"ПСИХОЛОГиЯ". Чтобы помочь себе и ребёнку - обратитесь к специалисту

Ёсць дзеці, якія не звяртаюць увагі на людзей, цацкі, іншых дзяцей – яны быццам бы жывуць ва ўласным свеце. Яны не намагаюцца пазнаваць новае, знаёміцца, дзяліцца сваімі ўражаннямі… Яны не такія, як звычайныя дзеці, а асаблівыя: таму што жывуць з дыягназам “аўтызм”.

Па статыстыцы, глыбокі аўтызм сустракаецца толькі ў аднаго дзіцяці з тысячы і праяўляецца ва ўзросце 2-2,5 гадоў (пазней – 3-3,5 гадоў). У Астравецкім раёне – трое дзетак-аўтыстаў.
Паводле псіхалагічнага слоўніка, аўтычнасць (ад грэч. “сам”) азначае крайнія формы парушэння кантактаў, пераход з рэчаіснасці ў свет уласных перажыванняў.
Аўтызм – гэта медыцынскі дыягназ, і ставіць яго мае права толькі спецыяліст. Аднак бацькі таксама могуць заўважыць незвычайныя паводзіны свайго дзіцяці:
*не вытрымлівае працяглага кантакту “вочы ў вочы”;
*не адгукаецца на імя пры захаваным слыху;
*не звяртаецца па дапамогу, калі ўзнікаюць цяжкасці;
*не спрабуе чымсьці дзяліцца;
*адносіцца да іншага чалавека быццам бы да неадушаўлёнай рэчы;
*выяўляе дэфіцыт сумеснай увагі (не намагаецца прыцягнуць словам ці жэстам увагу іншых да прадмета, які яго цікавіць).

У немаўлят назіраецца адсутнасць “комплексу ажыўлення”, які характэрны для здаровых дзяцей. У дзяцей першых трох гадоў жыцця прыкметамі аўтызму могуць быць парушэнні сну, расстройства апетыту, агульнае хваляванне і беспрычынны плач. Такія дзеці адчуваюць страх перад новым, перад любой зменай у жыцці. Маленькія аўтысты часта гуляюць не з цэлай цацкай, а з адной яе часткай. Ім складана разумець пачуцці іншых людзей.
Шпаргалка для дарослых па ўзаемадзеянні з аўтычнымі дзецьмі
*прымаць дзіця такім, якое яно ёсць;
*улічваць дзіцячыя інтарэсы;
*строга прытрымлівацца пэўнага рэжыму і рытму жыцця, штодзённых рытуалаў;
*як мага часцей размаўляць са сваім сынам ці дачкой;
*пазбягаць ператамлення дзіцяці;
*цярпліва тлумачыць сэнс яго дзейнасці, выкарыстоўваючы наглядную інфармацыю (схемы, карты і інш.);
*калі дзіця зусім малое, патрэбна як мага часцей браць яго на рукі, прыціскаць да сябе і гаварыць пяшчотныя словы.

Бацькам, якія сутыкнуліся з праблемай аўтызму, не варта мітусіцца ўсёй сям’ёй у пошуках цудадзейнага выратавання ад хваробы. Для таго, каб дапамагчы і сабе, і дзіцяці, трэба звярнуцца да спецыяліста.


----------------------------------------------
Наталля БЛАХІНА,
псіхолаг карэкцыйнага цэнтра.


Фота з сайта ria-ami.ru.