"ПСИХОЛОГиЯ". "Если хочешь изменить мир - начни с себя"
На франтоне храма Апалона ў Дэлі кожнага, хто туды ўваходзіў, віталі тры надпісы. Адзін з іх гучыць так: “Пазнай самога сябе.” Са старажытных часоў да сучаснасці чалавек імкнецца пазнаць сябе, навакольны свет і людзей – і тым самым знайсці сваё месца ў жыцці.Сучасныя псіхалагічныя метады (часцей людзі называюць іх “тэстамі”) могуць дапамагчы чалавеку разабрацца ў сабе, а таксама даследаваць розныя бакі як самой асобы, так і яго сацыяльнага ўзаемадзеяння ў свеце людзей.
Пазнанне сябе – самааналіз, тлумачэнне ўласных паводзін і ўзаемаадносін – параджае такую з’яву, як самаадносіны, а яны, у сваю чаргу, фарміруюць самаацэнку. Як вядома, апошняя бывае трох відаў: адэкватная (чалавек рэальна глядзіць на сябе, ведае свае адмоўныя і станоўчыя якасці), заніжаная (чалавек у большай ступені лічыць сябе “дрэнным”, а не “добрым”, і ўся ўвага надаецца ўласным адмоўным якасцям) і завышаная (чалавек ўпэўнены ў сваёй заўсёднай “праваце”, станоўчыя якасці ўзводзяцца ў ранг дамінуючых, а адмоўныя ўвогуле не заўважаюцца).
Як правіла, менавіта ў самаадносінах хаваецца адзін з вектараў самаацэньвання.
Вашай ўвазе мы прапаноўваем невялічкі тэст “Якая/які я…?”, які дапаможа пазнаць сябе. Ну што, пачынаем?
Крок 1.
Гэты тэст можна рабіць у любых умовах і ў любы час. Аднак пажадана, каб вы знаходзіліся адны ў пакоі. Дапускаецца музыка, аднак не павінен быць уключаны тэлевізар, нават для фону.
Крок 2.
Вазьміце звычайны белы аркуш паперы і ручку або аловак.
Крок 3.
На гэтым этапе варта засяродзіцца і мысленна задаць сабе пытанне. Напрыклад: “Якая я сяброўка?”, “Які я тата?”, “Якая я дачка?”, “Які я муж?”.
Крок 4.
Пасярэдзіне аркуша правядзіце вертыкальную лінію. У залежнасці ад пастаўленага перад сабой пытання, злева запісвайце свае негатыўныя якасці “сяброўкі”, “таты”, “дачкі”, “мужа”, а ў правым слупку фіксуйце станоўчыя. Можна для гэтага абіраць як прыметнікі (напрыклад: добрая, плаксівая, грубы), так і словазлучэнні (да прыкладу: умею слухаць, абсякаю на слове і г.д.) Варта доўга не думаць, а пісаць тое, што першым прыходзіць у галаву. На гэты этап адводзіцца 10-15 хвілін. Можна нават зафіксаваць гэты час.
Крок 5.
Падлічыце колькасць якасцяў у кожным слупку.
Ключоў і складаных вылічэнняў у гэтым тэсце няма – усё вельмі проста. Калі вашы негатыўныя якасці дамінуюць над станоўчымі, то вашы самаадносіны да сябе як носьбіта пэўнай сацыяльнай ролі адмоўныя, і наадварот. “Роўнасць” слупкоў сведчыць аб тым, што “ружовых” або “пабітых” акуляраў на вас няма.
Варта адзначыць, што з дапамогай гэтай псіхалагічнай методыкі можна зразумець свае адносіны не толькі да сябе, але і да астатніх людзей. У такім выпадку трэба задаваць пытанне такім чынам:
“Які мой муж-дачка-сяброўка?” і г.д.
Гэтая методыка не сведчыць аб адэкватнасці вашага самаўспрыяцця: напрыклад, тэст паказаў, што калі вы ў большай ступені “негатыўная дачка”, то гэта ні ў якім разе не сведчыць, што вы дрэнная ў адносінах да сваёй мамы або таты, а толькі аб тым, што менавіта сябе вы так бачыце.
І, напэўна, варта задумацца, чаму адзін слупок даўжэйшы за другі – і, можа, нешта змяніць у сваіх поглядах? Таму што ўсім вядомая простая ісціна “працуе” і зараз: “Калі хочаш змяніць свет – пачні з сябе”.
