Проверка на готовность к учебному году школ Островетчины

Штогод перш, чым школьнікі прыйдуць у школу, адбываецца праверка гатоўнасці школы да пачатку новага навучальнага года спецыяльна створанай для гэтага камісіяй.


Пры словах “аб’езд школ” уздрыгваюць нават самыя вопытныя дырэктары – строгая камісія нічога не прапусціць... Вось і сёлета на працягу некалькіх дзён камісія ў складзе супрацоўнікаў аддзела адукацыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і санітарна-гігіенічнай службы раёна аб’язджала школы і выносіла прысуд: гатовы ці не?
На першы дзень аб’езду было запланавана наведаць СШ №1 Астраўца, Дайлідскую СШ, Рымдзюнскія школы і дзіцячыя садкі з беларускай і літоўскімі мовамі навучання, Гервяцкія сярэднюю школу і дзіцячы садок, Варнянскі і Мальскі НПК. Камісію цікавіць усё: падрыхтоўка класаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, наяўнасць планаў вучэбнай і выхаваўчай работы, пажарная бяспека і, канешне ж, санітарна-гігіенічны стан кабінетаў і харчблоку.
Першы прыпынак – СШ №1. Школа даўно патрабуе не толькі касметычнага, але і капітальнага рамонту. Сёлета на яе падрыхтоўку да новага навучальнага года было затрачана 31 мільён рублёў. Гэта многа ці мала? Усё залежыць ад праблем, якія існуюць ва ўстанове. На першы погляд, усё чыста і акуратна – паклеены шпалеры, пафарбавана падлога ў класах, сцены ў фае. Але… Гэтага мала, бо капітальнага рамонту тут чакаюць ужо некалькі гадоў.
– Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, на якую давядзецца затраціць каля 60 мільёнаў беларускіх рублёў, – расказвае начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка. – А затым справа дойдзе і да капітальнага рамонту. Пасля рэалізацыі новага праекта, школа прадстане прыгожай і сучаснай.
Пакуль што ў школе цішыня і спакой. Але ўжо праз некалькі тыдняў яна напоўніцца 510 школьнымі галасамі. Класы ўжо чакаюць дзяцей. Гэтаксама, як і педагогі, якія пастаянна жывуць надзеяй на хуткую сустрэчу. А ў новага дырэктара школы – месяц назад яе ўзначаліла былы першы сакратар раённай арганізацыі ГА БРСМ Марына Мар’янаўна Кутовіч – шмат планаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі, школьнага стадыёна, бегавой дарожкі, ды і па рамонце ўсёй школы.
Ёсць пытанні да санітарна-гігіенічнага стану харчблоку і ва ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольгі Генадзьеўны Балаш.
– З 11 пунктаў прадпісання, якое было складзена пры планавай праверцы школы, выкананы толькі адзін, – гаворыць Вольга Генадзьеўна. – На харчблоку ўжо даўно неабходна рабіць капітальны рамонт, патрабуюць рамонту пешаходныя дарожкі, кабінеты фізікі і хіміі неабходна абсталяваць спецыяльнай мэбляй. І гэта далёка не ўсе праблемы, якія патрабуюць вырашэння ў першай школе.
Калі мы сабраліся выходзіць, пайшоў дождж. Праліўны, цёплы, пасля якога на дарозе ўтварыліся вялікія лужыны. Дождж, кажуць у народзе, да багацця. Хочацца спадзявацца, што менавіта яно і абрынецца на СШ №1, і ў хуткім часе школа сустрэне сваіх вучняў у абноўленым выглядзе.
Дайлідская школа таксама сустракае нас дажджом. Яна складаецца з двух будынкаў. У першым, што знаходзіцца ў вёсцы, вучацца вучні пачатковых класаў. Тут жа разбіты і школьны прысядзібны ўчастак, які сёння буяе добрым ураджаем агародніны. Вялікія качаны капусты, буракі, морква, фасоля – усяго гэтага багацця, спадзяецца адміністрацыя ўстановы, павінна хапіць да новага года, што зменшыць кошт харчавання дзяцей.
Другі будынак больш нагадвае лабірынт. Некалькі ўваходаў і выхадаў, у якіх можна заблудзіцца. Побач з будынкам спартыўная пляцоўка, гаспадарчыя пабудовы і прыбіральня – гэта адзіная ў раёне школа, дзе яна знаходзіцца на вуліцы.
Класы таксама іскрацца чысцінёй, пахне свежай фарбай. Сёлета тут замянілі лямпы і зрабілі касметычны рамонт – затрацілі 14 мільёнаў рублёў. Усё проста, але ўтульна і акуратна. Супрацоўніца санстанцыі зазначыла, што прадпісанні выкананы на 50 працэнтаў. Засталося абсталяваць спецыяльнай мэбляй кабінеты хіміі, фізікі і інфарматыкі, дакупіць некаторае тэхналагічнае абсталяванне на харчблок і ўсталяваць на ім выцяжку. Дробязь? А колькі гэта будзе каштаваць для невялікай школы?
Рымдзюнскія школы з літоўскай і беларускай мовамі навучання камісію сустракаюць разнаквеццем. Радуюць пышным цвіценнем клумбы і кветкавыя бардзюры, а ў школе гасцінна запрашаюць зайсці ў класы адчыненыя дзверы. У класах і на калідорах таксама ўсё абноўлена – падлога, сцены, класныя дошкі, стэнды.
У Рымдзюнскіх школах ужо адышлі ад аклейвання сцен шпалерамі – тут іх фарбуюць. Школа ад гэтага становіцца больш прыгожай, стыльнай, акуратнай. А яшчэ гэта значна танней, да таго ж практычна – пры забруджванні сцены можна памыць.
Кабінеты невялікія, акуратныя і чыстыя. Але і тут супрацоўнікі санітарнай службы заўважаюць: кабінеты інфарматыкі і хіміі не абсталяваны спецыяльнай мэбляй.
Спартыўная зала, у адрозненне ад кабінетаў, наадварот, уражвае сваімі памерамі. Яна ўжо таксама засумавала па дзецях і дачакацца не можа іх шчаслівага смеху. Але прыняць іх не зусім гатовая: пакуль што тут не працуюць душавыя і санвузлы.
Ззяе чысцінёй і харчблок. Але і тут камісія знаходзіць недаробкі: у абедзеннай зале недастаткова ўмывальнікаў для мыцця рук. “Каб іх устанавіць, неабходна “перавярнуць” паўшколы,” – заўважае дырэктар установы.
Рымдзюнскі дзіцячы сад з беларускай мовай навучання наведваюць 12 дзетак. За месяц, пакуль садок быў зачынены на касметычны рамонт, тут абнавілі падлогу і сцены – і цяпер зноў прынялі сваіх выхаванцаў.
Амаль столькі ж дзетак наведваюць дзіцячы садок з літоўскай мовай навучання. Ёсць тут спальны пакой, пакоі для гульні і прыёму ежы. Усё чыста і акуратна. На дзвярах надпіс: “Вам патрэбна ўдача? Вазьміце яе!”. І кожны можа “адарваць” сабе кавалачак удачы. Кожны дзень надпісы змяняюцца. Сёння табе жадаюць здароўя, заўтра – шчасця, а праз дзень – поспеху. Прыемна, і настрой адразу ж падымаецца.
Сёлета з добраўпарадкаваннем тэрыторыі Рымдзюнскага садка з літоўскай мовай навучання дапамаглі бацькі – адгукнуліся на заклік адміністрацыі і набылі дошкі для рамонту даху альтанкі. А вось абсталяванне на тэрыторыі садка фізкультурнай пляцоўкі яшчэ наперадзе.
Наступны пункт – Гервяцкі дзіцячы сад. Пабудаваны ён па тыпавым праекце. Акрамя неабходных памяшканняў для камфортнага знаходжання дзяцей тут ёсць актавая і спартыўная зала, дзе дзеці любяць бавіць час. Гервяцкі дзіцячы сад зусім нядаўна ўзначаліла малады кіраўнік Вольга Віктараўна Бяседская. Планаў у яе шмат. Пасля рамонту, які сваімі сіламі зрабілі работнікі садка, іх сем’і і бацькі дзетак, што наведваюць садок, ён выглядае даволі прыстойна. Але “нядрэмлючае вока” камісіі і тут заўважае недапрацоўкі: навесы альтанкі неабходна абсталяваць трохбаковай агароджай, асвятліць тэрыторыю садка знадворку, забяспечыць гарачай вадой асобныя памяшканні садка і папоўніць харчблок тэхналагічным абсталяваннем.
Гервяцкая сярэдняя школа набыла новы, сучасны выгляд падчас будаўніцтва аграгарадка ў 2005 годзе. Тады былі ўстаўлены шклопакеты, абноўлены калідоры і фае, з’явілася новая мэбля. З таго часу адміністрацыя, педагогі і вучні з клопатам і адказнасцю ставяцца да таго, што маюць. Штогод у школе робяць толькі касметычны рамонт – і сёння школа зноў гатова прыняць дзяцей. Засталося толькі ўстанавіць на харчблоку вентыляцыю і забяспечыць кабінет інфарматыкі спецыяльнымі крэсламі.
Дарэчы, кветкі ў гэтай школе паўсюль – і ў класах, і на калідорах, і, вядома, на вуліцы. Штогод адміністрацыя ажыццяўляе нейкую задумку па добраўпарадкаванні тэрыторыі. У 2005 годзе быў распрацаваны доўгатэрміновы план па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, і сёлета таксама не абышлося без новых прыгожых клумб і горак – з’явілася клумба ў выглядзе шахматнай дошкі і дэкаратыўны мосцік, а да першага верасня будзе абуладкаваны яшчэ і сухі ручаёк.
У Варнянскім НПК пад адным дахам мірна жывуць дашкольнікі і школьнікі. Пасля рэканструкцыі школы тут таксама стараюцца падтрымліваць парадак і чысціню. Вялікую ўвагу пры гэтым удзяляюць вучэбнай і выхаваўчай рабоце, арганізацыі харчавання і бяспекі дзяцей.
– Што датычыцца нашых прадпісанняў, то яны выкананы на 50 працэнтаў, – заўважае ўрач-гігіеніст В.Г. Балаш. – Зноў жа, як і ў большасці школ раёна, няма спецыяльнай мэблі ў кабінетах хіміі, фізікі і інфарматыкі, не абсталяваны душавыя пры спартыўнай зале, заклапочанасць выклікаюць санвузлы для вучняў 1-4 класаў.
Мальскі НПК таксама чысты і акуратны. Акрамя базавай школы, тут размясціўся дзіцячы сад, асобна выдзелены памяшканні для групы карэкцыйнага цэнтра. Месца хапае ўсім. Да таго ж утульнасць, створаная падчас капітальнага рамонту, які таксама прайшоў у рамках будаўніцтва ў Малях аграгарадка, так і б’е ў вочы. Радасна і прыемна, што адміністрацыі ўдалося гэта захаваць. Сёлета ў школе была пафарбавана толькі падлога, і больш увагі ўдзялілі вонкавым работам – абнавілі ніжнюю частку сцен будынка, пафарбавалі спартыўныя снарады, дзіцячую пляцоўку.
Гэта адзіная школа, наведаная ў той дзень, дзе амаль усе патрабаванні санітарна-гігіенічнай службы раёна былі выкананы. Адзіная заўвага, якая тычылася недастатковай колькасці пасцельнай бялізны для выхаванцаў дзіцячага садка, – аказваецца, на адно дзіця ў дашкольнай установе павінна быць тры камплекты бялізны – у хуткім часе, хочацца спадзявацца, будзе выканана.
Гэтак жа старанна ўстановы адукацыі аглядалі і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, давалі парады і заўвагі.
– Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ёсць ва ўсіх школах. У адных яны істотныя, у іншых – такія, якія можна выправіць за некалькі хвілін, – гаворыць прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. – Так, ва ўсіх наведаных школах няма самавыратавальнікаў. У Дайлідках, да таго ж, складское памяшканне не абсталявана маланкаадводам. У Гервяцкай і Варнянскай школах на шляхах эвакуацыі рассцелены дываны, у Мальскім НПК у падвале абсталявана бытавое памяшканне – гэта супярэчыць правілам пажарнай бяспекі. Але ў цэлым школы падрыхтаваны да пачатку новага навучальнага года, засталося толькі выправіць невялікія парушэнні.
За тры дні камісія аб’ехала ўсе школы і садкі раёна. Вердыкт: усе яны, пасля выпраўлення заўваг і прапаноў камісіі, 1 верасня прымуць дзяцей – у вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў пачнецца новы навучальны год.



---------------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.