"ПСИХОЛОГиЯ". Легко ли быть приёмной мамой?
Я шчыра захапляюся людзьмі, якія бяруць у свае сем’і дзяцей-сірот. Мне здаецца, што да гэтага трэба “дарасці” ўнутрана – не кожны можа гэта зрабіць, не кажучы аб тым, ці захоча…Яны такія розныя – жанчыны, якія становяцца прыёмнымі мамамі. Адны з іх поўнасцю раствараюцца ў дзецях, іншыя на працягу многіх гадоў вучацца жыць з іх цяжкімі звычкамі і характарамі, трэція ўжо выпусцілі ў свет адно пакаленне і ўзялі ў сваю сям’ю новых сірот…
І ўсіх гэтых жанчын, нягледзячы на знешнасць, узрост, сацыяльны статус, адукацыю, аб’ядноўвае тое, што яны разам са сваёй сям’ёй змаглі дапамагчы чужому дзіцяці. А разам з прыходам у сям’ю гэтага новага чалавека ў дом завіталі іншыя звычкі – адным словам, жыццё змянілася кардынальна.
Лакмусавая Паперка
Святлана, прыёмная маці дзвюх дзяўчынак-пагодак Каці і Ані:
– Муж адразу падтрымаў маё рашэнне прыняць у сям’ю дзвюх дзяўчынак. Я вельмі хвалявалася, бо не ведала, як падрыхтаваць да гэтай падзеі ўласных дзяцей – у мяне таксама дзве дзяўчынкі. Але дачушкі, на дзіва, спакойна ўспрынялі нашае рашэнне. Праўда, бацькі, мужавы і мае, не падзялілі нашага імпэту: спачатку імкнуліся адгаварыць ад гэтага кроку, маўляў – “ад асінкі не народзіцца апельсінка”, прыводзілі прыклады пра спадчыннасць бацькоў-алкаголікаў; затым сталі “ціснуць” на нас тым, што не будуць дапамагаць, а самі мы не справімся з чатырма дзецьмі. Але мы з мужам былі ўпэўнены ў сваім рашэнні.
Сябры таксама адгаворвалі нас. Яны не маглі паверыць, што мы насамрэч возьмем у сваю сям’ю чужых дзяцей.
…Мінула два гады з таго часу, як Каця і Аня сталі паўнавартаснымі членамі нашай сям’і, а з ранейшых шматлікіх сяброў амаль нікога не засталося. Але я ні на хвілінку не пашкадавала аб сваім рашэнні.
Часопісы, тэлебачанне прывіваюць нам няправільны вобраз сям’і. Я не адмаўляю самаразвіцця, прафесійнага росту і пэўных кар’ерных поспехаў. Але чаму ніхто не задумваецца, што можна быць проста мамай – і шчаслівай? У нашай сям’і – здаровы патрыярхат: я займаюся выхаваннем дзяцей і домам, а муж забяспечвае нас усім неабходным.
…З’яўленне дзяўчынак ў нашай сям’і стала лакмусавай паперкай, якая паказала, хто сапраўдны, а хто часовы ў нашым жыцці.
Кінуты камень
Прыёмныя бацькі, у сваёй большасці мамы, часта сутыкаюцца з непаразуменнем з боку грамадскасці, суседзяў, родзічаў, настаўнікаў ці выхавальнікаў у дзіцячым садку. У лепшым выпадку іх чакаюць пустыя перасуды за спінай, у горшым – асуджэнне. Але з кожным годам, як адзначаюць некаторыя прыёмныя бацькі, людзі сталі больш адэкватна ўспрымаць замяшчаючае бацькоўства.
– Сенька з’явіўся ў нашай сям’і год таму. Ініцыятарам такога рашэння стала наша дачка Даша. У адзін з самых звычайных вечароў дачушка, вярнуўшыся са школы, з парогу выдала мне і Віктару (майму мужу): “Мама і тата, у мяне павінен быць старэйшы брат...”
Праз два месяцы, калі мы аформілі ўсе дакументы, Сеня пачаў жыць з намі. Сказаць, што ён быў праблемным юнаком, – гэта нічога не сказаць. Добра, што мы з мужам былі падрыхтаваны да “вайны”, якую вядуць дзеці ў падлеткавым узросце са сваімі бацькамі.
Сеня якраз перажываў пік гэтага крызісу: замыкаўся, грубіў, не ішоў на кантакт... Але сумеснымі намаганнямі – я ведаю, што і сын таксама імкнуўся даступнымі яму метадамі “раскрывацца”, – мы зрабілі крок насустрач адзін аднаму і пачалі ісці ў адным накірунку, а не рознымі шляхамі. І ільдзіна ў нашых узаемаадносінах дала трэшчыну і пачала пакрысе таяць.
Зніклі праблемы ў сям’і – пачаліся ў школе, прычым не толькі з вучобай, але і з аднакласнікамі. Аб гэтым я даведалася дастаткова позна, бо Сенька ўжо не мог трываць.
Прабачце, але калі чатырнаццацігадовага падлетка называюць “прыюцкім выблюдкам” – ніводная маці не будзе маўчаць. Я хадзіла да настаўнікаў, размаўляла і з падлеткамі з сынавага класа...
Цяпер усе ведаюць, што Сеня – наш і што ў яго ёсць сям’я – тыя людзі, якія заўсёды, у любую хвіліну прыйдуць на дапамогу...
А людзям, якія любяць малоць языкамі за спіной, маўляў, панабіралі дзяцей дзеля грошай – гавару прама: “Дык чаму ты не бярэш за такія грошы? Можа разбагацееш?”. І размовы адразу сціхаюць.
Яны такія розныя – прыёмныя маці і іх дзеці. І ў кожнай сям’і – свая гісторыя, часам сумная, поўная праблем і турбот, з якімі бацькі спраўляюцца сам-насам, а часам – шчаслівая з сапраўдным хэпі-эндам.
Людзі, якія хочуць стаць прыёмнымі бацькамі, павінны дакладна ўяўляць, на што яны ідуць, і не думаць, што любоў можа ўсё. Паверце: палюбіць адзін аднаго вы зможаце не адразу, а толькі з часам. Сатрыце ў сваім уяўленні вобраз няшчасных анёлкаў і рыхтуйцеся да “вайны”. Калі вы чакаеце ад прыёмнага дзіцяці ўдзячнасці толькі за тое, што вы ўзялі яго з прытулку або інтэрнату, вымушана вас расчараваць – не дачакаецеся.
Быць прыёмнай мамай або дзіцем – гэта карпатлівая штодзённая праца, і гэтую работу мы са сваім Сенем выканалі на “выдатна”.
(Тым, хто, чытаючы артыкул, перш за ўсё імкнецца вызначыць, пра каго ідзе гаворка, паведамляем: імёны герояў па этычных прычынах зменены, супадзенні з рэальнымі фактамі выпадковыя).
----------------------------------------
Падрыхтавала Алёна ГАНУЛІЧ.

