"ПСИХОЛОГиЯ". Что должны знать родители будущих первоклассников?
Многія школьнікі ўздыхнулі з палёгкай: нарэшце скончыліся доўгія і нудныя ўрокі – можна хоць на некалькі месяцаў забыцца пра навуку і адпачыць у летніку, на вёсцы ў бабулі або проста бавіць час з сябрамі, а не карпець над падручнікамі. А для ўчарашніх дашкалят, выпускнікоў старэйшых груп дзіцячых садкоў, лета – вельмі адказная і доўгачаканая пара. Хутка ж у школу! Гульня “ў настаўніка” першага верасня стане для іх рэчаіснасцю.Разам з псіхолагам аддзела адукацыі, спорту і турызму Юліяй Альбінаўнай Ражко мы высвятлялі, што трэба ведаць бацькам будучых першакласнікаў.
– Юлія Альбінаўна, ва ўсіх ўстановах пачатковай адукацыі псіхолагі праводзяць тэсціраванне гатоўнасці дзетак да школы. Што яно сабой ўяўляе?–Тэсціраванне праводзіцца ў сакавіку, каб парэкамендаваць бацькам і выхавацелям, што трэба зрабіць, каб навучанне дзіцяці ў школе было пасільным, безбалючым, а галоўнае – паспяховым.
– Бацькі могуць прысутнічаць на тэсціраванні?
– Абавязкова павінен быць тата ці мама, асабліва калі дзіця трывожнае, уразлівае, няўпэўненае ў сабе або калі яно не наведвала дзіцячы садок.
Звычайна пры гэтым тэсціраванні мамы хвалююцца больш за сваіх дзяцей: імкнуцца падказаць “правільны” адказ, успрымаючы гутарку як экзамен па выхаванні, пагэтаму мы даём бацькам тэст-заданне, які дазваляе ўбачыць сферу інтарэсаў і дасягненняў малыша.
Адзначу, што тэсціраванне не праводзіцца, як кажуць, “у лоб”. Спачатку псіхолаг знаёміцца з усёй групай, гуляе з дзецьмі, а пасля запрашае ўсіх жадаючых выканаць заданні.
– Ці могуць памыляцца гэтыя тэсты?
– Мы выкарыстоўваем праграму РЭФЕРЭНТ. Яна – усяго толькі інструмент у руках спецыяліста – як скальпель у хірурга ці смычок у скрыпача. Калі працэдура тэсціравання граматна праведзена, то вынікі будуць дакладнымі. І псіхолагі неаднаразова пераправяраюць нізкія вынікі. Хачу адзначыць, што ўсе методыкі адобраны кафедрай агульнай і дзіцячай псіхалогіі БДПУ імя М.Танка.
– Дык што такое “гатоўнасць да школы”? Многія бацькі лічаць: калі дзіця ведае літары, умее чытаць, складаць і адымаць, яго адназначна можна выпраўляць у школу.
– Галоўную ролю іграе фізіялагічная гатоўнасць. Інакш кажучы, дзіця павінна “саспець” да школы. Калі яе няма, то вучыць малога няма сэнсу: гэта будзе выключна дрэсура накшталт цыркавой. У далейшым могуць узнікаць праблемы з граматным пісьмом, складанасці пры чытанні, калі дзіця не можа пераказаць прачытанае.
Ёсць лёгкі спосаб вызначыць фізіялагічную гатоўнасць. Прапануйце дзіцяці (галоўнае – не нахіляючы галавы) дацягнуцца правай рукой да левага вуха (рука ў выглядзе мосціка над галавой).
Не менш важнай з’яўляецца матывацыйная гатоўнасць дзіцяці. Для чаго яно ідзе ў школу – пазнаваць новае, сябраваць, атрымліваць адзнакі? А можа, дзіця хоча хутчэй стаць дарослым? Ці яму падабаецца новы заплечнік? Ці хоча ўвогуле малое ісці ў школу?
Да інтэлектуальнай гатоўнасці дзіцяці да школьнага навучання поруч з вызначаным узроўнем развіцця мыслення адносяцца таксама дастатковая ступень развіцця разнастайных відаў памяці і адвольнай увагі.
Варта сказаць пра здольнасць да самакантролю. Навучанне ў школе мае на ўвазе самастойную вучэбную работу ў класе і дома. Без аптымальна развітай здольнасці да самакантролю такая работа будзе вельмі цяжкай.
– Ёсць меркаванне, што гарадскія дзеці ў адрозненне ад сельскіх больш падрыхтаваныя да школы. Гэта міф або рэальнасць?
– Мяркуйце самі. Не першы год высокі ўзровень падрыхтоўкі паказваюць выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г. Астравец. Аднак ім не саступаюць і дзеткі з Кямелішкаўскага і Варнянскага НПК.
Напрыклад, у гэтым годзе мы звярнулі ўвагу на чатырохгадовую выхаванку Рытанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, якая з лёгкасцю справілася з заданнямі для шасцігадовых дзяцей.
Добрая падрыхтоўка сельскіх дзетак пацвярджаецца і вынікамі мінулагодняй навукова-практычнай канферэнцыі для дашкольнікаў. Нагадаю: першае месца падзялілі выхаванцы Рытанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і ясляў-сада №2 г. Астравец.
– Якая сітуацыя сёлета склалася ў нашым раёне з гатоўнасцю дзяцей да школы.
– У Астравецкім раёне абследавана 271 дзіця, 97,5 працэнтаў хлопчыкаў і дзяўчынак інтэлектуальна гатовы да навучання. Для параўнання: у мінулым годзе гэта лічба складала 94,2 працэнты, у 2013 годзе – 92,6, у 2012 – 93 працэнты.
Крыху іншая сітуацыя назіраецца з матывацыйнай гатоўнасцю: вучэбная матывацыя характэрна для 76,3 працэнтаў дзетак. Інакш кажучы, колькасць дзяцей, якія могуць вучыцца, расце, а колькасць тых, якія хочуць атрымліваць веды, зніжаецца.
– Што рабіць бацькам у такой сітуацыі?
– Тэсціраванне праводзіцца ў сакавіку менавіта для таго, каб псіхолагі сумесна з выхавацелямі і бацькамі намецілі індывідуальны план падрыхтоўкі дзіцяці да школы.
Існуе шмат гульняў і практыкаванняў, якія дапамогуць эфектыўна, хутка, а галоўнае – ненавязліва развіць тую ці іншую якасць і сфарміраваць у дзіцяці вучэбную матывацыю.
Калі псіхолаг не рэкамендуе аддаваць дзіця сёлета ў школу, варта прыслухацца. Асабліва калі сыну ці дачцэ спаўняецца 6 гадоў у жніўні-верасні. Аднак варта памятаць, што пашпартны ўзрост можа разыходзіцца з біялагічным. Дзеці развіваюцца па-рознаму, індывідуальна, і гэта варта ўлічваць. Калі мы прыспешваем дзіця, калі навучанне ў школе пачынаецца не ў тым узросце ці дзіця ўвогуле да яго не гатова, з вялікай верагоднасцю можна прагназаваць будучыя школьныя праблемы.
– А калі наадварот: дзіця спрацавала па тэстах на “дзясятку”, – на што варта звярнуць увагу летам?
– Самае галоўнае – не адбіць у яго ахвоту, фарміраваць і развіваць матывацыю дасягненняў: калі дзіця нечым займаецца не таму, што яму далі заданне, прымусілі, а таму, што гэта цікава і захапляюча. Патрэбна аналізаваць дасягненні дзіцяці (што атрымалася? што змог зрабіць?), а не працаваць над памылкамі.
У псіхалогіі ёсць такое паняцце “імпрынтынг” – захаванне. Калі першае знаёмства са школай будзе станоўчым – усё будзе добра, калі адмоўным – спатрэбіцца шмат намаганняў, каб гэта выправіць.
Жадаю дзеткам і бацькам, каб першае знаёмства аказалася добрым!
– Дзякуй вялікі за размову!
Памятайце!
Гарантыя паспяховага навучання дзіцяці – у стварэнні атмасферы любові і ўсеагульнай падтрымкі, якія садзейнічаюць развіццю дзіцячых талентаў.
---------------------------------------
Алёна ГАНУЛІЧ.
