"ПСИХОЛОГиЯ". Познай себя через литературную терапию

У сваім арсенале псіхолагі маюць шмат метадаў “лячэння”, ці так званай псіхалагічнай тэрапіі. У мінулым выпуску тэматычнай старонкі мы знаёміліся з метадам сістэматычнай дэсенсебілізацыяй, або “пагружэнне” ў страх, які дазваляе чалавеку перамагчы сваю фобію.
Сярод псіхалагічных метадаў карэкцыі і тэрапіі вялікі пласт займаюць арт-тэрапеўтычныя спосабы, калі праз творчасць у розных яе праявах – стварэнне карцін або апавяданняў, лепку і многае іншае – чалавек пазбаўляецца ад страхаў, комплексаў, а таксама больш пазнае сябе і свой унутраны свет. Адзін з метадаў такога “творчага лячэння” – бібліятэрапія, або літаратурная тэрапія.

“Каб на адно імгненне Бог забыўся пра тое, што я толькі лялька, пашытая з анучаў, і падарыў мне кавалачак жыцця, я б тады, напэўна, не гаварыў усё, што думаю, але думаў, што гавару.
Я б цаніў рэчы не за іх кошт, а за іх вартасць у маім жыцці. Я б менш спаў, а больш марыў, усведамляючы тое, што кожную хвіліну, закрываючы вочы, мы трацім шэсцьдзясят секунд святла. Я б ішоў, пакуль усе астатнія стаяць, не спаў бы, пакуль іншыя спяць. Я б слухаў, як гавораць іншыя, і атрымліваў бы ні з чым не параўнальную асалоду ад смаку звычайнага шакаладнага марожанага.
Калі б Бог падарыў мне яшчэ адно імгненне, я б апранаўся больш сціпла і цешыўся сонцам: падстаўляў бы не толькі сваё цела, але і душу.
Гасподзь, калі б у мяне была магчымасць, я б напісаў усю сваю нянавісць на лёдзе і чакаў бы ўзыходу сонца.
…Гасподзь, калі б у мяне заставаўся ўсяго толькі адзін кавалачак жыцця, я б не правёў ніводнага дня, каб не сказаць людзям, якіх я люблю, што я іх люблю. Кожнага дарагога мне чалавека я б запэўніў у сваёй любові і жыў бы, улюбёны ў любоў. Я растлумачыў бы тым людзям, якія памыляюцца і лічаць, што немагчыма закахацца, калі старэеш, што старэеш толькі тады, калі не можаш закахацца!
Дзіцяці я бы падараваў крылы, але дазволіў бы яму самому навучыцца лятаць. Старых я ўпэўніў бы ў тым, што смерць прыходзіць не са старасцю, а з забыццём.
Я столькі пераняў у вас, людзі, я зразумеў, што ўвесь свет хоча жыць у гарах і не разумее, што сапраўднае шчасце ў тым, як мы падымаемся ў горы!
Я зразумеў, што з таго моманту, калі немаўля сцісне ў сваім маленькім кулачку палец бацькі, ён яго больш ніколі не адпусціць. Я зразумеў, што адзін чалавек мае права глядзець звысоку толькі тады, калі ён дапамагае другому падняцца!
…Калі б ведаў, што бачу цябе апошні раз, я моцна абняў бы цябе і маліўся бы Богу, каб ён зрабіў мяне тваім анёлам-ахоўнікам.
Калі б ведаў, што чую твой голас апошні раз, я б запісаў на стужку ўсё, што ты скажаш, і слухаў бы бясконца. Калі б ведаў, што бачу цябе апошні раз у жыцці, я б сказаў: “Я люблю цябе”. І нават не падумаў, дурань, што ты гэта і так ведаеш.
Заўсёды ёсць заўтра, і жыццё прадастаўляе нам яшчэ адну магчымасць, каб усё выправіць. Калі я памыляюся, і сёння гэта ўсё, што нам засталося, я б сказаў табе, як моцна я цябе кахаю і заўсёды цябе буду памятаць.
Ні юнак, ні стары не можа быць упэўнены, што для яго настане заўтра. Сёння, магчыма, апошні раз, калі ты бачыш сваіх любімых. Пагэтаму не чакай чагосьці, зрабі гэта сёння, таму што, калі заўтра не настане ніколі, ты будзеш шкадаваць пра тое, што ў цябе не знайшлося часу для адной усмешкі, аднаго абдымку, аднаго пацалунка.
Падтрымлівай блізкіх табе людзей, шапчы ім на вушка, як яны патрэбны табе. Любі іх і заўсёды знаходзь хвілінку, каб сказаць “мне шкада”, “прабач мне, калі ласка” і “дзякуй”, і ўсё тыя словы любові, якія ты ведаеш. Ніхто не запомніць цябе за твае думкі.
Прасі ў Госпада мудрасці і сілы, каб уголас казаць аб тым, што адчуваеш. Пакажы тваім сябрам, якое месца яны займаюць у тваім жыцці. Калі ты не скажаш сёння – заўтра будзе такім, як і ўчора. Калі ты ніколі гэтага не зробіш – усё навокал страціць сэнс.
Увасобь свае мары: гэтае імгненне настала.”*


*Некаторыя даследчыкі прыпісваюць аўтарства тэксту вядомаму ва ўсім свеце Нобельскаму лаўрэату Гарсіа Маркесу; іншыя сцвярджаюць, што гэтыя словы належаць Джоні Уолсу