Пять семей продемонстрировали свои таланты на районном фестивале семейного творчества "Живите в радости"
Фестываль сямейнай творчасці, які штогод у маі праходзіць у Астраўцы, можна назваць традыцыйным: за чатыры гады ўдзел у ім прынялі 20 таленавітых і творчых сем’яў з усяго раёна.Сёлета сямейнае мерапрыемства сабрала ў кінаканцэртнай зале “Астравец” пяць сем’яў: Варановіч-Каляда, Літвін, Валадзько, Кухарэвіч-Мешкіс і Лета. Некаторыя з іх ужо выпрабоўвалі ўдачу ў гэтым фестывалі-свяце – і вырашылі прадэманстраваць свае таленты яшчэ раз.
Перад пачаткам мерапрыемства гледачоў і ўдзельнікаў віталі валанцёры “Чырвонага Крыжа” і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія праводзілі акцыю “Кідай курыць!”. Моладзь раздавала інфармацыйныя буклеты і прапаноўвала адмовіцца ад курэння. Кожны жадаючы мог адрасаваць у адрас курцоў ці тых, хто ўсё ж рашыўся адмовіцца ад дрэннай звычкі, свае пажаданні і рэкамендацыі.
А ў фае між тым разгарнуліся выставы, на якіх былі прадстаўлены аўтарскія работы ўдзельнікаў фестывалю. Так, сям’я Жакун прадставіла вышыванкі крыжыкам і гладдзю. Рамуальда Яраславаўна Дзенісевіч дэманстравала вязаныя вырабы, букеты з цукерак, а таксама рэчы, выразаныя з дрэва. Таццяна Зянонаўна Радкевіч пакарыла сэрцы наведвальнікаў мерапрыемства вырабамі ў незвычайнай тэхніцы абрэзкавага шыцця – яе рознакаляровыя дыванкі і пано, выкананыя ў форме кветак, нікога не пакінулі раўнадушнымі. Уразіла і выстава Дзіяны Азацян: дзяўчына прадставіла вырабы з салёнага цеста і вышыванкі. Майстэрствам выканання вылучаліся работы Астравецкага раённага цэнтра рамёстваў. Разнастайнасцю вырабаў зачароўвала выстава аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра: самаробнае мыла, кветкі ў тэхніцы канзашы, букеты з цукерак, дэкаратыўныя дрэўцы, бісерапляценне і вязанне кручком – усё на “дзесяць з плюсам”!
Не засталіся ўбаку ад свята і бібліятэкары: яны падрыхтавалі кніжную выставу “Пад дахам дома твайго”.
А потым пачалася другая частка мерапрыемства – прадстаўленне візітак сем’яў. Удзельнікі расказвалі пра сябе, пра свае захапленні і сямейныя традыцыі, спявалі песні і паказвалі мультымедыйныя прэзентацыі.
На гэтым этапе не было пераможцаў і пераможаных. У кожнай сям’і свае каштоўнасці, і менавіта іх з цеплынёй і любоўю стараліся прадэманстраваць удзельнікі святочнага мерапрыемства.
Першымі на сцэну выйшлі прадстаўнікі сям’і Варановіч-Каляда з Гудагая. Мама Жэня, яе дачка Марына і сын Кірыл, а таксама самая юная ўдзельніца, маленькая Дамініка, спявалі песні пра сям’ю, любоў і ўзаемаразуменне і танцавалі разам.
Наталля і Кацярына Літвін у вершаванай форме спачатку расказалі пра кожнага члена сваёй сям’і: маму, тату, дачку, бабуляў і дзядуляў. А потым прысвяцілі песні сям’і і бацькоўскаму дому.
У многіх сем’ях
ёсць традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Менавіта пра іх расказалі ў сваім шчырым і пранікнёным выступленні сёстры Людміла Іванаўна Кухарэвіч і Святлана Іванаўна Мешкіс. Жанчыны ўпэўнены, што чалавеку патрэбен не толькі хлеб, але і песня. Менавіта яе бацькі перадалі ў спадчыну сваім дочкам Іван Канстанцінавіч і Кацярына Дзмітрыеўна Ільінскія. Сямейны канцэрт сясцёр працягваўся доўга: дочкі ўспаміналі песні, якія спявалі маці і бацька, тыя, якія некалі палюбіліся ім, а таксама выконвалі песні ўласнага сачынення.
Сакрэтамі сямейнага шчасця падзялілася сям’я Валадзько. Душа мамы Олі імкнецца да творчасці – жанчына гатова спяваць дзень і ноч. Тата Сяргей, смелы і моцны, заўсёды дапамагае ў любой справе. А дачка Дзіяна захапляецца танцамі, кіно, ігрой на піяніна і бісерапляценнем. Словам, дружная і творчая сям’я.
Святлана, Мікалай, Валерыя, Ілья і Сафія прадстаўлялі сям’ю Лета. На іх думку, іх сям’я спартыўная, вясёлая і дружная. На справе так і атрымалася: сваім выступленнем яны пакарылі ўсіх.
Павіншаваць удзельнікаў са святам, а таксама ўзнагародзіць лепшых з лепшых на сцэну падняліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валерый Вацлававіч Барташэвіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы і падарункі.
Сямейнае свята атрымалася прыгожым і цёплым. Праўда, адно ўсё ж такі засмуціла – гледачоў сабралася мала.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
