Провели мастер-класс для отдыхающих в лагере

Пакуль дзеці адпачываюць у летніках, педагогі працуюць. На днях група педагогаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адправілася па лагерах, якія працуюць у нашым раёне. Адправіліся яны не з пустымі рукамі – з сабой узялі шэраг матэрыялаў і нарыхтовак, з якіх вучылі дзяцей рабіць прыгожыя рэчы.

Першы  дэсант  педагогаў высадзіўся  ў  “Ластаўцы”.  Тут майстар-клас па паперапластыцы і квілінгу правялі Валянціна Вільеўна Віннічак  і  Аксана  Уладзіміраўна Вакуліч.  Спачатку  педагогі  разам з дзяўчаткамі рознага ўзросту зрабілі з паперы сумачкі, а потым упрыгожылі  іх  кветкамі  з  яе  ж, выкананымі ў тэхніцы квілінг.
Яшчэ  адна  група  дзяцей удзельнічала ў майстар-класе па выяўленчым мастацтве. Аляксандра  Мікалаеўна  Букель  вучыла дзяўчынак і  хлопчыкаў ствараць карціны  з  дапамогай    фарбаў  і  пальцаў.  Атрымалася  прыгожа  і непаўторна – і  калектыўная работа “Летні пейзаж” сёння ўпрыгожвае сцяну піянерскага пакою.
А  пакуль  дзяўчынкі  займаліся творчасцю, хлопцы пад кіраўніцтвам педагога  цэнтра  творчасці  дзяцей і моладзі Андрэя Казіміравіча Страцэўскага дэманстравалі ўменне гуляць у міні-футбол. Тры каманды – “Тарнада”, “Барселона” і “Халі-Галі” – змагаліся за права стаць пераможцамі турніру. Фартуна на  гэты раз усміхнулася камандзе “Халі-Галі” – менавіта яна стала пераможцай турніру. У кожнай камандзе былі выбраны і лепшыя ігракі. Імі сталі Максім Бодак, Саша Герасім і Максім Шостак – і школьнікі, і іх каманды былі ўзнагароджаны граматамі ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А ўсе разам правялі яшчэ адзін цікавы і пазнавальны дзень летніх канікул.


_________________


Алена ЯРАШЭВІЧ.