўляецца пачуццё незадаволенасці. Часам становіцца крыўдна, калі бачыш, што ўрокі прайшлі дарма. Калі жыццё ў твайго вучня не склалася… Значыць, нешта ўпусціў, нечага недадаў.
3. Са школай я звязаны з 1974 года. 32 гады прысвечаны працы ў СШ №1 г. Астраўца. Думка пакінуць школу ўзнікала. Але я чалавек, які не вельмі любіць нешта мяняць. Пакуль працаваў на Віцебшчыне, давялося змяніць тры школы – і я вельмі пакутаваў ад гэтага. А на Астравеччыне ўсё жыццё ў адной – і мне гэта падабаецца.
4. Адпачываю? Раней кожны год ездзілі на поўдзень, а цяпер адпачываем дома. Прыязджаюць унукі – баўлю час з імі. Можна, канешне, адпачыць пасля работы, але, як правіла, не атрымліваецца. Вопыт, канешне, ужо напрацаваны гадамі, ды толькі да ўрокаў рыхтавацца ўсё роўна патрэбна.
5. Добрых вучняў у мяне было шмат. Як прыклад: Саша Міхайлоўскі – цудоўны зваршчык, сёння ён працуе на Беларускай АЭС кантралёрам, Сяргей Руды, які пасля атрымання вышэйшай адукацыі без чыёйсьці дапамогі арганізаваў фірму, Кацярына Янецкая, Ала Дашкевіч, Юля Ромаш, Іра Хамутоўская і шмат іншых. Ганаруся я і сваім сынам Русланам.
На жаль, ёсць і такія, за каго, наадварот, сорамна. Добра, што іх няшмат.

Віктар Казіміравіч Казак, настаўнік фізікі і інфарматыкі, дырэктар Міхалішкаўскай сярэдняй школы
1. Фізіку ў школе мне выкладала малады спецыяліст Алена Аляксандраўна Зорка – і настолькі зацікавіла сваім прадметам, што перад выбарам – кім быць? – я не стаяў. Пасля заканчэння Міхалішкаўскай школы паступіў у тагачасны Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага.
А вось першы ўрок, па праўдзе кажучы, не помню. Было гэта ў Міхалішкаўскай школе – і я быў шчаслівы, што лёс прывёў мяне менавіта ў родную школу. Канешне, як і ўсім маладым спецыялістам, пачынаць было складана, але сагравала тое, што побач знаходзіліся людзі, якія вучылі мяне і якія з адкрытым сэрцам прынялі мяне ўжо не як вучня, а як настаўніка.
2. Я ўпэўнены: калі чалавек не любіць тое, чым ён займаецца, то гэтага ён рабіць не павінен. Канешне, роля настаўніка за 24 гады, што я працую ў школе, змянілася. Функцыі пашырыліся – і гэта не аблегчыла жыццё педагога, хутчэй наадварот.
Я люблю сваю работу, таму што відаць вынік працы. Канешне, не так, як араты, які адразу ж бачыць, што ён зрабіў, а праз год, два, тры. Кожны выпускны клас для мяне як настаўніка, які выкладае прадмет, для дырэктара, які арганізоўвае навучальны і выхаваўчы працэсы, пакідае след у душы.
3. Узнікала і перыядычна ўзнікае. Ці змагу калі-небудзь змяніць работу? У жыцці кожнага чалавека наступае момант, калі больш трываць немагчыма. Калі такі момант наступіць, тады, напэўна, давядзецца штосьці мяняць.
4. Настаўнік адпачывае падчас водпуску – ён даволі доўгі. Кожны гэта робіць так, як лічыць патрэбным. А пра адпачынак дырэктара школы я лепш памаўчу…
5. Я ганаруся ўсімі сваімі вучнямі і выпускнікамі. На мой погляд, сярод іх няма недастойных людзей. Вельмі прыемна, калі былыя вучні заходзяць у школу, вітаюцца, расказваюць пра свае справы – значыць, настаўніцкі час быў затрачаны недарэмна.
А яшчэ я ганаруся сваім калектывам і сваёй школай, якая сёлета адзначае 50-гадовы юбілей. З нагоды гэтай падзеі хацеў бы павіншаваць усіх настаўнікаў, а таксама былых дырэктараў школы – Я.Д. Чыркова, І.Р. Усціменку, І.У. Свірыда і Э.І. Свірыда. І пажадаць усім здароўя і поспеху.

Галіна Мікалаеўна Ражко, настаўніца матэматыкі гімназіі №1 г. Астраўца
1. Сорамна прызнацца, але на свой першы ўрок я спазнілася. Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута сама папрасілася на Астравеччыну. Мяне накіравалі ў Варнянскую школу, дабірацца даводзілася на маршрутным аўтобусе. У той дзень аўтобус адмянілі, і мне з аўтастанцыі давялося бегчы ў цэнтр горада – тут лягчэй было злавіць папутную машыну. Таму і спазнілася. Было, канешне, і сорамна, і страшна... Той “урок” застаўся ў памяці на ўсё жыццё.
2. Я вельмі люблю сваю работу. За тое, што магу навучыць дзяцей таму, што ім абавязкова спатрэбіцца ў будучыні. Матэматыка развівае дзяцей – гэта адзін з тых прадметаў, экзамен па якім неабходна здаваць за сярэднюю школу. Ды і ў жыцці чалавека веданне матэматыкі займае не апошняе месца.
А такога пачуцця, як нелюбоў да работы, у мяне ніколі не ўзнікала. Я імкнулася стаць настаўніцай – і я ёю стала.
3. А куды я яшчэ магу пайсці? (Усміхаецца – аўт.) Больш нічога рабіць не ўмею. І таму займаюся тым, што мне даспадобы. Дзецям і школе прысвечана ўсё маё жыццё. На жаль, сёння прэстыж прафесіі настаўніка падае. Чаму? Напэўна, сённяшнія настаўнікі – не ўсе, нельга ўсіх мераць адным аршынам – не ўмеюць працаваць з дзецьмі, чагосьці баяцца. А яшчэ вялікую ролю адыгрывае не прэстыжнасць нашай работы, а заработная плата...
4. Настаўнік адпачывае ноччу, бо ўвесь яго дзень прысвечаны дзецям. Правядзенне ўрокаў, праверка, сшыткаў, пазакласныя мерапрыемствы, падрыхтоўка да ўрокаў…
Канешне, адпачыць можна было б на канікулах, але і яны, як правіла, распісаны па хвілінах.
Затое падчас працоўнага адпачынку, які ў нас прыпадае на лета, настаўнікі любяць падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі і сустракацца з цікавымі людзьмі.
5. Я лічу, што адбылася як настаўніца, таму што многія мае выпускнікі пайшлі па педагагічнай сцежцы і сёння працуюць у школах не толькі нашага раёна. Усе яны – мой гонар.
Я з задавальненнем успамінаю сваіх вучняў. Да прыкладу, Мілану Шаўліс, Алену Мілейша, Ганну Семеж і іншых. За столькі гадоў працы ў школе іх было шмат. Некаторых ужо і не помніш – а яны цябе помняць. І гэта сагравае душу і радуе.

----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.