"ПСИХОЛОГиЯ". Лечимся сказками
Усе хваробы пачынаюцца з дзяцінства. Менавіта адтуль бярэ свой пачатак дарога да сябе, сваіх перамог, расчараванняў і дасягненняў. З той пары пачынаецца вера ў казкі, якая пры першым судакрананні з рэчаіснасцю часта рассейваецца – і знікае. Часам менавіта расчараванні пакідаюць усё менш месца казачнаму. Але такі стыль жыцця і ўзаемаадносінаў не адпавядае ўнутранай прыродзе чалавека, пагэтаму і прыводзіць да стрэсаў.Здаецца, што сёння дакладна “не да казак”, аднак яны жывуць. Аказваецца, яны яшчэ і дапамагаюць людзям. Многія практычныя псіхолагі казкатэрапію выкарыстоўваюць у сваёй рабоце як з дзецьмі, так і з дарослымі. Аб гэтым цікавым метадзе мы папрасілі падрабязней расказаць псіхолага, дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна Алену Іванаўну Змітровіч.
– У дзяцей да 10-12 гадоў пераважае “правапаўшарны” тып мыслення. Пагэтаму найбольш важная для іх развіцця і сацыялізацыі інфармацыя павінна перадавацца праз яркія вобразы. Казачным і міфалагічныя гісторыі – самы лепшы спосаб перадаць дзіцяці веды аб гэтым свеце. Калі першае дзесяцігоддзе жыцця ў маленькага чалавека добра складвалася (любячыя бацькі і настаўнікі сумесна з дзіцём чыталі і абмяркоўвалі казачныя гісторыі), то ў бессвядомым дзяўчынкі або хлопчыка фарміруецца своеасаблівы “банк” жыццёвых сітуацый – веды аб узаемаадносінах паміж людзьмі (прыклад: вобраз мачахі), маг чымасцях самарэалізацыі (прыклад: трансфармацыі Папялушкі ў прынцэсу) і г.д. Калі казачныя і міфалагічныя гісторыі не абмяркоўваліся з дзіцём, а проста чыталіся або расказваліся, гэты “банк” знаходзіцца ў пасіўным стане. Гэта добра, таму што рэсурс паспяховай сацыялізацыі (“прыпісвання” ў свет людзей) у дзіцяці ёсць, – расказвае Алена Іванаўна. – Казачныя і міфалагічныя гісторыі добра выкарыстоўваць у рабоце і з дарослымі людзьмі. Магчыма, казкі – гэта “пустякі” і “несерьезності”, аднак яны не разбураюць навакольны свет, а звяртаюцца да светлых і творчых бакоў чалавечай душы. Пагэтаму меркаванне, што казкі створаны толькі для малых, мне падаецца стэрэатыпным. Казкатэрапія з дзецьмі, падлеткамі і дарослымі актуальна. Хоць бы таму, што неабходна спыніць лавіну разбурэнняў, якія робіць чалавек. А зрабіць гэта можна, калі чалавек вяртаецца да свайго першапачатковага, “казачнага” ўспрыяцця свету. Казкі дапамагаюць зазірнуць у вочы таго дзіцяці, якое існуе ўнутры кожнага з нас. Таму што да пакрыўджанага ці недалюбленага дзіцяці, якое схавана ў цела дарослага чалавека, можна дастукацца толькі праз чароўны і казачны свет. Праз неверагодныя вобразы і карціны, калі сам мадэлюеш канец казачнай гісторыі, унутрана можна пражыць забытыя на гады крыўды і па-іншаму, чужымі вачамі (збоку, вядома, бачна лепш) паглядзець на ўласнае жыццё і праблемы ў ім. Чалавек, гартаючы старонкі кнігі з казкамі, пакуль яшчэ на бессвядома-сімвалічным узроўні “запускае” ўласныя працэсы гармоніі, становіцца тварцом уласнага жыцця. Праз некаторы час станоўча пачынае мяняцца стан, адносіны да сябе і акаляючага свету, аднекуль з’яўляюцца магчымасці і сілы, якія канструктыўна мяняюць калі не ўвесь свет, дык адносіны да яго – дакладна.
