Путешествуем по Беларуси. Гомельская и Могилёвская области

Падарожнічаць – значыць узбагачацца, развівацца, удасканальвацца. Шмат аб гэтым сказана і напісана. Кожны раз кожны з нас у гэтым пераконваецца, вярнуўшыся з чарговага падарожжа.

Так было і з намі – невялікай групай вучняў і настаўнікаў з некалькіх школ Астравеччыны, калі мы вярнуліся з экскурсіі па Гомельскай і Магілёўскай абласцях. А ініцыятарам яе стала Ірына Мікалаеўна Жалток, настаўніца, багатай душы чалавек, якая ўмее даводзіць пачатую справу да лагічнага завяршэння. Рэалізаваць задуманае дапамог сектар па турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама і Алена Чаславаўна Раткевіч, якая распрацавала маршрут і арганізавала паездку.


Вандроўка атрымалася цудоўнай. Колькі б мы ні чыталі і ні разглядвалі фотаздымкі ў інтэрнэце, ніколі не зведаем таго ўзлёту духоўных сіл, які адчуваеш, стоячы на стрымніне Дняпра або кленчачы перад мошчамі святога. Нямееш ад бездапаможнасці, даведаўшыся, што на зямлі нашай былі дзіцячыя донарскія канцэнтрацыйныя лагеры; святлееш душой, пакарміўшы з рук вавёрку ў неабсяжным старым парку, да слёз расчулішся, калі праслухаеш расповед экскурсавода аб амаль жабрачым сконе казачна багатай княжаскай наследніцы.

Першы прыпынак у нашай вандроўцы быў у Бабруйску. Рэшткі ваеннай крэпасці пачатку ХІХ стагоддзя, мноства фотаздымкаў побач з сімвалам гэтага горада – рэспектабельным бабром, праезд па тыповых вулічках горада, дзе за высокімі агароджамі не адно стагоддзе стаяць дамы з чатырма-пяццю вокнамі на адной сцяне і абавязковай для ўсіх разьбой-абярэгам над кожным акном.

А потым наш экскурсавод Ірына Чаславаўна Казак з Міхалішкаўскай школы звярнула ўвагу на драўляны дом-палац, які даўно ўжо размяняў 100 гадоў. Ён належаў купчысе Кацнельсон, якая ў свой час перавезла яго з Сібіры. Двухпавярховы, рознаўзроўневы, з мноствам вежаў і акном-ілюмінатарам на балконе, ён ужо амаль стагоддзе служыць гараджанам то публічнай бібліятэкай, то філіялам выставачнай залы, а гасцей горада здзіўляе сваёй незвычайнай архітэктурай.

А далей мы наведалі Чырвоны Бераг – аграгарадок, якіх нямала ў Беларусі. А вось мемарыял “Дзецям вайны” – адзіны падобны не толькі ў краіне, але і ў свеце, – кранае да глыбіні душы.

Так, гэта той канцэнтрацыйны дзіцячы лагер, у якім немцы бралі дзіцячую кроў для нямецкіх салдат. Звозілі дзетак славянскай знешнасці (калі пападаліся дзеці-яўрэі або цыгане, іх проста знішчалі) з трох бліжэйшых раёнаў Гомельшчыны, марылі іх голадам – лічылася, што галодны арганізм выпрацоўвае больш імунных клетак. Падлічана, што прыкладна 3,5 тысячы літраў дзіцячай крыві з гэтага лагера атрымаў нямецкі фронт!

Сярод вязняў было найбольш дзяўчынак: сярод іх часцей сустракаюцца рэдкія групы крыві.

Пад кіраўніцтвам архітэктара Леаніда Левіна мемарыял выкананы ў выглядзе сімвалаў-промняў. Першы з іх – скульптура дзяўчынкі-падлетка, якая так і называецца “Дзіця вайны”. Дзіця, якое так хоча жыць і ў якога засталося так мала сіл, якое, здаецца, вось-вось зламаецца пад парывам ветру.

…Праходзім некалькі крокаў – і пад нашымі нагамі… струмень крыві з чырвонага граніту! А далей – мёртвы белы клас. Сімвалічныя белыя парты, за якія не селі ў часы ліхалецця дзеці з дзевяці тысяч беларускіх школ. І настаўніцкі стол, і класная дошка... А на ёй – пісьмо беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай з нямецкай няволі: пісьмо-сведчанне, пісьмо-абвінавачванне, прысуд фашысцкаму рэжыму, які не можа быць аскарджаны нават пасля таго, як мінуць стагоддзі.

Апошняя частка мемарыяла, заглыбленая ў круглую нішу, нібы аддзелена ад усяго папярэдняга, існуе незалежна ад часу і абставін – гэта белы караблік, сімвал дзіцячай цацкі. А побач, на шчытах, – выстава дзіцячых малюнкаў той пары, у якіх увасоблены мары дзяцей перадваеннага часу.

Тое, што мы ўбачылі, кранула да слёз дарослых і дзяцей.

Дарэчы, паміж Астраўцом і Чырвоным Берагам існуе нябачная сувязь. Менавіта ў гэтай вёсачцы правёў большую частку свайго жыцця партызан-падпольшчык, ураджэнец Астраўца Віктар Міхайлавіч Васільчык, які ў гады вайны змог выратаваць многіх дзетак ад смерці ў канцэнтрацыйным донарскім лагеры.

Затым мы наведалі сядзібу Козел-Паклеўскіх (гэтае прозвішча ўзгадваецца, калі расказваюць пра фундатараў кляштара і касцёла ў мястэчку Гудагай).

Жамчужынай Жлобіншчыны называюць гэты архітэктурна-паркавы ансамбль. Як шкада, што мы не можам акрэсліць убачанае спецыяльнай тэрміналогіяй – не хапае ведаў, спецыяльнай падрыхтоўкі. А калі проста сказаць, што гэта не толькі багата, але і густоўна, вытанчана, то ўсё роўна не выказаць тое, што бачыш і адчуваеш. І першае пытанне, якое мы задалі экскурсаводу, было: “Як гэта ўцалела, захавалася і не толькі ў вайну, але і ў савецкі час?”

Аказваецца, у чырвонабярэжскай сядзібе ў час вайны быў нямецкі шпіталь. Пасля вайны на працягу многіх гадоў тут размяшчаўся і зараз знаходзіцца аграрны каледж. І прыгожы палац, узведзены ў канцы ХІХ стагоддзя, цудоўна захаваўся. Належаў ён Вікенцію Козел-Паклеўскаму – нашчадку вялізарнай маёмасці, якая дасталася яму ад уральскага бацькі-мільянера. Пабудаваны палац як летняя рэзідэнцыя. Мае 36 пакояў. У афармленні інтэр’ера памяшканняў выкарыстаны каміны і металічныя дэкаратыўныя элементы розных накірункаў: плафоны с картушамі, керамічнае пакрыццё падлог, пазалочаныя дзверы і іншае. Але гэтыя сухія словы-тэрміны не могуць перадаць тое здзіўленне, у якім знаходзіліся мы на працягу экскурсіі. Трэба бачыць непаўторнасць кожнай столі, выкананай то роспісам, то разьбой, то ў стылі азамбра – арабскай штукатуркай, нібы вывязанай майстрыхай з нітак. А арнаменты на сценах, вітражы на вокнах, каміны, люстры, парадныя лесвіцы! А якая багатая каляровая гама! Здавалася, што мы знаходзімся дзе-небудзь у Санкт-Пецярбургу, а не ў Беларусі.

А наперадзе была сустрэча з Веткай, з яе непаўторнай культурай стараабрадцаў. Толькі тут па-сапраўднаму разумееш значэнне слова “фаліянт”. Велічна-масіўныя, пісаныя ў XVI-XVII стагоддзях з выкарыстаннем золата, серабра, гэтыя велічныя кнігі непадуладны часу. Наогул, уся экспазіцыя музея была пададзена нам як філасофскі роздум над жыццём чалавека.

Наш экскурсавод на працягу ўсёй экскурсіі звяртала ўвагу на духоўныя пабудовы: цэрквы, касцёлы, саборы. Было чаму падзівіцца – і радасна ўсведамляць, што нам не сустрэўся ні адзін гатычны будынак, роўны па прыгажосці і дагледжанасці нашаму касцёлу Святой Тройцы ў Гервятах.

Напрыканцы першага дня падарожжа мы пакланіліся святым мошчам Іаана Кармянскага, якія захоўваюцца ў царкве вёскі Карма, і тут жа адведалі посную вячэру ў мясцовым манастыры.

У наступны дзень мы наведалі Гомельскі дварцова-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў – і гэта была кульмінацыя нашага падарожжа.

Пачатак яго будаўніцтва – у далёкай гісторыі, калі Кацярына ІІ падаравала пасля сувораўскай перамогі над туркамі свайму фельдмаршалу П.А.Румянцаву-Задунайскаму Гомель і “повелела” пабудаваць палац, у якім не сорамна будзе цароў прымаць. Такі палац атрымаўся, і трое рускіх імператараў яго наведвалі. Узведзены ён у стылі класіцызму у канцы ХVІІІ стагоддзя. Потым была дабудавана трохпавярховая вежа, яшчэ пазней – княжацкая часоўня-ўсыпальніца, царква, зімовы сад. І ўвесь час фарміраваўся парк, які некалі займаў цэлых 30 гектараў! Сёння ён размясціўся на 18 гектарах – такі дагледжаны, утульны, натуральны... Упрыгожвае яго лябяжы востраў, якія знаходзіцца на канале, адведзеным ад ракі Сож па старым русле мясцовай рэчкі. Тут і сёння, як паўтара стагоддзя таму, стаяць домікі для белых і чорных лебядзяў.

Якія рэдкія дрэвы растуць у Зімовым садзе, можна даведацца з даведнікаў. Але аб тым, што ў час вайны двое гамяльчан добраахвотна ў зімовы час атаплівалі яго і немцы не забаранялі ім гэта рабіць, вы даведаецеся толькі на месцы. Убачыць Чырвоную гасціную з яе велічна-строгімі калонамі, Залу ўрачыстых пасяджэнняў з галерэяй партрэтаў выдатных ураджэнцаў Гомельшчыны, нават грот з неверагодна багатай калекцыяй каралаў, ракавін, нават кітовым вусам – усё гэта, напэўна, сёння даступна наведвальніку інтэрнэт-прасторы. Але тое, што польскі граф Паскевіч змог купіць палац толькі таму, што ён быў роўны па дзяржаўнаму становішчу былым уладальнікам згодна з тэстамантам першага з Румянцавых; што жанаты ён быў на Лізавеце Аляксееўне Грыбаедавай і што ў архівах музея ёсць адзін з рукапісаў “Горе от ума”; што апошняя ўладальніца палаца княгіня Ірына, народжаная Варанцова-Дашкава, жонка Паскевіча, пераклала “Войну и мир” на французкую мову, атрымаўшы на гэта згоду аўтара, а падпісала – “Одна из русских”; што менавіта яна атрымала ад савецкай улады ў 1917 годзе пенсію ў 250 рублёў і пакой у інтэрнаце; і што для патрэб савецкай улады з палаца было вывезена 100 пудоў серабра і золата – аб гэтым можна даведацца толькі падчас экскурсіі і толькі тады, калі пашчасціць на экскурсавода. Нам неверагодна пашчасціла!

Здавалася б, на гэтым можна паставіць кропку. Але была яшчэ Рэчыца, куды ў 1911 годзе прывезлі і выстаўлялі на працягу трох дзён мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай. Былі шматкіламятровыя палі з нафтавымі свідравінамі – жывы ўрок геаграфіі Беларусі. Быў Мазыр – і яго макет гарадской драўлянай сярэдневечнай крэпасці. Зноў урок – толькі ўжо іншы.

Так, кожнае падарожжа дае новыя веды, узбагачае і нават загартоўвае нас. Гэтае не стала выключэннем.


------------------------------

Марыя ВАСІЛЁНАК, Гудагайская СШ.